• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Самае галоўнае — не спыняцца». Беларуская фотамастачка расказвае, як сфатаграфаваць свой страх і натхненьне

    Марыя Чахоўская стварыла фатадзёньнік з пытаньнямі і заданьнямі для ўнутранага мастака, які жыве ў кожным. Радыё Свабода паразмаўлялі з творцай пра тое, як узьнікла гэтая ідэя, як карыстацца дзёньнікам і чаму ён важны.

    Марыя Чахоўская — беларуская фотамастачка, якая жыве ў Нямеччыне і працуе па ўсёй Эўропе. Ідэя стварыць фатадзёньнік у творцы сфармавалася каля году таму, але праца над ім пачалася толькі ўвосень 2022-га. У размове са Свабодай Марыя расказала пра незвычайны праект падрабязьней.

    «Каб не губляць кантакту з самім сабой»

    «Пасьля лютага яна стала больш яскравай, зьявілася ўжо выразная патрэба і сэнс, чаму я хачу гэта зрабіць. У мяне быў цяжкі пэрыяд, было складана канцэнтравацца на такой складанай працы, трэба было ўсе натхняльныя часткі аб’яднаць у адзін твор», — апавядае Марыя Чахоўская.

    Марыя кажа, што дзёньнік будзе цікавы ня толькі фотамастакам, а ўсім людзям, якія адчуваюць сьвет тонка і каму падабаецца назіраць за кожным днём.

    «Дзёньнік дапамагае праз назіраньне знайсьці ў паўсядзённасьці сэнс і натхненьне. Напрыклад, я не падзяляю як мастачка сваё жыцьцё на працоўныя моманты, паўсядзённасьць, дом ці штосьці такое. Для мяне ўвесь сьвет павінен быць натхняльным, я павінна назіраць заўсёды, таму вось гэты дзёньнік створаны для кантакту са сьветам вакол цябе. Мне хацелася зрабіць дзёньнік для ўсіх людзей, якім важна назіраць за гэтым сьветам і асэнсоўваць яго».

    Дзёньнік складаецца з 62 дзён, у кожным зь якіх сваё заданьне: што трэба рабіць, фатаграфаваць. Заданьні не абавязкова рабіць штодзень, каб усё ў спакойным тэмпе асэнсаваць, кажа Марыя.

    «На кожны дзень у дзёньніку я раю глядзець фільмы, кнігі, цытаты, дзялюся імёнамі фатографаў, якія мне цікавыя, якія мяне натхняюць, — гэта дадатковыя матэрыялы, калі чалавек рэальна хоча глыбока гэта рабіць. Часам ёсьць такія заданьні-разважаньні. Напрыклад, дзень, калі трэба ўявіць асацыяцыю са словам „дом“, падумаць, што гэта для цябе, візуалізаваць нейкія вобразы. Ёсьць і заданьні, дзе трэба скапіяваць свайго любімага мастака ці ўспомніць свой самы цікавы сон. Усё гэта такая рэфлексія, калі ты думаеш, пішаш».

    Фатадзёньнік нельга спампаваць. Чалавек, які купляе дзёньнік, атрымлівае доступ да сайту мастачкі на паўгода і праходзіць усё онлайн.

    «Але спатрэбіцца нейкі папяровы дзёньнік ці нататнік, куды можна будзе запісваць усе разважаньні. Заданьні ёсьць вельмі канкрэтныя, напрыклад сфатаграфаваць чалавека, які сьпіць. Або паехаць на вакзал, здымаць людзей. Але ёсць заданьні больш абстрактныя — перадаць фатаздымкам водар, гук альбо знайсьці дрэва, падобнае да цябе. Ёсьць заданьні, якія можна расьцягваць на шмат дзён», — тлумачыць фотамастачка.

    У дзёньніку ёсьць дні, калі трэба прапрацаваць свае страхі, успаміны.

    «Фатадзёньнік — гэта спосаб не шукаць сабе іншай рэчаіснасьці, а працаваць са сваёй. Я знаходжу натхненьне ня толькі ў пазытыўных момантах, спрабую працаваць з тымі пачуцьцямі, якія ёсьць, натуральнымі. Калі я штосьці адчуваю, нават сум, самоту, знаходзячыся ў Нямеччыне, я спрабую гэта перадаваць праз фатаздымкі. Самае галоўнае для мяне як для мастака — не спыняцца. Бо я разумею, што сваім мастацтвам таксама магу размаўляць зь людзьмі».

    «А ці магу я ўвогуле зараз глядзець на прыгажосьць сьвету, калі такое адбываецца?»

    Марыя кажа, што гэты дзёньнік дапамагае пражываць пачуцьці, якія ёсьць на кожны дзень.

    «Гэтая праца — канцэнтраванае кола майго жыцьця, па якім я хаджу. Дзень мне страшна — я фатаграфую свой страх. Дзень мяне натхняе — я фатаграфую самыя прыгожыя рэчы вакол сябе. Дзень я хачу пашукаць — я шукаю. То бок гэта такі натуральны стан любога мастака, які пражывае і цяжкія пачуцьці, і прыемныя».

    Фотамастачка прызнаецца, што пасьля пачатку вайны яна спынілася ў сваёй асабістай творчасьці, працавала выключна над абавязковымі праектамі.

    «Пасьля я падумала, што я не магу так, я не магу страціць сваю частку мастацкую. І мой мастак унутры проста рвецца, яму не хапае паўсядзённасьці. Мы цяпер адчуваем шмат сораму, розных пачуцьцяў, страхаў. Таму я праз фатадзёньнік спрабую знайсьці кантакт са сваім мастаком. Не праз адыход ад рэчаіснасьці, а каб рухацца наперад марудна, кожны дзень назіраючы за сьветам. Сёньня сьвет такі, заўтра ён будзе зьмяняцца і мы будзем на іншыя рэчы глядзець. Проста давайце не губляць кантакту з самім сабой».

    Марыя кажа, што гэтая праца для яе вельмі важная, яна нават цяпер сама праходзіць дзёньнік — выбірае выпадковыя дні і фатаграфуе.

    Пакуль дзёньнік існуе ў онлайн-фармаце, але Марыя ў будучыні хоча зрабіць і папяровы варыянт. Фотамастачка працягвае працаваць над рознымі праектамі ў Эўропе, здымае жанчын.

    Чытайце яшчэ: 

    Аляксандр Ждановіч: У тых, хто застаўся ў Беларусі, заціснуты рот, але не вочы

    СМІ ў Беларусі ў 2022 годзе

    Асуджаныя на працяглыя тэрміны белапанаўцы цяпер яшчэ і ў спісе “экстрэмістаў”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці