• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Полацкіх актывістаў Віктара Стукава і Мікалая Шараха спрабуюць дыскрэдытаваць, скарыстаўшы здымкі “Белсата”

    Невядомыя асобы выклалі ў інтэрнэт-сеціва відэаролік, у якім выкарыстаны матэрыялы сюжэта, паказанага на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт тычыўся дзейнасці “пярвічкі” СПБ (Свабоднага Прафсаюза Беларускага) на ААТ “Полацк-Шкловалакно”, сябрамі якога з’яўляюцца Віктар Стукаў і Мікалай Шарах. Аўтары відэароліка спрабуюць дыскрэдытаваць актывістаў.

    Паводле Мікалая Шараха, відэаролік быў часткай цэлай паклёпніцкай аперацыі:

    — У сацыяльных сетках нехта стварыў фэйкавыя старонкі з маім імем, і з іх распаўсюджваў лісты са зняважлівымі звесткамі пра майго сябра і калегу, БАЖаўца Віктара Стукава. Гэта былі  ілжывыя сведчанні пра ягонае асабістае жыццё, пра “крадзеж” нейкіх “3 тысяч прафсаюзных грошай”, пра ўцёкі ў Ізраіль — карацей, абсалютная хлусня, — распавядае Шарах. — Усё гэта паўтаралася і ў відэароліку, дзе нехта скарыстаў сюжэт “Белсата” з удзелам Віктара Стукава. Туды  дадалі яшчэ і сямейныя здымкі Віктара з сацыяльных сетак. Карацей, атрымалася брыдота. Мы паскардзіліся адміністрацыі youtube.com, і з гэтага канала ролік быў выдалены. Але асобныя часткі нехта працягвае распаўсюджваць праз Twit­ter.

    БАЖаўцы Мікалай Шарах і Віктар Стукаў кажуць, што хацелі б папярэдзіць журналісцкую супольнасць пра верагоднасць  выкарыстання матэрыялаў незалежных СМІ з мэтамі дыскрэдытацыі. Пра гэтую сітуацыю яны рыхтуюць артыкул для незалежнага сайта spbpolack.ru і бюлетэня “Стекляшка”, які суполка СПБ выдае на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”. 

    Што тычыцца цкавання ў сацыяльных сетках, то гэтая з’ява далёка не новая для незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў. Пра падобныя выпадкі, калі ў сацыяльных сетках невядомыя асобы змяшчалі абразы і паклёпніцкія звесткі, распавядалі гомельская журналістка Ларыса Шчыракова і віцебскія БАЖаўцы Алена Сцяпанава, Алена Шабуня, Павел Левінаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці