• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «ліквідаванага» выдаўца Змітра Коласа павесілі судовыя выдаткі за працэс, ініцыяваны Мінінфармам

    Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі пакрыць затраты, якія панесла Міністэрства інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі прыватнага бізнесу. Эканамічны суд Мінска на падставе позвы ведамства ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрымальніка і абавязаў яго сплаціць амаль 800 рублёў судовых выдаткаў.    

    Непрыемным сюрпрызам для выдаўца аказалася патрабаванне Эканамічнага суда Мінска адносна кампенсацыі выдаткаў, якія панесла… Міністэрства інфармацыі.

    Як прагучала ў судзе, судовыя затраты ведамства па ліквідацыі апанента-прыватніка склалі 790 рублёў.

    На фоне таго, што засталіся фінансавыя абавязкі за ўзятыя ў працу замовы, а таксама неакрэсленасць з рэалізацыяй ужо надрукаваных накладаў, цяперашняе становішча выдаўца блізкае да банкруцтва. Таму Зміцер Колас вымушаны звярнуцца па дапамогу, каб прынамсі закрыць пытанні з кнігамі, падпісанымі да друку.

    Як паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў, позву Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. Кантрольнае ведамства настойвала на «прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання».  

    Нягледзячы на агучаныя Змітром Коласам аргументы, што не ў апошнюю чаргу дзякуючы менавіта ягоным высілкам кніжны рынак Беларусі ўжо больш за тры дзясяткі гадоў напаўняецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову, іх пакінулі без увагі.

    Прынамсі прызначаны на працэс суддзя Аляксей Русецкі не стаў пярэчыць заяўніку і 10 траўня пазоў задаволіў. Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў у выдавецкай сферы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць.

    Як стала вядома БАЖ, індывідуальны прадпрымальнік не будзе абскарджваць рашэнне суда. Па-першае, з прычыны «абсалютнай прадказальнасці» выніку апеляцыі, па-другое — праз непад’ёмныя матэрыяльныя выдаткі.

     Фармальнай падставай для пазову Мінінфарма стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў». Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў даследаванне «экстрэмісцкімі матэрыяламі», хоць уся фактура паходзіць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці. Зміцер Колас як выдавец нібыта парушыў «забарону на распаўсюд». 

    Гэтым праблемы не скончыліся. На пачатку сакавіка Змітра Коласа затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэта дзяржаўнай бяспекі ў межах справы з пашкоджаным расійскім ваенным самалётам у Мачулішчах. У выніку выдаўца вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў, друкара пакінулі за кратамі. 

    Пасля выхаду на волю ён паўдзельнічаў у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, збіраючы вакол свайго стэнда прыхільнікаў перакладной, спецыяльнай, дзіцячай літаратуры. Тады ніякіх прэтэнзій на ягоны адрас арганізатары не закідвалі, але неўзабаве выдавец апынуўся ў судзе.

    Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Пасля заканчэння перакладчыцкага факультэта Інстытута замежных моў працаваў у Алжыры і Сірыі, па вяртанні вёў спецкурс у сваёй альма-матэр.

    Ад канца 1980‑х засяродзіўся на выдавецкай справе — агулам у гэтым бізнесе блізу 35 гадоў. Першы практычны досвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, калі для профільнай дзейнасці было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку.

    На пачатку нулявых зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014‑м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла ліцэнзаванне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасведчання.

    Чытайце яшчэ:

    Для «палітычных», сілавікоў і чыноўнікаў абмежавалі выезд з Беларусі

    Рак не помеха. Суды безжалостно отправляют «политических» с тяжелыми болезнями в колонии — а вот что по закону

    Прапаганда на кані. Як незалежным медыя ўтрымаць пазіцыі?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці