Расійскія сілавікі ўзбудзілі крымінальныя справы супраць карэспандэнта CNN і дзвюх украінскіх журналістак
Федэральная служба бяспекі Расіі працягвае пераследаваць замежных журналістаў, якія здымаюць рэпартажы ў захопленай УСУ Курскай вобласці. Гэтым разам пад крымінальную справу трапілі журналіст CNN Нік Пейтан Уолш і ўкраінскія журналісткі Алеся Баравік і Дзіяна Буцко.

Нік Пэйтан Уолш таксама аказаўся ў прыцэле расійскіх спецслужбаў
Рэпарцёр Нік Пэйтан Уолш пабываў у горадзе Суджа, які кантралююць УСУ, у сярэдзіне жніўня. 16 жніўня на CNN выйшаў сюжэт пра разбураны пагранпераход гэтым горадзе. Праз тры дні пасля гэтага ФСБ Расіі заявіла, што вывучае кейс замежнага карэспандэнта. Сёння ж стала вядома пра ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы.
Журналісту закідваюць артыкул аб незаконным перасячэнні дзяржмяжы Расіі і пагражаюць верагоднасцю пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Карэспандэнтка ТРК «Украіна» Алеся Баравік. Скрыншот відэа
Па такім жа артыкуле расійскія сілавікі жадаюць прыцягнуць да адказнасці карэспандэнтку ТРК «Украіна» ў Сумскай вобласці Алесю Баравік, чый рэпартаж пра Суджу выходзіў у рамках украінскага тэлемарафона «Адзіныя навіны».

Журналістка медыя «Громадське» Дзіяна Буцко. Скрыншот сайта
А таксама журналістку медыя «Громадське» Дзіяну Буцко, якая здымала на вуліцах месца, што перайшло пад кантроль Украіны.
ФСБ Расіі паграджае найбліжэйшым часам абвесціць медыйшчыкаў у міжнародны вышук.
Вайна ў Курскай вобласці: як журналістам не апынуцца паміж двух агнёў?
Нагадаем, што 19 жніўня ФСБ Расіі ўзбудзіла крымінальную справу супраць здымачнай групы тэлеканала TG1 за рэпартаж з той жа Суджы. Прэзідэнт італьянскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі RAI Раберта Серджа незадоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы аб’явіў, што журналістка Стэфанія Бацісціні і аператар Сімонэ Траіні часова вернуты ў Італію, «каб гарантаваць ім іхнюю бяспеку і асабістую абарону».
