• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Найлепшая філія БАЖ-2015 – Віцебская! (ФОТА)

    19 снежня журы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” агучыла вынікі штогадовага конкурса рэгіянальных суполак.

    Напрыканцы кожнага года лідары суполак аналізуюць сваю працу і дасылаюць справаздачы, на падставе якіх вызначаюцца пераможцы.

    Журы, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі ГА “БАЖ” і супрацоўнікі цэнтральнага офіса, улічваюць адказнасць, крэатыўнасць сваіх сябраў у рэгіёнах, актыўнасць удзелу ў агульнаБАЖаўскіх мерапрыемствах, сітуацыю з уплатай сяброўскіх унёскаў і г.д.

    3‑е месца сёлета заняла Гомельская філія пад кіраўніцтвам Анатоля Гатоўчыца. “Гэтая філія, якой мы штогод дзякуем за сістэмную працу, праводзіць цікавыя прэс-туры, самастойна ладзіць міжрэгіянальны конкурс “За адданасць прафесіі” і шмат іншых мерапрыемстваў”, – нагадаў старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.  

    2‑е месца аддалі Глыбоцкай суполцы ГА “БАЖ”, якую ўзначальвае Таццяна Смоткіна. “Усе, хто быў на сёлетніх “БАЖынках” у Глыбокім, засталіся поўныя ўражанняў. А тым, хто не быў, застаецца толькі шкадаваць”, – зазначыў Андрэй Бастунец.  

    1‑е месца сёлета заняла Віцебская суполка ГА “БАЖ”, за якую адказвае Алена Сцяпанава. “Я шчаслівая не толькі таму, што ў мяне 32 сябры сваёй суполкі. Мы сябруем і з Полацкам, і з Глыбокім, таму сумаваць нам не даводзіцца”, – адзначыла Алена Сцяпанава.

    Журы таксама прысудзіла некалькі персанальных дыпломаў.  

    За спланаваную і паслядоўную дзейнасць на карысць журналісцкай супольнасці і грамадства дыпломы атрымалі Анатоль Санаценка (кіраўнік Бабруйскай суполкі), Юлія Катаржынская (Гродзенская суполка) і Святлана Гарда (Лунінецкая філія), якая нядаўна перадала свае паўнамоцтвы Андрэю Сыціну.  

    Сувеніры за персанальны ўнёсак у справы арганізацыі атрымалі Аляксандр Зянкоў (Барысаўская суполка), Барыс Вырвіч (Магілёўская суполка) і Алег Супрунюк (Брэсцкая філія).  

    Віцебск, Глыбокае, Полацк і Барысаў адзначылі за нейлепшую супольную прэзентацыю на імпрэзе да 20-годдзя ГА “БАЖ”.

    Зрэшты, ніводную суполку не абышлі ўвагай. Перш чым агучыць вынікі конкурса, намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец прапанавала праверыць, наколькі сябры арганізацыі з рэгіёнаў цікавяцца жыццём суседзяў. Яна агучвала асноўныя дасягненні года ў той ці іншай філіі, а госці павінныя былі здагадацца, пра якую з іх ідзе гаворка.    

    Прыемным сюрпрызам напрыканцы імпрэзы 19 снежня стала прэзентацыя дакументальнага фільма, знятага Аленай Сцяпанавай і Аляксандрам Зянковым пра сябра ГА “БАЖ” з Бешанковіцкага раёна, выдаўца газеты “Крывінка”, паэта, настаўніка, барда Георгія Станкевіча. (Відэа будзе даступна ў інтэрнэце пасля яго афіцыйнай прэзентацыі.)

    ФОТААЛЬБОМ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці