Настассю Мацяш, абвінавачаную ў супрацы з «Белсатам», прызналі палітзняволенай
Беларуская праваабарончая супольнасць у заяве ад 24 траўня паведаміла, што абвяшчае палітычнымі вязнямі шэсць чалавек. У тым ліку лінгвістку Настассю Мацяш, асуджаную па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат» да двух гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу.
Сёлета 19 красавіка Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Настассю Мацяш да 2 гадоў пазбаўленнем волі з адбыццём у папраўчай калоніі. Таксама суд прызначыў ёй штраф памерам 500 базавых велічынь (20 000 BYN) і пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы камп’ютар і мабільны тэлефон.
Суддзя Святлана Макарэвіч прызнала жанчыну вінаватай паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).
Паводле боку абвінавачання, Настасся Мацяш з чэрвеня 2021 года да лістапада 2023 года, «з’яўляючыся моўным кансультантам Польскага тэлебачання «TVP», у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал «Белсат tv Belsat», неаднаразова на загад кіраўніцтва «Белсат», прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем, ажыццяўляла правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія ў далейшым выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання «Белсат» для экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку шляхам стварэння і распаўсюду з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і сеткі Інтэрнэт, а таксама выконвала іншыя даручэнні па ўказанні кіраўніцтва «Белсат»».
«МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў», — гаворыцца ў заяве прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці.