Салідарнасць усёй Еўропы. З’езд ЕФЖ выказаў падтрымку беларускім журналістам за кратамі
Удзельнікі з’езда Еўрапейскай федэрацыі журналістаў — лідары і прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў і асацыяцый рэгіёна — прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі медыя ў беларускіх турмах і ўкраінскімі журналістамі ў расійскім палоне.
Акцыя была прапанаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў і падтрыманая ўдзельнікамі з’езду.
Дзясяткі кіраўнікоў і прадстаўнікоў медыя з розных краінаў сталі з партрэтамі беларускіх і ўкраінскіх калег у знак салідарнасці з імі.
— Іх партрэты сёння бачыць уся Еўропа. Беларускіх медыйшчыкаў працягваюць катаваць у турмах, красці каштоўныя гады іх жыцця. Сёння ў нас няма магчымасці фізічна выцягнуць калег з‑за кратаў. Але мы не можам маўчаць пра гэтыя злачынствы ўладаў, не можам не думаць пра калег і іх лёсы. Уся Еўропа салідарная сёння з Беларуссю, — расказаў БАЖ намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі, які прадстаўляе БАЖ на з’ездзе ЕФЖ у Прышціне.
Таксама ён зазначыў, што для беларусаў вельмі важная Украіна.
— Украінскія журналісты ў расійскім палоне, як і беларускія медыйшчыкі, з’яўляюцца закладнікамі. Украінскія калегі былі схопленыя падчас паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў, з многімі з іх ужо доўгі час няма сувязі і звестак пра іх. Нашыя сэрцы з імі і з Украінай. Таму мы адразу прапанавалі гэту акцыю салідарнасці правесці разам, – падкрэсліў спадар Гарэцкі.
На дадзены момант 35 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя знаходзяцца ў беларускіх турмах, атрымліваючы прысуды ад двух да чатырнаццаці гадоў.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
#СвабодуЖурналістам
#BecauseTheJournalist