• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пастанова Камісіі па этыцы: у “Нашай Ніве” было парушэнне стандартаў

    Камісія па журналісцкай этыцы ГА “БАЖ” разглядзела заяву Марыі Мартысевіч, Аляксея Братачкіна, Ірыны Саламацінай і яшчэ 26 чалавек адносна факту парушэння журналісцкай этыкі на сайце NN.BY.

    ПАСТАНОВА

    Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 20 лістапада 2014 года

    Разгледзеўшы на сваім пасяджэнні заяву за подпісамі 29 вядомых у Беларусі асобаў, Камісія (у складзе Анатоль Гуляеў, Марына Загорская, Валерый Карбалевіч, Алесь Анціпенка, Любоў Лунёва, Анжэла Белуш, Зміцер Падбярэзскі) адзначае:

    На медыярэсурсе NN.BY з’явілася навіна “Скандал у Маскве: беларус згвалтаваў расійскую порназорку”. У “падвале” артыкула знаходзілася гіперспасылка “Анекдоты ў тэму”, якая выводзіла на старонку, што змяшчала 2 жарты. У тым ліку: “Калі беларус згвалтаваў расійскую порназорку, ён русафоб ці русафіл?”

    Па словах заяўнікаў, нягледзячы на шматлікія просьбы чытачоў выдаліць анекдоты, цалкам публікацыю (па стане на 21:00 1 лістапада 2014 г.) не прыбралі. Наадварот – рэдакцыя пачала прыцягваць увагу інтэрнэт-супольнасці да інцыдэнту, змясціўшы агулам 6 публікацый па тэме.

    Камісія адзначае, што, і на самой справе, пытанне згвалтавання памянёнай порназоркі і “анекдотаў у тэму” абмяркоўвалася на старонках “НН” у шэрагу матэрыялаў, у тым ліку, напрыклад, у матэрыяле “Ці павінна “НН” выдаліць анекдот «Згвалтаваў порназорку»? (30.10.2014 г.). У ім рэдакцыя “НН” ставіць пытанне пра наяўнасць гумару на старонках СМІ.

    Заяўнікі лічаць, што анекдот са зместам: “Калі беларус згвалтаваў расійскую порназорку, ён русафоб ці русафіл?”:

    - абражае канкрэтную ахвяру згвалтавання, а таксама ўсіх людзей, якія перажылі сэксуальны гвалт;

    - служыць распальванню міжнацыянальнай варажнечы.

    Заяўнікі просяць Камісію заклікаць рэдакцыю сайта NN.BY выдаліць абразлівы анекдот (калі на момант разгляду звароту анекдот яшчэ будзе на сайце) і прынесці прабачэнні чытачам, а таксама даць прававую і маральна-этычную ацэнку сітуацыі, што склалася.

    Камісія звяртае ўвагу на тое, што Кодэкс журналісцкай этыкі ГА “БАЖ” вельмі канкрэтна ўказвае на выпадкі такога кшталту. У ім пазначана:

    Неабходна ўважліва ставіцца да ахвяраў гвалту і няшчасных выпадкаў. Гэтае ж правіла распаўсюджваецца і на сведкаў і сваякоў пацярпелых. Асвятленне няшчасных выпадкаў і катастрофаў не павінна пераходзіць межаў, калі знікае належная павага да пакутаў ахвяраў і пачуццяў іх блізкіх”.

    Дэкларацыя прынцыпаў прафесійнай этыкі ГА “БАЖ” заклікае “… захоўваць правы і законныя інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі”.

    Што тычыцца названага анекдоту, ён недвухсэнсоўна паказвае на канкрэтную ахвяру. І з гэтай прычыны не мусіў быць надрукаваны ў газеце, якая трымаецца прафесійных стандартаў і прынцыпаў журналісцкай этыкі, бо абражае не толькі памянёную асобу, але і тых, каму давялося перажыць жах згвалтавання.

    Другі надзвычай важны момант палягае ў тым, што жарты і анекдоты на тэму згвалтаванняў, абразы чалавечай годнасці ўвогуле недарэчныя, цынічныя і непрымальныя з этычнага пункту гледжання – незалежна ад асобы і кантэксту.

    Наконт выкарыстання гумару на старонках СМІ: ён заўсёды вітаецца і прафесіяналамі, і наведнікамі сайтаў – справа толькі ў якасці і ўзроўні культуры. А выкарыстаны ў прафесійнай і паважанай газеце “Наша Ніва” анекдот падаецца сябрам Камісіі не вартым таго, каб друкавацца на старонках прыстойнага выдання.

    Што тычыцца распальвання міжнацыянальнай варажнечы, дык гэты матыў уяўляецца сябрам Камісіі сумніўным.

    Камісія па этыцы ГА “БАЖ” пастанаўляе:

    Падача цалкам прафесійнага матэрыялу пра згвалтаванне расійскай порназоркі ў такім кантэксце, як гэта было зроблена рэдакцыяй “Нашай Нівы”, недарэчная і парушае этычныя стандарты і прынцыпы, замацаваныя ў Кодэксе прафесійнай этыкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

     

    Старшыня камісіі Анатоль Гуляеў

    Сакратар камісіі Марына Загорская

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці