• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да журналіста Уладзіміра Хільмановіча

    Журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча вінавацяць паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса і прапануюць з’явіцца ў Гродзенскае абласное ўпраўленне Следчага камітэта.

    Уладзімір Хільмановіч. Фота: hpravy.org

    Пра гэта 13 сакавіка 2024 года паведаміў тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально».

    Запрашэнне праз афіцыйны тэлеграм-канал мае фармальны характар: Уладзімір Хільмановіч ужо некалькі год знаходзіцца за межамі Беларусі, бо быў вымушаны пакінуць краіну праз пераслед за грамадскую і прафесійную дзейнасць. Следчыя органы пра гэта ведаюць, а спецыяльная вытворчасць якраз і прадугледжвае завочны разбор судовых спраў — без удзелу фігурантаў.

    З афіцыйнага паведамлення вынікае, што Уладзіміра Хільмановіча вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». У ягонай справе фігуруюць дзве часткі адпаведнага артыкула:

    • частка 1 артыкула  361–4 — вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
    • частка 2 артыкула 361–4 — тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна ці групай асоб па папярэдняй змове альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў.

    Паводле гэтага абвінавачання журналісту пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў альбо зняволенне тэрмінам да 7 гадоў.

    Напрыканцы лістапада 2023 года, ужо ў адсутнасць журналіста ў Беларусі, следчыя наклалі арышт на мэблю і побытавую тэхніку ў кватэры, дзе Хільмановіч зарэгістраваны ў Гродне. Праз тыдзень, 1 снежня, следчыя прыйшлі таксама ў кватэру жонкі Уладзіміра Хільмановіча, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Тут правялі ператрус, забралі працэсар камп’ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. У кватэры жонкі сілавікі таксама арыштавалі побытавую тэхніку.

    Следчы Камітэт паведамляе, што спецыяльная вытворчасць распачатая і ў дачыненні да яшчэ аднаго гарадзенца — Сяргея Верамеенкі, былога ўладальніка крамы «Адметнасць», якая гандлявала сувенірнай прадукцыяй у нацыянальным стылі. Супраць яго высунутае такое самае абвінавачанне, як і супраць Уладзіміра Хільмановіча (часткі 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці