• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каляды далёка ад дому. Паштоўкі беларускай эміграцыі 1940‑х — 1960‑х

    Сёння паштоўка — прыемны сувенір з серыі «дадатак да...». Раней — самадастатковы артэфакт. Замест сацыяльных сетак і тэлефонаў у 1940-х — 1960-х была звычайная пошта. А выбар, падпісванне, высылка, чаканне ды атрыманне ліста ці карткі — цэлы рытуал!..

    Тэмай святочных паштовак беларускай дыяспары на Захадзе ніхто ніколі грунтоўна не займаўся. Нават пра філатэлію БНР у выгнанні напісана больш. Пра калядныя паштоўкі ёсць публікацыя Наталлі Гардзіенкі больш як 10-гадовай даўніны ды… усё. А дарэмна. 

    Паштоўкі — лаканічны, але максімальна выразны дакумент эпохі. А яшчэ цікавы пласт культуры, які дазваляе зразумець, пра што думалі, марылі ды чым натхняліся нашы эмігранты больш за 60–70 гадоў таму ў Заходняй Германіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі ды Штатах. 

    Паспрабуем не толькі паказаць, але і «расчытаць» некаторыя з іх.

    У межах святочнай інфармацыйнай кампаніі «Гонар упрыгожвае» распавядаем пра ўнікальныя беларускія традыцыі святкавання Калядаў і Новага года ды «расчытваем» беларускія паштоўкі.

    Першая генерацыя дыяспарных калядных паштовак была выдадзеная ў лагеры для перамешчаных асобаў (DP) у Ватэнштаце, Заходняя Германія, напрыканцы 1940‑х. Туды траплялі беларусы, якія не хацелі вяртання ў СССР. Цяжка паверыць, але нават ва ўмовах абмежаванай свабоды, адсутнасці грошай і працы беларускія скаўты знайшлі магчымасці для друку!

    Два найбольш вядомыя сюжэты — гэта калядоўшчыкі з зоркай ды ваяры ля вогнішча ў зімовым лесе. Паштоўка з ваярамі найхутчэй — адсыл да паваеннай антысавецкай партызанкі ў Беларусі. Да пачатку 1950‑х эмігранты верылі, што трывае не толькі барацьба на Радзіме, але зусім хутка — новая вайна ды вяртанне дадому са зброяй…

    Падобны матыў — паштоўка, выдадзеная ў Брысбене (Аўстралія) на пачатку 1950‑х. Яе выдалі таксама скаўты, мілітарны сюжэт — заканамерны. Тут ваяр стаіць на адным калене, а ў небе — калядная зорка, надзея. Адзнакі ваяра (пятліцы з падвойным крыжам, шчыток на рукаве, шалом нямецкага ўзору) кажуць пра тое, што маляваў ці кансультаваў нехта з ветэранаў БКА ці іншай вайсковай фармацыі. Наіўная стылістыка нагадвае «акопную графіку» часоў Першай ці Другой сусветнай.

    У 1950‑х вайсковая эстэтыка адышла ўбок і саступіла месца больш традыцыйнай для Калядаў — лампавай і крыху настальгічнай. Учорашнія камбатанты ці скаўты знаходзілі сталую працу, абжываліся, заводзілі дзяцей. Адсюль — зімовыя пастаралі з ноткамі суму па Радзіме ў выглядзе вершаў Купалы, Бядулі, Буйло ці Сяднёва. Гэтыя паштоўкі ў Мюнхене друкавала выдавецтва «Бацькаўшчына», найперш вядомае кніжнымі выпускамі.

    У настальгічную тэму кладзецца паштоўка з выявай зімовай Вільні: катэдра і званіца пад снегам. Цікава, што віленская тэма яшчэ доўга не адпускала беларусаў на чужыне: шмат для каго гэта быў родны горад. Настальгічныя паштоўкі з выявамі Горадні ды іншых мясцовасцяў вядомыя, але гэта іншая гісторыя.

    Паводле Наталлі Гардзіенкі, у 1950‑х галоўным цэнтрам выдання калядных паштовак сталі ЗША. Гэтым найбольш займалася Згуртаванне беларускай моладзі ў Кліўлендзе. Пасля лагераў DP вялікая колькасць эмігрантаў з’ехала з Заходняй Германіі за акіян, што дало новы штуршок культурным праектам. Тут бачым культурны сімбіёз: цалкам «амерыканскія» сюжэты, але аздобленыя беларускімі надпісамі.

    З іншага боку — паштоўка з Дзедам Марозам ды ялінкай, на версе якой — чырвоная зорка. На першы погляд яна можа падацца «савецкай», але ў падобнай эстэтыцы ў часы нямецкага панавання 1941–1944 гг. у Беларусі выходзілі выданні для школьнікаў на калядную тэму. Свой, беларускі канон яшчэ не быў распрацаваны. З адметнага тут хіба рамка з нацыянальным арнаментам.

    Свой стыль, у якім пераплятаюцца гісторыя і царкоўная традыцыя, паўстаў на паштоўках брытанскіх беларусаў. Найбольш вядомая — выдадзеная на цвёрдым кардоне з выявай Жыровіцкай Божай Маці (адзіная з пералічаных, якую аўтару артыкула пашчасціла патрымаць у руках).

    Яшчэ адна — са скарынаўскай гравюрай: у Лондане захоўвалася багата старадрукаў, у тым ліку Біблія Скарыны, таму першакрыніцы былі пад рукой. Цяжка паверыць, але стваральнікі «Скарынаўкі» ў няпросты паваенны час, доўга не чакаючы, заняліся росшукам тых самых старадрукаў і рэліквіяў па еўрапейскіх букіністах ды сярод суайчыннікаў-эмігрантаў. Але гэта ўжо асобная гісторыя.

    Яшчэ адна паштоўка была дасланая грэка-каталіцкаму святару Чэславу Сіповічу ад нейкага Язэпа з Нотынгема. Картка з зімовым сюжэтам, а ўсярэдзіне — мапа Беларусі ды купалаўскія радкі лацінкай. Гэтая ж мапа выкарыстоўвалася ў англамоўных брашурах пра Беларусь, каб тлумачыць замежнікам, што ж гэта за краіна. Можна меркаваць, што паштоўка мела падвойнае прызначэнне: і для брытанцаў, і для беларусаў. На мапе выяўлена «ідэальная» Беларусь з мяжой далёка за Смаленскам, а назва Расіі прадубляваная як «Масковія».

    Да ліку «настальгічных» можна аднесці паштоўку з Канады з зімовым лесам і допісам «Краса роднай зямлі». Усярэдзіне — віншаванні, тэкст і ноты песні «Там, за рэчкаю» ды месца для асабістага подпісу. Фактычна, гэта ўжо складзены канон беларускай каляднай паваеннай паштоўкі на Захадзе: пажаданні + верш + арнамент + беларускі краявід.

    Нават у ідэальнай сітуацыі мы не змаглі б сабраць усе паштоўкі на тэму, бо вялікая доля выдавалася… прыватна. Не арганізацыямі, але прыватнымі асобамі, лакальнымі суполкамі ці парафіямі. Прыклад — віншаванне ад сямейнай пары Зоі ды Антося Маркевічаў. Гэта паштоўка-калаж, у якой скарыстаныя сюжэты іншых паштовак як устаўкі. Індывідуальныя віншаванні ды калажы — класіка Заходняга Свету. Але тыражы, ясна, малыя: для сваіх.

    Вяршыня эстэтычнага майстэрства дыяспарнай каляднай паштоўкі — сюжэты аўтарства Івонкі Сурвіллы ды яе бацькі Уладзіміра Шыманца. Гэта густоўная графіка з зімовымі беларускімі краявідамі ды помнікамі архітэктуры (царква ў Сынкавічах, Барыса-Глебская царква ў Горадні). Або — малюнак з дзяўчынкай, якая выглядае зорку ў калядным небе.

    Паштоўкі, пададзеныя вышэй, паходзяць са збораў БІНіМа ў ЗША ды Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане. Колькі падобных асобнікаў расцярушана дагэтуль па прыватных архівах ці калекцыях — невядома. Колькі з іх наогул не захавалася?.. Вялікае пытанне. 

    На добры розум даўно варта выдаць альбом ці каталог, прынамсі, вядомых асобнікаў — не толькі калядных. Тым больш цяпер, калі дзясяткі тысяч беларусаў паўтараюць шлях сваіх папярэднікаў — хвалі эміграцыі 1944 года.

    Алесь Кіркевіч, выявы паштовак паводле публікацыі Наталлі Гардзіенкі, budzma.org

    Чытайце яшчэ:

    Людзі з’язджаюць, але ствараюцца і развіваюцца новыя праекты: як жыве суполка беларускіх медыйшчыкаў у Батумі

    Психолог: К людям приходит понимание, что больше нет смысла надеяться и продолжать откладывать свою жизнь

    «Свет працягвае жыць далей, пакуль я замер паміж мінулым і будучыняй». Яўген Атцецкі пра сваю другую зіму ў Львове

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці