• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты – таксама героі (ФІЛЬМ)

    Неад’емная частка нашай прафесіі – гэта новыя знаёмствы і сустрэчы з людзьмі, якія становяцца героямі газетных артыкулаў, тэле- і радыёперадач. Мы радуемся, калі журналісцкі лёс зводзіць нас з цікавымі асобамі, пра якіх хочацца распавесці. Вось толькі ці часта мы заўважаем, што сярод нашых калег таксама ёсць вельмі неардынарныя людзі?

    Разважанні на гэтую тэму і прывялі да ідэі стварыць серыю дакументальных фільмаў пра журналістаў, выдаўцоў, распаўсюднікаў незалежных СМІ. Але паказаць іх не толькі ў звыклым прафесійным ракурсе.

    І першым, хто прыняў нас з Аляксандрам Зянковым у сваёй хаце, быў Георгій Станкевіч – паэт, бард, перакладчык, настаўнік нямецкай мовы, заснавальнік самвыдатаўскай газеты “Крывінка” і рэдактар сайта beshankovichy.by.

    Амаль суткі мы правялі побач з нашым героем. І вынікам нашага гасцявання ў вёсцы Старыя Ранчыцы, дзе жыве спадар Станкевіч, стала 14-хвілінная дакументальнай стужка “Я лічу, што я шчаслівы”.

    Мы імкнуліся распавесці незвычайную жыццёвую гісторыю: як дыпламаваны аграном і 23-гадовы дырэктар саўгаса  перакваліфікаваўся ў настаўніка; чаму вясковы гаспадар навучыўся,  папрацаваўшы на нямецкага “баўэра”; што сёння змушае выкладчыка нямецкай мовы трымаць трох кароў, дзясятак вулляў ды апрацоўваць 25 сотак зямлі; на якія грошы выдаецца самвыдатаўская “Крывінка”, за якую спадара Станкевіча тройчы судзілі і штрафавалі як “парушальніка парадку распаўсюду СМІ”.

    Зрэшты, менавіта падчас гэтых судоў і адбылося маё знаёмства з Георгіем, які аніяк не пагаджаўся, што распаўсюджваць незаангажаваную інфармацыю – гэта правапарушэнне. На працягу апошніх гадоў ён не аднойчы выступаў у якасці эксперта ў маіх матэрыялах, якія тычыліся працы вясковага настаўніка або побыту сучаснага вяскоўца. Колькі гадоў таму давялося ўпершыню пабываць і ў ягонай гасціннай хаце. Можа, акурат тады і мільганула думка: добра было б падрабязней распавесці пра гэтага чалавека, які складае лірычныя вершы, выконвае песні пад гітару – ды так, што можа завалодаць немалой аўдыторыяй. А яшчэ перакладае замежных класікаў, піша артыкулы, і пры гэтым ягонае жыццё вельмі далёкае ад стандартных уяўленняў пра “багему” і “свет высокага мастацтва”…

    Ідэя так і засталася б няспраўджанай, каб яе не падтрымаў калега-журналіст Аляксандр Зянкоў, відэааператар з Барысава, які займаецца здымкамі дакументальнага кіно і дасягнуў у гэтай галіне значных поспехаў – фільмы, знятыя з ягоным удзелам, двойчы (у 2014 і 2015 гадах) атрымлівалі ўзнагароды на міжнародных кінафестывалях “Mag­ni­fi­cat”.

    Падчас здымак фільма “Я лічу, што я шчаслівы” Аляксандр працаваў не толькі як аператар – яго можна ў поўнай меры лічыць суаўтарам сцэнару, які ўдакладняўся проста на месцы, у той цёплы кастрычніцкі дзень, які мы правялі разам з Георгіем Станкевічам. 

    Фільм ужо прэзентавалі на сустрэчы кіраўнікоў філій ГА “БАЖ” у Мінску, а таксама на сустрэчах БАЖаўцаў у Полацку, Оршы і Віцебску. Таксама яго паказалі і на творчай вечарыне Георгія Станкевіча для віцебскіх грамадскіх актывістаў у мясцовым “Еўрапейскім клубе”. Наш герой шмат спяваў, чытаў вершы, у тым ліку з апошняга (пятага!) свайго зборніка пад назвай “Як слязінка дажджу”. І казаў, што ні на грам не схлусіў, прызнаўшыся перад камерай: “Я лічу, што я шчаслівы”.

    А я лічу, што шчаслівыя і мы – бо жывем поруч з сапраўдным творцам. У дзень здымак мы не толькі працавалі – мы збіралі грыбы каля Пяцігарскай школы, углядаліся ў плынь рэчкі Крывінкі, якая дала назву газеце Георгія Станкевіча, назіралі за дзясяткам кацянятаў, якія гарэзнічалі ў ягоным двары, пастаянна трапляючы ў кадр… Урэшце, проста дыхалі вольным паветрам – згадзіцеся, такое ў нашым мітуслівым урбанізаваным жыцці здараецца рэдка. А яшчэ радзей сустракаюцца людзі, апантаныя вольнымі думкамі, з якіх нараджаюцца вольныя радкі і вольныя вершы.

    Я ўжо казала: мы радуемся, калі журналісцкі лёс зводзіць нас з цікавымі асобамі, пра якіх хочацца распавесці. Вельмі спадзяюся, што кінааповед пра Георгія Станкевіча ў нас атрымаўся.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці