• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трэнінг па гендарнай адчувальнасці і прэзентацыя даследавання “Гендар у беларускіх медыя” адбыліся ў Глыбокім

    Эксперт са Швецыі Жазэфіна Якабсан распавяла мясцовым журналістам і грамадскім актывістам пра праблемы роўнасці палоў і звярнула ўвагу на этычныя нормы мовы журналістаў пры напісанні матэрыялаў.

    Эксперт па пытаннях гендару Жазэфіна Якабсан пазнаёміла прысутных з вынікамі глабальнага даследавання — GMMP (Glob­al Media Mon­i­tor­ing Project), якое праводзілася ў 2015 годзе. Яно было накіраванае на асвятленне і аналіз роўнасці ў глабальнай навінавай прасторы.

    Шведская журналістка зазначыла, што ў беларускіх медыя адбылася фемінізацыя, зараз там працуе больш за 70 адсоткаў жанчын. І колькасць жанчын, якія рыхтуюць кантэнт, павялічваецца.  Жанчыны добра прадстаўленыя ў менэджменце сродкаў масавай інфармацыі, але ўсё ж мужчыны займаюць больш высокааплатныя пасады. Яна адзначыла і тое, што Беларусь з’яўляецца краінай з высокім узроўнем гендарнай роўнасці, але з нізкім індэксам свабоды слова.

    Паводле Жазэфіны Якабсан, беларускія журналісты працуюць не дзеля грошай і прэстыжу, таму шта ў Беларусі журналістыка — гэта нізка прыбытковая прафесія. Шмат хто з журналістаў, як жанчыны, так і мужчыны займаюцца яшчэ і іншай дзейнасцю, каб атрымаць дадатковыя грошы.

    Глыбоцкія журналісты зазначылі ў адказ, што трэба размяжоўваць прыбыткі тых, хто супрацоўнічае з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ. У праўладных журналістаў нядрэнныя заробкі, а вось шмат каму з незалежных журналістаў даводзіцца часам працаваць за ідэю. Некаторыя з іх за свае матэрыялы нават атрымліваюць позвы ў міліцыю, потым у суд, і, як вынік — вялікія штрафы.

     “Гэта дрэнна, але добра, што вы працягваеце змагацца”, — адрэагавала шведская калега.

    Згодна з даследаваннямі, жанчынам даводзіцца працаваць удвая больш, бо яны займаюцца і хатняй гаспадаркай, і выконваюць свае прафесійныя абавязкі. Таму толькі 22 адсоткі беларускіх жанчын лічаць, што ў іх добрыя шанцы знайсці нядрэнную працу і зрабіць кар’еру. Цяжарнасць і адпачынак па догляду за дзіцём асабліва не перашкаджаюць кар’еры жанчын.

    Гендарная дыскрымінацыя забароненая ў Беларусі, але тым не менш, жанчын з маленькімі дзецьмі бяруць на працу больш неахвотна, чым мужчын з маленькімі дзецьмі.

    Калі казаць пра сексуальнае дамагальніцтва, зазначае Жазэфіна, то больш за 20 адсоткаў жанчын-журналістак сутыкаліся з гэтым на працоўным месцы. Гэта былі альбо калегі, альбо людзі, якіх яны інтэрв’ювавалі.

    Паводле шведскай журналісткі, у Швецыі мужчыны кажуць, што не дамагаюцца жанчын, але шведскія жанчыны сцвярджаюць адваротнае. Шмат каму з журналістаў-мужчын у Швецыі прыйшлося пакінуць пасады ў выніку ўнутраных разбіральніцтваў на працы пасля некаторых скандалаў.

    І той вядомы цяпер рух супраць сексуальнага дамагальніцтва #MeToo падтрымліваюць не толькі жанчыны, а нават і мужчыны. І хоць Швецыя развітая краіна, якая стаіць на ахове правоў чалавека, усё ж інцыдэнты з дамагальніцтвам не вельмі хочуць расследваць у паліцыі, бо лічаць, што  ёсць больш важныя справы. Часам нават згвалтаванне даказаць складана.

    Як кажа Жазэфіна Якабсан, у СМІ жанчыны ў асноўным займаюцца больш мяккімі тэмамі, робяць матэрыялы на культурніцкую і сацыяльную тэматыку. Мужчыны пішуць у асноўным пра эканоміку, палітыку, спорт.

    Самі жанчыны ў СМІ прадстаўляюцца нейкімі сексуальнымі тэрмінамі, або ў якасці маці. І гэта не ўнікальная сітуацыя для Беларусі, яна характэрная для ўсяго свету. З чым пагадзіліся глыбоцкія журналісты.

    Беларускія СМІ звычайна апісваюць гендарныя пытанні і сямейную дынаміку нарматыўным чынам, і прадстаўнікі ЛГБТ рэдка прадстаўляюцца ў СМІ. І калі такія матэрыялы ёсць, зазвычай яны напоўненыя забабонамі.

    Але, як зазначыў мясцовы блогер і журналіст Кастусь Шыталь, калі ўзяць агулам беларускія нацыянальныя медыя, то, на яго думку, яны пішуць на гэтыя тэмы нават зашмат. “Склалася такое ўражанне, што адносна таго працэнта, які гэтыя людзі займаюць у грамадстве, да іх занадта вялікая ўвага”, — лічыць Шыталь.

    Як кажа Жазэфіна Якабсан, згодна даследванню, шмат хто ў Беларусі перакананы, што ў краіне няма гендарных праблем. А калі і ёсць, то гэта дробязь у параўнанні з праблемамі сацыяльнымі ці эканамічнымі.

    Пасля прэзентацыі гендарных даследаванняў, шведская журналістка правяла практычны занятак па напісанні матэрыялаў для СМІ у адпаведнасці з гендарнымі нормамі мовы.

    Як выказалася журналістка і праваабаронца з Глыбокага Ганна Мартыноўская, такія сустрэчы з замежнымі калегамі павышаюць журналісцкі досвед і прыносяць карысць:

    — Заўсёды карысна адчуць розніцу, параўнаць. Чырвонай ніткай тут прайшла ідэя менавіта пра тое, што інфармацыя не павінна быць падзеленая на два нейкія лагеры: гэта інфармацыя для мужчын, а гэта — для жанчын.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці