• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На журналіста Уладзіміра Лапцэвіча склалі адразу 7 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні

    Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва склалі на Уладзіміра Лапцэвіча 7 асобных пратаколаў за кожны матэрыял, які быў апублікаваны ў тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва” за апошнія два месяцы. Магілёўскія падаткавікі прадаставілі супрацоўнікам міліцыі копіі падаткавых дэкларацый і іншых дакументаў.

    Журналіст Уладзімір Лапцэвіч наведаў Ленінскі РАУС, каб даведацца,  ці будзе ў адносінах да яго распачаты адміністрацыйны працэс. Як аказалася, ён ужо пачаўся.

    Маёр Яўген Слаўнікаў азнаёміў Уладзіміра Лапцэвіча з матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і са складзенымі ў адносінах да яго 7 пратаколамі аб адміністрацыйным правапарушэнні.

    Журналіста абвінавачваюць па ч. 2. арт.22.9 КаАП за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

    “У кожным пратаколе я зрабіў запіс, што “Прадукцыю СМІ я не вырабляў. Гэтым займаецца рэдакцыя СМІ, а не пазаштатны аўтар. Пасля гэтага падпісаў пратаколы”, — распавёў Уладзімір Лапцэвіч.

    Па словах Лапцэвіча, з матэрыялаў справы высветлілася, што яна была распачатая яшчэ 5 траўня, аднак яе прыпынілі з‑за адсутнасці доказаў. І тут на дапамогу міліцыі прыйшла інспекцыя №2 МПЗ па Ленінскаму раёну г. Магілёва. Магілёўскія падаткавікі прадаставілі супрацоўнікам міліцыі копіі падаткавых дэкларацый і іншых дакументаў Лапцэвіча.

    У міліцыі палічылі, што гэтага дастаткова, каб заявіць пра існаванне працоўных адносін паміж Лапцэвічам і “Нівай”.

    Таксама Лапцэвіча вельмі ўразіў “пратакол агляду месца прававапарушэння”, складзены супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Такім месцам правапарушэння міліцыянеры палічылі старонкі штотыднёвіка “Ніва” ў інтэрнэце. Свае подпісы пад гэтым пратаколам паставілі  Яўген Слаўнікаў, а таксама міліцыянеры Загорскі і Ваньковіч.

    “Па сутнасці, гэта пакаранне за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ”, — кажа Лапцэвіч.

    Ініцыявала ўзбуджэнне адміністрацыйнай справы ў адносінах да Уладзіміра Лапцэвіча УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пакуль журналісту не паведамілі, калі яго справа будзе разглядацца ў судзе, але ён чакае, што разгляд будзе ўжо хутка.

    Магілёўскія журналісты лічаць, што гэта адміністрацыйная справа — своеасаблівая помста спадару Лапцэвічу за яго актыўную пазіцыю па прадухіленню парушэнняў заканадаўства ў адносінах да журналістаў з боку магілёўскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў міліцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці