• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сёньня YouTube — гэта тэлевізар для адэкватных». Расказваем пра тг-канал, дзе сабралі беларускі відэакантэнт

    Свабода пагутарылі са стваральнікам тэлеграм-каналу пра беларускі YouTube. Даведаліся, як прыйшла ідэя, чаго бракуе беларускаму сэгмэнту YouTube і ці мусіць ён быць выключна па-беларуску.

    Стваральнік каналу https://t.me/youtube_by Аляксандар (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) кажа, што са сваёй камандай даўно займаецца разьвіцьцём беларускага сэгмэнту YouTube.

    «Было відавочна, што варта палепшыць навігацыю ў гэтай прасторы для людзей. Мы завялі канал, у якім зьбіраем усё найлепшае, што здараецца ў беларускім YouTube . Калі вы ня ведаеце, што паглядзець, зазірніце ў гэты каталёг. Каналы адсартаваныя па плэйлістах, можна хутка знайсьці тое, што вас цікавіць».

    Далей пачалі маштабаваць праект, бо хацелася, каб аўдыторыя Telegram і Tik­Tok таксама атрымлівала кантэнт, які вырабляецца ў YouTube, дадае стваральнік.

    «На жаль, ня ўсе мэдыя і блогеры маюць рэсурс перапакоўваць кантэнт пад розныя сацсеткі. Часткова мы ўзялі на сябе гэтую місію. Наступны крок — пачнём раздаваць кантэнт яшчэ і ў Insta­gram. Нам здаецца важным рабіць гучнейшымі правільныя галасы тых YouTube-блогераў, якія пакуль не зьбіраюць вялікіх праглядаў. Мы бачым, што ёсьць шмат добрых беларускіх каналаў, якія невядомыя шырокаму колу людзей. Нашая задача — зрабіць так, каб гэтыя каналы як мага хутчэй атрымалі аўдыторыю, да моманту, пакуль у іх прападзе імпэт».

    Аляксандар кажа, што для гэтага выкарыстоўваюць розныя мэханізмы, у тым ліку рэклямнае прасоўваньне кантэнту ў YouTube.

    «Пасьля пасадак блогераў беларускі YouTube страціў шмат лідэраў думак. Мы перакананыя, што стварэньне новых мэдыйных твараў — адна з асноўных задач для мэдыяпрасторы. Мы вельмі рады, што Саша Івулін моцна вярнуўся ў YouTube з двума выпускамі па 100+ тысяч праглядаў, але гэта не адмяняе таго, што патрэбныя новыя лідэры думак у розных сфэрах».

    SMM-спэцыялісты з каманды каналу праглядаюць усё, што выходзіць у беларускім YouTube, і стараюцца выбраць самае цікавае, нейкія моцныя заявы, якія варта пашырыць на максымальную аўдыторыю, кажа Аляксандар.

    «Таксама намагаемся асьвятляць факты пра беларускі YouTube: круглыя лічбы падпісчыкаў, анансуем новыя каналы, адзначаем ролікі, якія зьбіраюць шмат праглядаў. Таксама шмат рэкамэндацый прыходзіць у наш бот @youtube_by_bot. Калі вы бачыце нешта цікавае, чаго не заўважылі мы, то сьмела пішыце. З навінак магу анансаваць, што мы дапрацоўваем рэйтынг беларускіх каналаў, які дапаможа лепш арыентавацца гульцам у гэтым сэгмэнце, хто і як працуе».

    «Google дадасьць беларускую мову, калі будзе шмат кантэнту»

    Праблемаў у беларускага YouTube шмат, як у любой сфэры, якая знаходзіцца на пачатку свайго разьвіцьця, мяркуе стваральнік каналу.

    «Але ўсе яны вырашальныя, калі закасаць рукавы і працаваць. Адна з галоўных праблемаў, што найлепшыя беларускія крэатары ішлі ў Расею, бо там можна зарабіць значна больш грошай. Але пры гэтым вайна дапамагла вярнуць комікаў з Расеі, і цяпер Камісаранка, Мірзалізадэ жартуюць пра Беларусь ці нават па-беларуску».

    Іншая праблема — вялікае пранікненьне расейскіх каналаў, кажа Аляксандар.

    «Мы бачым, што нават „лібэральныя“ мэдыя накшталт „Дождя“ часам прагаворваюцца і трапляюць у непрыемныя сытуацыі. Навошта гэта слухаць беларусам? Таму мы за тое, каб было больш беларускіх каналаў у розных жанрах і з рознымі поглядамі».

    Аляксандар зазначае, што ў 2020 годзе YouTube адыграў вялікую ролю ва ўздыме грамадзтва.

    «Наступным разам мэдыя таксама будуць адыгрываць важную ролю. Зараз нам трэба адбудаваць мэдыйную інфраструктуру, каб мець магчымасьць камунікаваць як мага з большым колам людзей».

    Праблемы зь беларускай мовай вырашальныя, мяркуе Аляксандар.

    «Калі адны беларусы будуць вырабляць шмат відэа па-беларуску, а іншыя будуць з імпэтам яго глядзець, то Google дадасьць беларускую мову, нікуды ён ня дзенецца. Таму ўсё ў нашых руках. Некаторыя магчымасьці абысьці абмежаваньні Google па рэкляме таксама ёсьць. Таму будзем змагацца».

    «Калі ў краіну вернецца закон, то вядомыя блогеры і буйныя праекты будуць запатрабаваныя сярод рэклямадаўцаў»

    У Беларусі вельмі шмат нішаў, у якіх за кароткі тэрмін можна стаць галоўным экспэртам, кажа Аляксандар.

    «І такіх свабодных нішаў шмат — гісторыя, тэхніка, гумар і шмат іншых. Напрыклад, зараз зьявіўся цікавы малады канал „Торба Барадзеда“, які зьбірае цікавыя факты пра Беларусь. Адзін з ролікаў адразу сабраў больш за 40 тысяч праглядаў!»

    У беларусаў ёсьць імпэт глядзець сваіх крэатараў, кажа стваральнік праекту.

    «Трэба прыкладаць намаганьні, каб гэты попыт забясьпечыць. Мы фармулюем для сябе гэта так: беларусы беларусам пра Беларусь».

    Каманда каналу ўсьцешаная, што ўсё больш кантэнту выходзіць па-беларуску, кажа Аляксандар.

    «Здаецца, што акурат YouTube тут мае вялікі ўплыў на пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы. Менавіта тут зьявілася шмат лідэраў думак, якія вядуць каналы на беларускай мове, і гэта не перашкаджае ім зьбіраць добрыя прагляды. Як казаў Вадзім Пракоп’еў, трэба рабіць беларускую мову сэксі. І Мікіта Мелказёраў, Наста Роўда, Konan Ў, AйЦіБарада (і яго праект „Цёмны лес“) і шмат хто яшчэ робяць выкарыстаньне беларускай мовы модным. Гэта яшчэ не мэйнстрым, але ўжо дакладна не маргінэс».

    Пакуль цяжка разьлічваць на дзяржаўную падтрымку беларускай мовы, значыць, грамадзянская супольнасьць павінна дзейнічаць сама, кажа Аляксандар.

    «Па сутнасьці, сёньня YouTube — гэта тэлевізар для адэкватных. Але мы гатовыя падтрымліваць і расейскамоўны кантэнт, бо зараз важна проста, каб беларусы глядзелі беларускае. Каб было менш згадак пра Кіркорава і Баскава, каб было менш гэтых расейскіх экспэртаў, каб мы стваралі свой шоў-бізнэс, сваю мэдыяпрастору са сваімі героямі».

    Ютубэрам-пачаткоўцам Аляксандар раіць проста ствараць кантэнт і спрабаваць сябе.

    «Сярод беларусаў шмат цікавых людзей, гэта даказвае і „Жыцьцё-маліна“, і іншыя праекты. Мы перакананыя, што ваш досьвед можа быць цікавы вялікай колькасьці людзей і дапаможа перажыць гэты трэш, што адбываецца навокал. Магчыма, пакуль беларускі YouTube ня тое месца, дзе хутка можна атрымаць шмат грошай. Мы б назвалі гэта інвэстыцыяй у будучыню. Калі ў краіну вернецца закон, то вядомыя блогеры і буйныя праекты будуць запатрабаваныя сярод рэклямадаўцаў. Калі будзе патрэбная дапамога ў раскрутцы ці ў больш шырокім сэнсе, пішыце нам у бот — @youtube_by_bot. Мы паспрабуем дапамагчы».

    Чытайце яшчэ:

    Новая прадстаўніца медыя за кратамі ў Беларусі — Таццяна Пыцько. Цяпер у няволі 34 прадстаўнікі медыя

    «Униженный Путин цепляется за власть». Посмотрите, с какими заголовками вышли мировые СМИ после субботнего мятежа Пригожина

    3 гады за кратамі. Алексіевіч, Флай, Ціханоўская і іншыя вядомыя людзі зьвярнуліся да Ігара і Дар’і Лосікаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці