Расія пераследуе італьянскіх журналістаў, якія паказалі захопленую УСУ Суджу
Федэральная служба бяспекі Расіі ўзбудзіла крымінальную справу супраць здымачнай групы тэлеканала TG1 за рэпартаж з горада Суджа, які кантралююць УСУ.

Стэфанію Бацісціні вельмі своечасова адклікалі з Расіі ў Італію. Скрыншот відэа
Прэзідэнт італьянскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі RAI Раберта Серджа незадоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы аб’явіў, што журналістка Стэфанія Бацісціні і аператар Сімонэ Траіні часова вернуты ў Італію, «каб гарантаваць ім іхнюю бяспеку і асабістую абарону», паведаміла BBC.
З‑за чаго так раз’юшыліся расійскія спецслужбы?
Рэпартаж італьянскіх журналістаў з горада Суджа Курскай вобласці, які ўкраінскія войскі ўзялі пад кантроль, выйшаў 15 жніўня. А 17 жніўня ФСБ аб’явіла пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па абвінавачанні ў «незаконным перасячэнні мяжы». За гэта пагражае да 5 гадоў зняволення.

Стэфанія Бацісціні размаўляе з украінскім вайскоўцам. Скрыншот відэа
ФСБ паведамляе, што вывучае і кейс замежнага карэспандэнта Ніка Пейтана Уолша, які таксама знаходзіўся на тэрыторыі горада Суджа Курскай вобласці.

Нік Патан Уолш таксама аказаўся ў прыцэле расійскіх спецслужбаў. Скрыншот відэа
МЗС Расіі выклікала амбасадара Італіі Чэчылію Піччоні і выказала рашучы пратэст.
Знешнепалітычнае ведамства РФ абвінавачвае італьянцаў у «грубейшым парушэнні расійскага заканадаўства і элементарных правілаў журналісцкай этыкі». МЗС закідвае журналістам папрокі, што яны выкарысталі сваё знаходжанне ў РФ «для абялення прапагандысцкай падтрымкі злачынстваў кіеўскага рэжыма».
Варта дадаць, што здымачная група тэлеканала TG1, якім валодае тэлекампанія RAI, — не адзіныя замежныя журналісты, якія пабывалі ў Суджы. Ці азначае гэта новыя крымінальныя справы супраць замежных журналістаў?
