• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Насту Лойка пакаралі 7 гадамі зняволення

    20 чэрвеня Мінскі гарадскі суд абвясціў вырак праваабаронцы Насце Лойка. З улікам закрытага фармату працэсу да апошняга не было вядома, які тэрмін запатрабаваў для актывісткі бок абвінавачання. 

    Справу, якая заняла ўсяго некалькі пасяджэнняў, разглядала суддзя Алена Шылько. З боку пракуратуры абвінавачанне ёй прад’яўляла Вольга Дзіндзялевіч, чыя пазіцыя за закрытымі дзвярыма так і засталася непачутай.

    Было толькі вядома, што Насту Лойка вінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — «распальванне сацыяльнай варожасці» за праваабарончы даклад.

    Вядомую праваабаронцу затрымалі летась 28 кастрычніка. Спачатку ёй прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту на падставе арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Пасля заканчэння арышту Наста Лойка на волю не выйшла, яе ізноў асудзілі на аналагічны тэрмін за тое ж «правапарушэнне». Затым былі яшчэ два запар перазатрыманні, пакуль не з’явіўся крымінальны «след». Пры канцы снежня палітзняволеную перавялі ў СІЗА № 1 Мінска.

    Паводле інфармацыі арганізацыі Human Con­stan­ta, на судзе Наста Лойка заявіла, што падчас арышту яе двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, дзе яе білі электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП на Акрэсціна вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін. У выніку жанчына цяжка захварэла. Аднак лекі для яе адміністрацыя так і не прыняла.

    Не стала перашкодай нават тое, што Камітэт ААН па правах чалавека 17 снежня 2022 года зарэгістраваў скаргу Насты Лойка, у сувязі з чым дзяржава абавязана гарантаваць заяўніку неадкладны доступ да незалежнай медыцынскай дапамогі, а таксама забяспечыць захаванасць яе жыцця і здароўя.

    Мала за тое, працяглы час не было нават вядома, у чым канкрэтна абвінавачваюць праваабаронцу. Толькі сёлета ў лютым стала вядома, што Насце Лойка інкрымінуюць «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці».

    Падставай стаў нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

    Судовы працэс над Настай Лойка пачаўся 13 чэрвеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе. На самым пачатку першага ж пасяджэння працэс зрабілі закрытым, таму падрабязнасці крымінальнай справы і пазіцыя фігуранткі невядомыя.

    Наста Лойка лаўрэатка прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі «Праваабаронца года».

    Чытайце яшчэ:

    Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў Расіі

    «Айфоны калег ускрылі спецыяльнай прыблудай на раз-два». Аповед журналістаў, чыю рэдакцыю знішчылі два месяцы таму

    Галоўны ідэолаг Віцебскай вобласці дазволіла праўладным журналістам сваволіць

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці