• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сербія павінна вызваліць Андрэя Гнёта і аказаць яму медыцынскую дапамогу — CPJ

    Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Сербіі неадкладна вызваліць беларуса Андрэя Гнёта і не выдаваць яго для экстрадыцыі ў Беларусь.

    Камітэт абароны журналістаў заклікаў вызваліць беларуса Андрэя Гнёта

    Андрэй Гнёт. Крыніца фота: DW

    Улады Сербіі затрымалі беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта 30 кастрычніка 2023 года на падставе ордэра на арышт, выдадзенага беларускім бюро Інтэрпола. З таго часу Гнёт знаходзіцца пад вартай у цэнтральнай турме ў Бялградзе. Яго стан здароўя значна пагоршыўся.

    У заяве камітэту адзначаецца, што сябар Андрэя Гнёта і былы журналіст Дзяніс Зыль 14 траўня расказаў CPJ, што Андрэй не атрымлівае медыцынскай дапамогі за кратамі.

    «Сёння ён напісаў, што зноў падаваў заяву на выдачу таблетак ад мігрэні і яе праігнаравалі, — сказаў Зыль. — Я бачу, што ён дзіўна піша».

    CPJ спасылаецца таксама на ліст Гнёта ад 11 траўня 2024 года. У ім беларус паведаміў, што ў яго часткова паралізаваная левая ступня.

    Беларускія ўлады абвінавацілі Андрэя Гнёта ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

    «Як краіна-кандыдат у Еўрапейскі саюз, Сербія не павінна паддавацца транснацыянальным рэпрэсіям з боку аўтарытарных рэжымаў, такіх як рэжым Аляксандра Лукашэнкі, вядомага ворага свабоднай прэсы, — заявіла каардынатарка праграм CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульназа Саід. Сербія павінна адмовіць Беларусі ў экстрадыцыі журналіста Андрэя Гнёта, неадкладна вызваліць яго і аказаць яму неабходную медыцынскую дапамогу. Беларускім уладам варта спыніць спробы выкарыстоўваць спіс асобаў у вышуку Інтэрпола ў якасці зброі, каб адпомсціць галасам нязгодных».

    Андрэй Гнёт рэжысёр, супрацоўнічаў з шэрагам незалежных інфармацыйных выданняў, у тым ліку з «Радыё Свабода». Адзін з заснавальнікаў незалежнага аб’яднання беларускіх спартоўцаў SOS BY, якое паўплывала на адмену ЧС-2021 па хакеі ў Беларусі.

    CPJ са спасылкай на інфармацыю Дзяніса Зыля адзначае, што падчас слуханняў у сербскім судзе Гнёт заявіў, што яго пераследуюць як журналіста, які змог сабраць вакол сябе групу спартсменаў і стварыць для іх кантэнт.

    Камітэт абароны журналістаў накіраваў Інтэрполу, Міністэрству ўнутраных спраў Сербіі і Следчаму камітэту Беларусі запросы на каментр па справе Гнёта, але не атрымаў ніякага адказу.

    Раней з заклікам вызваліць Андрэя Гнёта да афіцыйнага Бялграду звярнуліся партнёрскія арганізацыі праекту Media Free­dom Rapid Response (MFRS). Зварот падпісала Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама Міжнародны інстытут прэсы, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, Еўрапейскі цэнтр свабоды прэсы і СМІ, іншыя арганізацыі.

    CPJ адзначае, што на 1 снежня 2023 года, калі камітэт праводзіў свой апошні перапіс зняволеных, у Сербіі за кратамі не было журналістаў, за выключэннем Андрэя Гнёта. Яго не ўключылі ў статыстыку з‑за адсутнасці інфармацыі пра журналісцкую дзейнасць. Беларусь на той момант была трэцяй у свеце па колькасці зняволеных журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці