• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трамваі хадзілі і рабочыя дысцыплінавана ішлі на працу — першыя дні вайны ў Мінску ва ўспамінах відавочцаў

    Нацысты ўзялі сталіцу БССР на шосты дзень пасля нападу на Савецкі Саюз. Што адбывалася ў горадзе на Свіслачы ў перыяд з 22 па 28 чэрвеня 1941 года?

    Паміж мірам і вайной…

    …Увечары 21 чэрвеня 1941 года у адным з пакояў савецкай памежнай заставы ў вёсцы Меткава ля Заслаўя паказвалі фільм «Мы з Кранштата». Побач з савецкімі памежнікамі сядзелі калгаснікі і дзятва. Мясцовыя хлопцы і дзяўчаты любілі, калі з Мінска на заставу прывозілі кіно. Гледачы ўважліва глядзелі на экран і толькі камандзір памежзаставы лейтэнант Міхаіл Трыгубаў задумліва глядзеў у бок. Неяк трывожна было ў яго на душы і ўвесь час ў галаву лезлі кепскія думкі. 13 чэрвеня 1941 года было паведамленне ТАСС, якое супакойвала, што вайны не будзе. Тыдзень таму з Мінска тэлефанавалі і папярэдзілі, каб ніякіх панічных настрояў не было. Маўляў, мяжа з немцамі далёка і баяцца няма чаго. Але побач ужо некалькі тыдняў чырвонаармейцы вазілі зброю ў ДАКі. Падобныя думкі турбавалі і малодшага лейтынанта Ягора Петрачука, які быў адным з камандзіраў артылерыйскага капаніра № 06 ля вёскі Мацкі. У суботу (21 чэрвеня 1941 года) у вёсцы былі танцы, чырвонаармейцы бадзёра скакалі разам з вясковымі дзяўчатамі пад музыку мясцовага гарманіста. Разам з жонкай Валянцінай танцаваў і Петрачук. Калі музыка скончылася, пара прысела і Ягор сказаў: “Эх, паспець бы”. “Што паспець?”, — запытала жанчына. “Падрыхтаваць лінію ўмацаванняў на выпадак вайны”, — адказаў лейтэнант. Вайсковец устаў і паглядзеу на Усход. “Мы ж Мінск прыкрываем”, — сказаў ён.

    Сталіца БССР была зусім блізка. Вечарам 21 чэрвеня 1941 года на вуліцах горада на Свіслачы было шматлюдна. У школах былі выпускныя балі, а ў Доме Чырвонай Арміі маскоўскі МХАТ выступаў са спектаклем “Тарцюф”. Сярод шчасліўчыкаў, што атрымалі запрашальныя, была і 21-гадовая мінчанка Вера Бялятка. Перад тым, як пайсці на спектакль, у размове з бацькамі яна сказала: “Якое прыгожае лета, якая прыгожая ў нас краіна. Хочацца шмат зрабіць, каб наш Мінск квітнеў”. “Зробіш дачка, у цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе”, — адказаў дзяўчыне яе бацька Аляксандр Фёдаравіч.

    Ні лейтынант памежнік, ні афіцэр артылерыст, ні маладая мінчанка, ні тысячы жыхароў савецкай Беларусі не маглі ведаць, што ў бліжэйшыя дні вайна прыйдзе ў іх дом і забярэ іх жыццё…

    Менск і Мінск

    У 1930‑я гады сталіца савецкай Беларусі афіцыйна называлася Менск. Гэтая форма выкарыстоўвалася і ў дзяржаўных друкаваных выданнях, і на шыльдах устаноў і наркаманаў, і нават на каналізацыйных люках. У ліпені 1939 года рашэннем 2‑й сесіі Вярхоўнага савету БССР сталіца савецкай Беларусі стала называцца Мінск. Звязана гэта было, перш за ўсё, з так званай “барацьбой з нацдэмаўшчынай”. Бальшавікі дабівалі нацыянальныя беларускія кадры і імкнуліся сцерці ўсе ўспаміны пра перыяд беларусізацыі.

    Разам з тым у 1930‑я гады Менск са звычайнага мястэчка пераўтварыўся ў паўнавартасную сталіцу. Напярэдадні панаду Германіі на СССР насельніцтва галоўнага горада савецкай Беларусі складала 250 тысяч чалавек. Па разліках тагачасных дэмографаў, колькасць мінчукоў на працягу наступных 15 гадоў павінна была павялічыцца да 500 тысяч. Паводле генеральнага плану, распрацаванага перад вайной, у Мінску планавалася пабудаваць 14 новых прамысловых прадпрыемстваў, пашырыць жыллёвы фонд (узвесці больш за чатыры мільёны квадратных метраў), стварыць новыя будынкі драматычнага тэатра на 1 000 месцаў, цырка, трох кінатэатраў, 12 сярэдніх школ, 26 дзіцячых садоў і ясляў, двух гатэляў. Асобна распрацоўваліся планы забудовы плошчы ля Дома ўрада і Плошчы Свабоды.

    У міжваеннае дваццацігоддзе блізкая мяжа з Польшчай накладала свой адбітак на жыццё горада. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР дзяржаны кардон адышоў ад Мінска на сотні кіламетраў на Захад. У ліпені 1940 года Беларуская асаблівая вайсковая акруга была перайменавана ў Заходнюю асаблівую вайсковую акругу, штаб якой знаходзіўся ў сталіцы БССР. У раёне Мінска ў гэты час, не гледзячы на тое, што дзяржаўная мяжа перамясцілася на Буг, размяшчалася значная колькасць савецкіх вайсковых частак. Аднак, як сведчаць архіўныя дакументы, на момант нападу Германіі на СССР большасць з іх не была адмабілізавана. Непасрэдна перад пачаткам вайны савецкае камандаванне рабіла спробы разгарнуць войскі, размешчаныя на тэрыторыі БССР і прывесці іх у баяздольны стан, аднак да чэрвеня 1941 года гэтая праца так і не была завершана. 

    Вайна, якую (не)чакалі

    Ужо ў першыя гадзіны нападу Германіі на СССР паветраная абарона Мінска атрымала паведамленне аб масавых парушэннях мяжы «нямецкімі паветраплавальнымі аб’ектамі». Як вядома, на маскоўскім накірунку наступала нямецкая група армій «Цэнтр». На працягу некалькіх дзён часткі вермахта атачылі дзве савецкія арміі ў “Беластокскім выступе” у выніку чаго вялікая колькасць падраздзяленняў РСЧА была знішчана ці трапіла ў нямецкі палон. У гэты ж час германская танкавая група пад камандаваннем генерала Германа Гота наступала на сталіцу БССР. 26 чэрвеня часткі вермахта захапілі Маладзечна, Валожын, Радашковічы і вышлі на лінію былой савецка-польскай мяжы, дзе развярнуліся кравапралітрыя баі. Стрымаць немцаў спрабавалі часткі Чырвонай Арміі, памежнікі, якія неслі службу па ахове “зоны загароды” і байцы гарнізонаў ДАКаў Мінскага ўмацаванага раёна.

    А што ж у гэты час адбывалася ў сталіцы БССР? Вось як апісвала дзень нападу Германіі на СССР адна з тагачасных жыхароў горада на Свіслачы: “У нядзелю было выдатнае надвор’е. Падзеяй  гэтага дня быў дзённы спектакль Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра “Школа ліхаслоўя” з удзелам выбітных акцёраў – Андроўскай, Яншына, Кторава, Масальскага. Да Дому Чырвонай Арміі, дзе ў нядаўна пабудаваным будынку была адна з лепшых у горадзе тэатральных залаў, накіроўваліся мінскія тэатралы. Мала хто з гараджан звяртаў увагу на аддаленыя гукі выбухаў — усе ўжо прызвычаіліся да вайсковых вучэнняў і вучэбных трывог. […] А вайна ўжо ішла на ўскраінах і вялікае, ні з чым ні параўнальнае гора насоўвалася на горад”.

    Кіраўніцтва савецкай Беларусі даведалася пра напад Германіі на СССР ужо ў 5 гадзін раніцы 22 чэрвеня. Праз некаторы час у штабе акругі, які знаходзіўся ў будынку Педінстытута (цяпер будынак Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта  імя М. Танка — І.М.) адбылася нарада. Хутка быў адданы загад авіяцыі РСЧА ажыццявіць прыкрыццё Мінска,  савецкія знішчальнікі былі перакінуты з Усходу на аэрадром у Лошыцы.

    Супрацьпаветраная абарона сталіцы БССР пакідала жадаць лепшага. Горад на Свіслачы абараняла 7‑я брыгада супрацьпаветранай абароны. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы будаўніцтва сховішчаў на выпадак паветранай атакі, да пачатку вайны яны ў Мінску ў належнай колькасці так і не з’явіліся. Пра тое, што пачалася вайна, мінчукі даведаліся з выступлення наркама Вячаслава Молатава па радыё ў 12 гадзін. Пакуль немцы метадычна дабівалі савецкія часткі ў памежных баях, у сталіцы БССР праводзіліся партыйныя канферэнцыі і антываенныя мітынгі. Тлумачылася гэта тым, што людзі проста не ўсведамлялі маштаб трагедыі, якая абрынулася на іх краіну. У памяці мінчукоў быў “пераможны і бязкроўны” “вызвольны паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”. Памяталі жыхары Мінска і “Зімовую вайну”, якая хоць і была цяжкай, але скончылася “перамогай” над “белафінамі”. Людзі верылі, што баі ідуць ужо пад Варшавай і Кракавам, што РСЧА не абараняецца, а наступае. Дзеці ўвогуле радаваліся, што пачаліся баявыя дзеянні, якія “абавязкова скончацца перамогай СССР”.

    Вось як узгадваў тыя дні адзін з тагачасных жыхароў сталіцы савецкай Беларусі: “На вуліцы сабраўся тлум. Усе слухалі выступленне Молатава. Дарослыя былі сур’езным, а мы, дзятва весяліліся. Ніхто ж нават думкі не дапускаў, што немцы на шосты дзень у Мінск увойдуць. Мінчукі верылі ў непераможную Чырвоную Армію, якая будзе біць ворага “малай крывёю, магутным ударам”. 

    Абараніць сталіцу

    Хутка стала зразумела, што вайна ідзе на Усход. Спачатку ў горадзе на Свіслачы з’явіліся бежанцы. За імі ішлі вайскоўцы Чырвонай Арміі (часта без зброі), супрацоўнікі рабоча-сялянскай міліцыі, якія адыходзілі з Заходняй Беларусі. На другі дзень вайны ў Мінску актыўна пачаліся мабілізацыйныя мерапрыемствы. З часткі мабілізаваных стваралі так званыя “знішчальныя” атрады па ахове парадку ў горадзе.

    “Першы ўзвод дзейнічаў у раёне вуліцы Чкалава да аэрапорта, ад цагельнага завода да дарогі, якая ішла на Дзяржынск. Другі ўзвод узяў пад кантроль раён на вуліцы Разінскай і Грушаўскі пасёлак. Трэці ўзвод нёс патрульную службу на вуліцы Апанскага”, — апісваў тыя падзеі адзін з байцоў падраздзялення.

    23 чэрвеня 1941 года сталі з’яўляцца першыя дадзеныя пра нямецкія дэсанты, скінутыя ў прадмесцях сталіцы. Нямецкія парашуцісты былі заўважаныя ў Ждановічах і Уруччы. “У Чырвоным урочышчы сабралося 600–700 чалавек. Гэта былі добраахвотнікі — мінчукі, жыхары навакольных вёсак і частка байцоў 85-га стралковага палка 100‑й дывізіі. Абставіны былі вельмі складанымі. […] Праціўнік пачаў высаджваць дэсант. Я арганізаваў ліквідацыю дэсанта. Група парашуцістаў была знішчана ў вёсках Паперня, Калодзішчы, Уручча. […] Мой атрад уступіў у бой. Байцы былі ўзброеныя вінтоўкамі, трыма танкамі і дзвюма гарматамі. Жаўнеры і апаўчэнцы Мінска змагаліся мужна”, — апісваў тыя чэрвеньскія дні ўдзельнік абароны беларускай сталіцы І. Андрэеў.

    Важную ролю ў захаванні парадку ў прыфрантавым Мінску адыгрывалі супрацоўнікі міліціі. У горадзе на Свіслачы былі створаны спецыяльныя групы рабоча-сялянскай міліцыі, якія па начах патрулявалі вуліцы сталіцы БССР. Дзякуючы іх працы, на працягу некалькіх дзён удалося затрымаць 10 нямецкіх дыверсантаў, якія з дапамогай ракетніц наводзілі на стратэгічныя аб’екты нямецкую авіяцыю. Дарэчы, сталічным міліцыянерам дапамагалі і іх калегі з Баранавічаў на чале з начальнікам упраўлення НКУС П. Гарачавым. Ахову парадку ў Мінску таксама ажыццяўлялі байцы 42‑й асобнай канвойнай брыгады войск НКУС, асабовы склад якой быў папоўнены на кошт адыходзячых з заходніх абласцей БССР падраздзяленняў канвойных войск і частак наркамату ўнутраных спраў. Нкусаўцы ахоўвалі галоўныя будынкі Мінска: ЦК КП(б) Беларусі, пошту, тэлеграф. Кожны дзень на ахову ўрадавага квартала выдзялялася 190 жаўнераў унутраных войскаў. У гэты ж час у Мінску з разбітых падраздзяленняў НКУС быў сфарміраваны 251‑ы полк канвойных войскаў. Яго камандзірам прызначылі капітана А. Касціцына, які раней камандаваў 132‑м канвойным батальёнам. Тым самым, што ахоўваў турму Брыгіткі ў Берасцейскай крэпасці. Перад самай вайной афіцэра камандзіравалі ў Маскву, што ўратавала яго ад гібелі ў першыя гадзіны нападу Германіі на СССР.

    Нацысты бамбяць Мінск

    23 чэрвеня над Мінскам з’явіліся першыя бамбавікі з крыжамі на крылах, якія скінулі бомбы на станцыю Мінск Таварны і на аэрадром у Лошыцы. У апошнім выпадку была знішчана большая частка савецкіх вайсковых самалётаў. “Нізка над Мінскам хадзілі вялікія двухматорныя машыны. Я бачыў іх, калі падлятаў да горада, але мне ў галаву не магло прыйсці, што гэта Ю‑88.  Яны ішлі на малых вышынях і прыцэльна скідалі бомбы на асобныя будынкі. Варожых знішчальнікаў у небе не было. Цэлы дзень яны бамбілі горад і ператварылі аэрадром у жароўню. Увечары яны адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. Я знаходзіўся вышэй, над самым цэнтрам горада, калі ўбачыў аднаго над дахам штабу акругі. Спікіраваў, прыстроіўся яму ў хвост і страляў ва ўпор доўгімі чэргамі. Ю‑88 не запаліўся, але раптам нахіліўся і ўпаў у раёне опернага тэатру.  Над ускраінай я атакаваў другога і запаліў яго. Ён адыходзіў пакідаючы дымны след. Я мяркую, што ён не выцягнуў, бо ў яго, як і ў першага, быў малы запас вышыні”, —  узгадваў тыя дні камандзір 43‑й знішчальна-авіяцыйнай дывізіі генерал-маёр Г. Захараў.

    Пасля першых бамбардзіровак горада было прынята рашэнне пачаць эвакуацыю з Мінска актываў Дзяржбанку. Грошы і каштоўнасці са сталіцы БССР былі эвакуіраваны 25 чэрвеня і накіраваныя ў Тамбоў. Пры гэтым, як адзначае беларуская даследчыца І. Варанкова, эвакуіраваць грошы з ашчадных кас Мінска у поўным аб’ёме не ўдалося.

    Што ж тычыцца заводаў і фабрык, то ніводнага з 332 мінскіх прамысловых прадпрыемстваў вывезці не паспелі. Станкабудаўнічы завод імя С. Кірава, кандытарская фабрыка “Камунарка” і некалькі іншых прадпрыемстваў былі знішчаныя падчас бамбардзіровак гораду. Радыёзавод імя Молатава, які быў свораны на базе “трафейнай” польскай фабрыкі “Электрыт”, амаль цалкам быў захоплены немцамі і падчас акупацыі выкарыстоўваўся ў вайсковых мэтах.

    Нацыстам “пакінулі” і Дзяржаўную карцінную галерэю БССР.  На вуліцах валяліся кнігі з Бібліятэкі Акадэміі Навук. Пры гэтым здараліся выпадкі, калі ініцыятыва аднаго чалавека ратавала кінутыя ворагу каштоўнасці.

    Напрыклад, супрацоўнік мінскага НДІ будматэрыялаў Тэвель Лайзераў вывез з Мінска плаціну і здаў яе ў адзяленне Дзяржбанка.

    “Рыхтаваліся да эвакуацыі інстытуту, але машын не было. Калі я сустрэў у калідоры дырэктара Ратнэра, то сказаў яму, што плаціну нельга пакідаць ворагу. Вырабы з плаціны, галоўным чынам ціглі і кубкі былі ў шафе. Ключ быў ў Рыскіна, які жыў дзесці на Ляхаўцы. Горад бамбілі і марудзіць было нельга. Паклікалі інстытуцкага цесляра, адчынілі шафу і канфіскавалі ўсю плаціну. Узважылі і выявілі, што ўсяго 1550 гр. Усё гэта мне перадалі на захоўванне. […] На наступную раніцу, за дзень да прыходу немцаў, працоўныя інстытуту пайшлі па Магілёўскай шашы пешшу. […] У Магілёве цягніка не было. Мы чакалі яго. Не памятаю дзе мы перайшлі ў вагон. Даехалі да Мічурынска ўтраіх. У прысутнасці двух супрацоўнікаў інстытута я здаў плаціну у Мічурынскі Дзяржбанк”.

    Раніцай 24 чэрвеня 1941 года самалёты Люфтваффэ ажыццявілі маштабную бамбардзіроўку Мінска, якая працягвалася цэлы дзень. Тады быў знішчаны амаль увесь цэнтр горада.

    Вось як апісваў тыя падзеі адзін з відавочцаў: “Аўторак не толькі паламаў надзеі жыхароў на абарону, але аказаўся зруйнавальным для горада. Раніца пачалася, як і напярэдадні з закліку па радыё: “Грамадзяне, паветраная трывога! Да гораду набліжаюцца варожыя бамбавікі”. Грамадзянам было не зразумела, што рабіць. Але трамваі хадзілі і працоўныя дысцыплінавана накіроўваліся на працу. Астатнія абывацелі, не забываючы пра паветраную трывогу, спрабавалі займацца паўсядзённымі справамі. Няпэўнасць прайшла даволі хутка — на горад абрынуўся шквал бомбавых удараў. Самалёты ляцелі нізка над безабаронным горадам. Жыхары мітусіліся. Здавалася, схавацца не было дзе, самалёты ляталі над усімі вуліцамі адразу.

    Арганізаваных дзеянняў па абароне, самаабароне і эвакуацыі не было. Відаць паніка ахапіла і гарадское кіраўніцтва”.

    Немцы бамбілі Мінск метадычна, карыстаючыся дадзенымі выведкі. Да таго ж, па ўспамінах тагачасных жыхароў горада, перад вайной ў Мінску з’явілася шмат “невядомых асоб”, якія з’яўляліся агентамі Абвэра. Безумоўна, іх інфармацыя дапамагла нямецкім пілотам.

    Нацысты разумелі, што іх удар канчаткова дэмаралізуе як мінчукоў, так і абаронцаў горада. Вялікая трагедыя звязана з так званым “3‑ім Домам Саветаў”, які быў пабудаваны ў 1936 годзе па праекту архітэктараў А. Дзянісава і У. Вараксіна. Тут жылі сем’і камандавання РСЧА. Гэты будынак быў пабудаваны з улікам нестабільнай міжнароднай палітычнай сітуацыі і мяжы, якая была побач, таму ў ім было бомбасховішча. У чэрвені 1941 года там хаваліся жонкі і дзеці савецкіх камандзіраў. Падчас нямецкай бамбардзіроўкі Мінска адным з выбухаў быў завалены ўваход памяшкання, дзе хаваліся жыхары дома, у выніку чаго загінула больш за 100 чалавек. “Мы глядзелі ў неба, дзе плылі і плылі фашысцкія сцярвятнікі ў бок Мінска. А ўдалечыні, за гарызонтам, уздымалася чорнае воблака дыму. Было зразумела, што Мінск гарэў. Ноччу, у тым баку было бачна вялікае зарыва, якое слалася як па гарызонце, так і ў вышыню. Балюча было глядзець, на безперашкодную бамбардзіроўку любімага горада. Яшчэ больш балюча было назіраць, як фашысцкія самалёты, лётаючы на нізкай вышыні, беспакарана растрэльвалі са сваіх кулямётаў бежанцаў”, — узгадваў тыя дні адзін з жыхароў Дзяржынску.

    У выніку налёту авіацыі Люфтваффэ найбольш пацярпелі дамы на вуліцах Савецкай (сёння праспект Незалежнасці), Валадарскага (Гарадскі вал), Урыцкага (Раманаўская Слабада), Правіянцкая (Захарава) і шэрагу іншых вуліц сталіцы БССР. У горадзе не было святла і вады, спынілася праца хлебазаводаў і крам. Менавіта падчас бамбёжкі 24 чэрвеня 1941 года побач са сваім домам загінула маладая мінчанка Вера Бялятка. Разам з ёй выбухам варожай бомбы быў забіты і яе бацька Аляксандр Фёдаравіч. Гэтых ахвяр яшчэ паспелі пахаваць на Вайсковых могілках.

    Уратавацца з палаючага Мінска

    Пасля гэтай жудаснай бамбёжкі ўсім стала зразумела, што Мінск не ўтрымаюць. 25 чэрвеня 1941 года кіраўніцтва БССР выехала ў Магілёў.

    У гэты ж дзень часткі 42‑й брыгады канвойных войскаў НКУС былі выведзены ў раён Прылук. Пры гэтым у горадзе пакінулі паўтары роты “васільковых фуражак”. Аднак гэтыя падраздзяленні ўжо не маглі кантраляваць сітуацыю. Мінчукі спрабавалі ўласнаручна выехаць з ахопленай агнём сталіцы. Вось як тыя дні ўзгадваў начальнік адзела кадраў Мінскага паравознага дэпо А. Коцікаў: “25 чэрвеня, не памятаю хто, але сказаў, што адыходзіць апошні эшалон, і калі ты не з’едзеш, то застанешся тут у Мінску. Даехалі да станцыі Седча. У гэтым цягніку ехалі Міронаў, Карасёў (начальнік паравознага адзела), Басманаў.

    Начальнік палітадзела і ўсе кіруючыя таварышчы, якіх я назваў, адчэпліваюць паравоз, увесь эшалон з чыгуначнікамі і жыхарамі Мінска кідаюць, а самі з адным вагонам збягаюць.

    Мы дайшлі да станцыі Рудзенск дзе нас затрымаў кардон. Палкоўнік сабраў нас 26 чэрвеня і сказаў, што нас вярнуць у Мінск, таму што горад немцам не здадуць”. Значная колькасць мінчукоў вымушана была сама эвакуіравацца з Мінска. “Ратаваліся, як маглі. Кідалі жытло і маёмасць, часта проста з месца працы гараджане ішлі куды вочы глядзяць. Хутка вызначыўся агульны накірунак уцёкаў ад бамбардзіровак, на ускраіну, да лесу. Там сабраўся вялікі, бязладны натоўп. Яго добра бачылі нямецкія пілоты і растрэльвалі людзей з кулямётаў”, — узгадвала адна з відавочцаў тых жудасных падзей. Большая частка жыхароў Мінска ратавалася, сыходзячы з гораду па Магілёўскай і Маскоўскай шашы на Усход. Аднак і гэтыя шляхі былі небяспечнымі, бо дзе-нідзе, людзі траплялі на савецкія заслоны, і чырвонаармейцы прымушалі жыхароў сталіцы БССР вяртацца назад. Іншым людзям шлях на Усход пераразалі нямецкія войскі. Трэція імкнуліся застацца ў населеных пунктах, да якіх на той момант дайшлі. Кінутыя ў Мінску кватэры сталі ахвярамі марадзёраў, якія карысталіся безуладзем у горадзе.

    Пра тое, што план эвакуацыі Мінска савецкім чыноўніцтвам не быў распрацаваны сведчыць той факт, што з гораду на Свіслачы не паспелі вывезці… Архіў Саўнаркама БССР (!), пра што пазней П. Панамарэнка дакладаў І. Сталіну. Гутарка ішла пра дакументы, якія тычыліся дзяржаўнага ўпраўлення БССР, спісы членаў урада і іх сямей, кіраўніцтва камсамолу і ўся дакументацыя, якая мела дачыненне да мабілізацыйных мерапрыемстваў. Пазней рабіліся спробы накіраваць у акупіраваны немцамі горад спецгрупу НКУС, якая павінна была знішчыць архіў, але чэкісты не прабіліся. Трагічнасць сітуацыі, звязанай з эвакуацыяй, падкрэсліваў у лісце да І. Сталіна загадчык сектара Мінскага абкама КП(б) Беларусі Міхаіл Сарокін:

    «Пачалася моцная бамбардзіроўка горада. Насельніцтва ў паніцы ўцякала ў лясы, адступала ў гарады Барысаў, Оршу і Магілёў, пад абстрэлам варожых самалётаў, дыверсантаў-парашуцістаў. Але гэтага можна было не дапусціць, калі б сакратары абкама ганебна не беглі з горада, а кіравалі б эвакуацыяй».

    Мінск, 24 чэрвена 1941 года

     

    Агонія

    Нагадаем, што ў той момант, калі савецкае кіраўніцтва “эвакуіравалася” у Магілёў, чырвонаармейцы ў бункерах і акопах ля Заслаўя гераічна змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі немцаў. Гарматны капанір № 06 ля вёскі Мацкі на працягу трох дзён стрымліваў наступленне нямецкіх танкаў і мотапяхоты. Падчас аднаго з баёў малодшы лейтынант Петрачук быў цяжка паранены. 28 чэрвеня 1941 года, у апошні дзень абароны бетоннай крэпасці, афіцэр памёр ад ран. Капанір знішчыў шмат нямецкай бронетэхнікі і жаўнераў вермахта, аднак сілы былі няроўнымі.

    Артылерыйскі капанір у вёсцы Мацкі. Бачныя пашкоджанні каля амбразуры

    Знішчаны пад Мінскам савецкі ДАК Мінскага ўмацаванага раёна

    Не менш гераічна з ворагамі быўся і камандзір памежнай заставы ў вёсцы Меткава Міхаіл Трыгубаў. “З першых дзён пасля пачатку вайны муж увесь час быў на нагах. Як зараз памятаю яго схуднелы твар, праваленыя ад бессання, пачырванелыя вочы. Міхаіл сказаў, што застава рыхтуецца “як мае быць” сустрэць ворага — зброі і боепрыпасаў хапае. Днём 24 чэрвеня муж пасадзіў мяне з матуляй, якая жыла з намі, на павозку і адправіў у Заслаўе, дзе на нас павінна была чакаць машына, якую выслала Радашковіцкая памежкамендатура. Ніколі не забуду гэтае нашае растанне. Муж стаяў на пагорку і махаў нам зялёнай фуражкай. Такім ён і застанецца ў маёй памяці”, — узгадвала пасля вайны жонка памежніка Кацярына Трыгубава. Ужо на наступны дзень, 25 чэрвеня 1941 года савецкія памежнікі з Меткава мужна біліся супраць немцаў. Калі вораг узяў заставу ў кальцо, малодшы палітрук Іван Парынаў загадаў выпусціць з вальераў службовых сабак. Усё жывёлы загінулі, але, дзякуючы гэтаму, памежнікам удалося прабіцца ў Заслаўе. Падчас абароны старажытнага беларускага мястэчка лейтынант Міхаіл Трыгубаў загінуў.

    Камандзір заставы ў Меткава лейтынант Міхаіл Трыгубаў

    Гарнізон аднаго з  артылерыйскіх паўкапаніраў МіУРа, 1941 год

    Памежнікі з вёскі Меткава, 1940 год

    З 26 чэрвеня ў Мінску ўжо практычна не было арганізаванай улады.

    У гэты ж дзень у раёне Плошчы Свабоды была заўважана група нямецкіх матацыклістаў. Супраць іх была кінута рота танкаў Т‑26, якая знішчыла ворага. Аднак 28 чэрвеня 1941 года нямецкія танкі 20‑й дывізіі, канчаткова прабіліся праз лінію ДАКаў Мінскага ўмацаванага раёна і ўвайшлі ў ахоплены пажарамі горад на Свіслачы.

    Немцы побач з Домам ураду

    Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Процька, які на момант пачатку вайны жыў у вёске Драчкава ля Смалявічаў узгадваў наступнае: «Чуткі станавіліся ўсё больш трывожнымі. Немцы ўзялі Брэст, падыйшлі да Гродна, пад Барысавам высадзіўся нямецкі дэсант. Ноччу над Мінскам былі бачныя сполахі. Горад бамбілі. 27 чэрвеня на плошчы ля крамы пачуліся крыкі. Крычаў, апрануты ў чырвонаармейскую форму, сярэдніх гадоў мужчына. “Ратуйцеся, хто можа. Немцы захапілі Мінск”, — галасіў незнаёмы. Кучка бежанцаў захвалявалася, заплакала і подбегам кінулася на дарогу. А мужчына ўсё крычаў пра жахі, якія твораць немцы з бежанцамі. Праз нейкі час двое чырвонаармейцаў — і адкуль толькі ўзяліся — схапілі мужчыну за шкіркі, і, адвёўшы да могілак, застрэлілі. Людзям патлумачылі «нямецкі лазутчык, спецыяльна сеяў паніку!». Узялі па бохану хлеба, цукру, пячэння і зніклі — гэтак жа непрыкметна, як і з’явіліся. Назаўтра ўжо ўся вёска казала, што Мінск пад немцамі. На наступны дзень, было гэта 30 чэрвеня, механізаваная калонна немцаў заехала ў Драчкава з боку Пятровічаў, і не спыняючыся, павярнула на Смалявічы».

    Жаўнераў вермахта “уразіў” Мінск. Дзякуючы іх фотаздымкам мы можам уявіць маштаб трагедыі, якая адбылася ў беларускай сталіцы ў чэрвені 1941 года. Нацыская акупацыя горада на Свіслачы працягвалася тры гады. Гэта быў час цяжкіх выпрабаванняў для горада і яго насельніцтва.

    ***

    Восенню гэтага года Ігар Мельнікаў рыхтуе да выдання праз краўдфандынг кнігу-альбом “Мяжа была пад Мінскам 1921–1941 гг.”. Новае выданне — гэта некалькі соцень унікальных архіўных і сучасных фотаздымкаў, а таксама цікавыя і малавядомыя факты пра гісторыю функцыянавання даваеннай савецка-польскай мяжы ў Беларусі, зоны загароды і баёў на “старым кардоне” ў чэрвені 1941 года. Сачыце за інфармацыяй і не прапусціце гэтую цікавую кнігу!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці