Папаўненне «экстрэмісцкага» спіса Мінінфарма: сацсеткі беларускіх службаў «Радыё Свабода» і Польскага радыё, відэаканала «Жизнь-малина» і іншыя рэсурсы
Міністэрства інфармацыі Беларусі 11 верасня абнавіла Рэспубліканскі спіс інфармацыйнай прадукцыі. У яго дададзеныя інтэрнэт-рэсурсы, што былі прызнаныя беларускімі судамі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» на працягу апошняга тыдня.
«Экстрэмісцкім» прызнаны кантэнт групы «Беларуская служба Польскага радыё» ў Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/radyjo). Рашэнне пра гэта 4 кастрычніка прыняў суд Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.
4 кастрычніка суд Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай» старонку ў Instagram беларускай журналісткі, былой палітзняволенай Вольгі Класкоўскай. Акаўнт мае назву «volhaklaskouskaya» і ідэнтыфікатар instagram.com/volhaklaskouskaya.
У той самы дзень суд Маладзечненскага раёна абвесціў забароненай таксама старонку ў Instagram з назвай «lichtar_by» і ідэнтыфікатарам instagram.com/lichtar_by, створаную беларускімі студэнтамі факультэта палітычных навук і журналістыкі Познаньскага ўніверсітэта (Польшча).
Суд Партызанскага раёна Мінска 4 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сайт abfby.org і старонкі ў сацсетках няўрадавай арганізацыі «Актыўнымі быць файна».
8 кастрычніка суд Валожынскага раёна Мінскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» змест YouTube-акаўнта «Жизнь-малинка» (ідэнтыфікатар @malina_shorts). Гэтая спасылка вядзе на відэаканал «Жизнь-малина» блогера Мікіты Мелказёрава.
8 кастрычніка суд Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кантэнт групы «Свабода АRT ǀ Беларусь» (ідэнтыфікатар vk.com/svaboda_art) у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Група мае 18 тысяч падпісчыкаў, яна з’яўляецца адным з праектаў беларускай службы «Радыё Свабода».