Журналіст Сяргей Сацук сустракае пятыя народзіны ў няволі. У яго праблемы са здароўем
15 красавіка былому рэдактару «Ежедневника» спаўняецца 58 гадоў. Вядомы журналіст-расследавальнік пяты раз сустракае дзень народзінаў у няволі.

Сяргей Сацук. Фота: «Наша Ніва»
Сяргей Сацук адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Паводле былога вязьня, які адбываў пакараньне ў той жа калёніі і нядаўна вызваліўся, здароўе Сяргея ў апошні час значна пагоршылася.
«Са здароўем вялікія праблемы. Адносна сэрца лекар сказаў, што яму трэба ставіць кардыёстымулятар, безь якога кожны дзень як лятарэя. Але ў калёніі ніхто гэта рабіць ня будзе. Плюс сур’ёзныя праблемы з падстраўнікавай залозай і хрыбетнікам, а ўсе патрэбныя лекі дасылаць не дазваляюць. Яму вельмі складана», — паведаміла крыніца, якая прасіла не называць імя зь меркаваньняў бясьпекі.
Сяргей Сацук, як і іншыя вязьні яшчэ не пэнсыйнага ўзросту, мусіць працаваць на вытворчасьці.
«Працуе на прамзоне, жалеза цягае. Лёгкай працы там няма», — адзначыла крыніца.
Журналіста-расьсьледніка, рэдактара беларускага парталу «Ежедневник» (ej.by) Сяргея Сацука ў кастрычніку 2022 году асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня і штраф у памеры 500 базавых велічынь.
«Зрабі нешта для краіны»: пашыраюцца спробы вярбоўкі журналістаў. Парады, як супрацьстаяць
У абвінаваўчым заключэньні супраць журналіста фігуравалі тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: артыкул 430 (атрыманьне хабару), артыкул 130 (распальваньне варожасьці ці варажнечы) і артыкул 426 (перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Праваабаронцы заяўлялі аб наяўнасьці палітычнага матыву ў перасьледзе журналіста, прызналі яго палітвязьнем і дамагаюцца вызваленьня.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні застаюцца 23 журналісты і супрацоўнікі беларускіх мэдыя.
@bajmedia