• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Публікуй! Камунікуй!»: Попыт на падтрымку медыястартапаў перавысіў чаканні ў два разы

    Гісторыя, мова, гендар — галоўныя тэмы ў заяўках, пададзеных на конкурс «Публікуй! Камунікуй!» Інкубатара медыястартапаў. Пераможцамі сталі 8 праектаў.

    «Публікуй! Камунікуй!»:  пераможцы

    Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Сhat­G­PT

    Інкубатар медыястартапаў — гэта спецыялізаваная праграма падтрымкі для новых і існуючых медыяпраектаў, накіраваная на развіццё кантэнту, навучанне каманд і атрыманне фінансавання.

    Інкубатар ладзяць Беларуская асацыяцыя журналістаў і The Free Media Cen­ter — некамерцыйная арганізацыя, створаная для падтрымкі медыя ў выгнанні, супрацьстаяння прапагандзе і дэзінфармацыі, а таксама для ўмацавання якаснай журналістыкі і свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Праграма праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.

    «Публікуй! Камунікуй!»:  пераможцы

    Конкурс «Публікуй! Камунікуй!» для новых праектаў у выгнанні падвёў вынікі — заяўкі прымаліся да 10 чэрвеня, потым іх разглядала журы. Пераможцы атрымаюць да 3 400 еўра ў якасці паўгадавой падтрымкі свайго праекту. Праграма падтрымлівае праекты ў розных фарматах, адрасаваныя найперш беларусам унутры краіны.

    Як распавёў БАЖ каардынатар Інкубатара медыястартапаў Вітаўт Руднік, арганізатары атрымалі 71 заяўку — «гэта як мінімум у два разы больш, чым мы чакалі».

    «З аднаго боку, гэта вельмі радуе, бо мы ўбачылі аграмадны спектр розных па тэматыцы праектаў, а з іншага боку, гэта, магчыма, сігнал пра тое, што сітуацыя з пошукам сродкаў цяжкая — людзі прэтэндуюць нават на невялікія сродкі, як у нашым выпадку», — сказаў Вітаўт Руднік.

    Сярод 71 заяўкі вялікую долю — 73% — займаюць ужо існуючыя праекты, 27% прыходзіцца на новыя.

    «Пераможцамі сталі восем праектаў, каманды якіх знаходзяцца ў Польшчы, Францыі, Нямеччыне, Літве і Грузіі. У ТОП‑8 трапілі шэсць існуючых і два новыя праекты — журы ацэньвала якасць заяўкі, а не «стаж» каманды», — патлумачыў каардынатар праграмы.

    Тэматыка заявак

    • Гісторыя, культура, спадчына — 47
    • Беларуская мова — 35
    • Жанчыны і гендар — 24
    • Музыка/мастацтва/кіно — 18
    • Лакальныя і рэгіянальныя тэмы — 16
    • Моладзь — 16
    • Ментальнае здароўе — 12
    • Малы бізнес — 6
    • Экалогія/клімат — 3
    • ЛГБТК+ — 4
    • Медыяпісьменнасць — 4
    • Правы чалавека — 2

    Тэматыка пераможцаў і галоўныя памылкі

    «Тэматычныя праекты пераможцаў групуюцца ў тры выразныя кластары. Гендар, жанчыны, сям’я — гэта самая шматлікая група. Тэма гісторыы і культурнай спадчыны ўключае тры праекты. Яшчэ два праекты тычацца мясцовых навін і візуальнай памяці. У пяці пераможцаў выразна дамінуе жаночая аўдыторыя. Зрэшты, жаночых праектаў было вельмі шмат, і гэта радуе», — распавёў Вітаўт Руднік.

    Вітаўт Руднік

    Вітаўт Руднік. Фота: Budzma.org

    Што тычыцца самых распаўсюджаных памылак, то Вітаўт Руднік найперш адзначае няўважлівае прачытанне ўмоваў конкурсу:

    «Напрыклад, было напісана, што праекты павінны быць найперш арыентаваныя на аўдыторыю ўнутры Беларусі, а некаторыя заяўнікі альбо не заўважалі гэтага прыярытэта, альбо ігнаравалі яго, альбо штучна «падцягвалі», бо па іх заяўках было зразумела, што найперш разлічаны праект на тых, хто выехаў. Канешне, гэта зніжала шанцы».

    «І яшчэ дзве заўважныя памылкі. Вельмі неканкрэтна апісаныя вынікі, спосабы праверкі гэтых вынікаў, то-бок няясна, што зменіцца дзякуючы гэтым праектам. Тое ж самае тычыцца каштарысаў. Не да канца зразумела, чаму такія пазіцыі ў каштарысе і ці будзе іх дастаткова на рэалізацыю праекта», — зазначыў каардынатар.

    Пакуль арганізатары не плануюць наступную хвалю прыёму заявак: «паглядзім, як скончыцца гэты інкубатар».

    «Што тычыцца рызыкаў для каманд, спадзяюся, усе разумеюць, што атрымаўшы фінансаванне на адзін праект, трэба не чакаць яго сканчэння, а шукаць дадатковыя рэсурсы на працяг, — заўважае Вітаўт Руднік. — Але нас цешыць, што сярод заявак было шмат каманд, якія ўжо маюць досвед працы. Спадзяюся, яны будуць працягваць працу і пасля Інкубатара, які проста дасць ім дадатковыя сілы і рэсурсы».

    Інвестыцыя ў будучыню

    Заснавальніца і дырэктарка The Free Media Cen­ter (з меркаванняў бяспекі БАЖ не называе імя суразмоўцы) зазначае: «Мы хацелі падтрымаць невялікія беларускія медыя, якія ўзнікаюць у выгнанні. Мы лічым у The Free Media Cen­ter, што гэта вельмі важны сегмент незалежнай медыяпрасторы. Маленькія медыя — мабільныя, больш гнуткія, яны падстройваюцца да інтарэсаў аўдыторыі, а таксама яны вельмі адчувальныя — ім лёгка мяняцца, ім лёгка расці».

    Таксама важна, што ўдзел у такіх стартапах — гэта досвед для журналістаў папрацаваць у тэхналагічных камандах, якія выкарыстоўваюць сучасныя сродкі. «Гэтыя медыя ідуць у нагу з аўдыторыяй, яны адчуваюць яе, разбіраюцца ў тым, якія механізмы і пляцоўкі зараз больш папулярныя і найбольш эфектыўныя. І з выкарыстаннем тэхналогій яны дасягаюць аўдыторыі ў Беларусі», — кажа яна.

    «І нам вельмі важна падтрымаць маладых журналістаў. Людзі, якія, напрыклад, у 2020‑м скончылі школу, сёння ўжо скончваюць універсітэты — і гэта новая генерацыя журналістаў у тым ліку.

    Але ў іх вельмі невялікія шансы атрымаць досвед у прафесіі і стаць беларускімі журналістамі. Таму наш Інкубатар мы бачым у тым ліку як дапамогу маладым людзям увайсці ў прафесію, хоць яна, канешне, сёння і не надта бяспечная і вельмі складаная, — зазначае дырэктарка The Free Media Cen­ter. — З другога боку, гэта — інвестыцыя ў будучыню, якая, спадзяюся, не дазволіць згубіць пакаленне маладых журналістаў. У будучыні яно будзе працаваць, веру, пасля дэмакратычных пераменаў у Беларусі для сваёй аўдыторыі, будзе складаць частку адноўленых беларускіх незалежных медыяў. Менавіта каб не згубіць гэта цэлае пакаленне у тым ліку і распачаты такі праект. Лічым, што гэта важна — і важна менавіта зараз».

    Кіраўніца цэнтру адзначае, што праект «патрапіў»: «Мы атрымалі водгук, чаканні пацвердзіліся, значыць, нашы планы былі правільныя. Адазвалася 70 каманд, у камандзе — 3–4 чалавекі. Агулам гэта больш за 200 чалавек, якія паўдзельнічалі, якія спрычыніліся да напісання заявак, якія генеруюць ідэі. Значыць, гэты сегмент жывы, вельмі актыўны і крэатыўны».

    Заяўкі цікавыя, але сродкаў няшмат

    «Мы, на жаль, зараз можам падтрымаць толькі 10% ад пададзеных заявак. Магчыма, падтрымаем яшчэ восем праектаў, гэта пакуль яшчэ не ясна. Але тое, што ў гэты сегмент варта інвеставаць, што яго варта развіваць — у гэтым я пэўная, — кажа дырэктарка The Free Media Cen­ter. — Сапраўды, гэта быў і гонар, і вялікая адказнасць, і радасць — чытаць заяўкі, глядзець, наколькі розныя яны, наколькі аўтары адгукаюцца на праблемы грамадства. І гэта не толькі пра палітыку (вядома, шмат гадоў беларускія медыя былі вельмі палітычна канцэнтраваныя), тут мы бачым і праекты культурніцкія — пра кіно, мастацтва, літаратуру, і пра правы жанчын, і шмат рэгіянальных праектаў.

    Гэта вельмі цікава і файна, калі каманды ў выгнанні працуюць для рэгіянальнай аўдыторыі, для сваёй аўдыторыі. Мне асабіста гэта вельмі падабаецца, што людзі ўсё роўна клапоцяцца пра свае супольнасці, нават не знаходзячыся ў краіне».

    Яна не выключае працяг праграмы:

    «Над гэтым працуем. Бачым, што Інкубатар медыястартапаў запатрабаваны. З другога боку, ёсць класная каманда, якая склалася і працуе. Гэта надзейныя калегі, з якімі можна працаваць і надалей. І я думаю, што такая магчымасць будзе».

    Конкурс як штуршок

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падкрэслівае: «Нават гэтая невялікая падтрымка невялікіх праектаў ва ўмовах крызіса фінансавання, немагчымасці атрымаць нармальную манетызацыю ў краінах выгнання, ёсць вельмі карыснай. Дастаткова паглядзець, колькі па яе звярнулася каманд».

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, 4 траўня 2026 года. Фота: БАЖ

    Старшыня БАЖ таксама не выключае, што будзе магчымасць падтрымаць крыху больш за колькасць вызначаных журы пераможцаў.

    «Праекты агучаныя як медыястартапы, хаця гэта не зусім стартапы — гэта праекты, якія існуюць невялікі тэрмін, некаторыя на момант конкурсу былі толькі ў стадыі арганізацыі. Спадзяюся, што конкурс можна расцэніваць як штуршок, не як сталую, зразумела, дапамогу, але пэўны штуршок, які, можа быць, дазволіць людзям пратрымацца пэўны час і рухацца далей», — зазначае Андрэй Бастунец.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.