• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ларыса Шчыракова ўжо ў гомельскай жаночай калоніі № 4

    Паколькі да суда Ларысу Шчыракову трымалі ў гомельскім СІЗА, то доўгага этапавання ў месца адбыцця пакарання не было: яе проста перавезлі з ізалятара, які месціцца на вуліцы Кніжнай, у ПК № 4 па вуліцы Антошкіна. 

    31 жніўня суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля агучыў  журналістцы вырак: тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай штрафу памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Тут жа, у зале суда, Ларыса Шчыракова абвясціла, што не будзе падаваць апеляцыйную скаргу на прысуд, бо не лічыць гэта мэтазгодным, бо яшчэ нікому з асуджаных журналістаў ці грамадскіх дзеячаў не ўдалося дамагчыся змякчэння пакарання ў судзе вышэйшай інстанцыі. Днямі яе перавялі ў калонію.

    Гомельская жаночая папраўчая калонія № 4 месціцца ў Чыгуначным раёне абласнога цэнтра, непадалёк ад «Гомсельмаша». Гарадскім мінакам не відаць, як працякае жыццё за высокім плотам  з калючым дротам пад электрычным напружаннем. Але гомельскім праваабаронцам вядома, што на тэрыторыі калоніі ёсць некалькі двухпавярховых цагляных баракаў 1970‑х гадоў пабудовы, медпункт, пральня, карпусы з кравецкай вытворчасцю.

    У такіх умовах Ларысе Шчыраковай давядзецца правесці досыць працяглы тэрмін — каля двух з паловай гадоў (час утрымання ў СІЗА лічыцца як «дзень за паўтара», і жанчына ўжо правяла пад вартай практычна 8 месяцаў, гэта значыць, яна адбыла амаль што адзін год з прысуджанага тэрміну). За кратамі Ларыса Шчыракова сустрэла сваё 50-годдзе.

    Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года, перад тым супрацоўнікі ГУБАЗіКа правялі ператрус у доме, дзе журналістка жыла ўдвох з непаўнагадовым сынам Святаславам. Хлопца ў дзень затрымання маці міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Служба апекі не дазволіла забраць Святаслава ні дзядулю, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, з якім Ларыса даўно ў разводзе, але на выклік сваякоў ён адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска.

    Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Ларысу Шчыракову звінавацілі ў тым, што яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».

    Якія гэта звесткі — невядома, бо суд быў закрыты, і з усіх удзельнікаў працэсу ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Таксама журналістка, паводле абвінавачання, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».

    Нагадаем, рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ тэлеканал «Белсат» і яго сайт на YouTube-канале, а таксама акаўнты ў Telegram, Insta­gram, Twit­ter, Face­book, VK і «Одноклассники» былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. «Гомельская вясна» і афіляваныя з ёй сацсеткі абвешчаныя такімі 9 жніўня 2023 года — калі ўжо ішоў суд над Шчыраковай. Да ўсяго, два гады таму, яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, жанчына публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі.

    Але гэта не паўплывала на рашэнне суда. Шчыракову прызналі вінаватай паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369–1 Крымінальнага кодэкса  (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

    22 верасня, праз тры тыдні пасля прысуду,  Міністэрства ўнутраных спраў РБ дадала Ларысу Шчыракову ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».  

    Чытайце яшчэ:

    На ўдзельнікаў трансляцыі марафону салідарнасці з палітвязнямі МУС завяло крымінальную справу

    Ольга Горбунова: «Десятки людей уже получили помощь, собранную во время онлайн-марафона»

    У Вільні судзяць юрыста Данелюса, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці