• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мытня: Ніякіх выключэнняў для журналістаў няма

    31 мая на літоўска-беларускай мяжы (пераход Каменны Лог) журналіст Алесь Сіліч вымушаны быў заплаціць больш за 300 еўра мытнага плацяжу за тэлекамеру.

    Тэлежурналіст-фрылансер, беларускі грамадзянін Алесь Сіліч быў у Літве ў камандзіроўцы па заданні польскага інфармацыйнага агенцтва “N.E.W.S. Infor­ma­c­je” і вяртаўся ў Мінск рэйсавым аўтобусам.

    Пры сабе ў яго была прафесійная відэакамера, якую прадаставіла яму ў карыстанне агенцтва. Пры мытнай праверцы, дзеля якой пасажыраў аўтобусаў звычайна просяць выйсці з рэчамі, супрацоўнікі мытні заявілі, што на такую камеру трэба скласці дэкларацыю.

    Паколькі яе кошту журналіст не ведаў, мытнікі вызначылі яго самастойна пры дапамозе нейкіх адмысловых каталогаў. (Прычым, па словах сп-ра Сіліча, лічба некалькі разоў мянялася.) У выніку сума, якую яму давялося заплаціць, дасягнула 305 еўра. Наяўных грошай у журналіста не хапіла, і ў выніку ён заплаціў крэдытнай карткай. Пакуль доўжылася ўся гэтая працэдура, аўтобус з пасажырамі трымалі на мяжы.  

    Па словах Алеся Сіліча, ён знаходзіўся ў стрэсавым стане: па-першае, за ўсю гісторыю яго камандзіровак за мяжу з гэтай жа камерай такі выпадак здарыўся ўпершыню. Па-другое, у яго склалася ўражанне, што супрацоўнікі мытні размаўлялі з ім як са злосным парушальнікам і таму не надта тлумачылі яму варыянты далейшага развіцця падзеяў. Журналіста таксама збянтэжыла тое, што камеру яны называлі “таварам” – нібыта разглядаючы яе як прадмет куплі-продажу. На довады пра тое, што камера – працоўная прылада, і што яе чалавек працуе журналістам, ніхто не зважаў.

    Прэс-служба ГА “БАЖ” звязалася з пунктам пропуску Каменны Лог, каб даведацца, як глядзяць на гэтую сітуацыю супрацоўнікі мытні.

    Суразмоўца, які назваўся “выканаўцам абавязкаў начальніка мытнага паста Каменны Лог”, патлумачыў, што асноўны дакумент, якім кіруюцца мытнікі ў такіх выпадках, – гэта “Пагадненне аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання праз мытную мяжу Мытнага саюзу” ад 18 чэрвеня 2010 г.

    Паводле дадатку 3 п.7 гэтага дакумента, калі чалавек часова вывозіць “тавары” (іх катэгорыі пералічаныя ў дакуменце) за мяжу і затым плануе ўвезці іх назад, то з мэтай пацвярджэння іх часовага вывазу ён павінен іх задэклараваць.

    “Калі ваш журналіст выязджаў, ён павінен быў правесці дэклараванне гэтай дарагой камеры, у двух асобніках. Адзін асобнік заставаўся б у мытных органах, а другі пасля запаўнення быў бы выдадзены яму на рукі, – зазначыў суразмоўца. – Ён гэтую дэкларацыю па дарозе назад прад’явіў бы, і ніякіх пытанняў бы не было. Ідэнтфыікавалі камеру (нумар, мадэль, марка) – і гэты тавар вызваляецца ад уплаты мытнага плацяжу. Калі ў дэкларацыі адсутнічацюць ідэнтыфікацыйныя прыкметы ці калі наогул адсутнічае такі дакумент – у інспектара няма падставаў даць дазвол на ўвоз тавару”.

    А што рабіць, калі ў чалавека няма пры сабе грошай, каб заплаціць на месцы?

    Як правіла, яму адмаўляюць ва ўвозе “тавару” і рэкамендуюць вярнуцца з ім на тэрыторыю суседняй дзяржавы. Можна таксама перадаць “тавар” іншым асобам, якія скіроўваюцца ў замежную краіну – забаронаў на такія дзеянні няма. Калі ж няма з кім перадаць, а ў самога чалавека, напрыклад, аднаразовая віза – тады складаецца пратакол затрымання тавару. “Самога чалавека, канешне, ніхто не затрымлівае, але яму давядзецца плаціць за захоўванне рэчаў на мытні, а гэта немаленькія грошы”, – кажа суразмоўца.

    Бываюць і больш непрыемныя сітуацыі: калі чалавек выбраў зялёны калідор, а пасля ў яго знайшлі “тавар”, які перавышаў вызначаныя нормы (вагу, кошт), то яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Калі ёсць сумневы, лепш спачатку параіцца з супрацоўнікамі мытні, а пасля вызначацца з колерам калідора, – раяць мытнікі.  

    Ніякіх выключэнняў для прафесійнай журналісцкай супольнасці мытныя дакументы не прадугледжваюць. Таму няма ніякіх гарантый таго, што ваша прафесійная прылада коштам больш за 1500 еўра, пераехаўшы мяжу без дэкларавання 20 разоў, не будзе спыненая на 21‑ы. З іншага боку, нельга гарантаваць і таго, што дэклараванне не пацягне за сабой праверак іншага характару.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці