• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Тузін гітоў» падаў у суд на ідэоляга Менгарвыканкаму

    Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Павал Скалабан не дазволіў жывую прэзэнтацыю альбому Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі». TuzinFM палічыў гэтае рашэньне незаконным і падаў заяву ў суд.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/tuzinfm_logo.jpg

    Так выйшла, што сын знакамітага архівіста і гісторыка Павал Скалабан забараніў праводзіць прэзэнтацыю музычнай праграмы, прысьвечанай гісторыі Беларусі. Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» на словы Алеся Чобата музыка Алесь Дзянісаў прэзэнтаваў на Tuz­inFM на пачатку лета, а 16 верасьня мелася адбыцца жывая прэзэнтацыя ў Менску. Адпаведная заява на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня была накіраваная ў Менгарвыканкам. Але пасьля таго, як галоўнае ўпраўленьне папрасіла прадаставіць тэксты песень, якія будуць выконвацца на канцэрце, у выдачы гастролькі было адмоўлена. Адметна, што ў адказе кіраўнік ідэалягічнага ўпраўленьня П. Скалабан упершыню спаслаўся на Кодэкс «Аб культуры» (раней канцэрты не дазваляліся са спасылкаю на ўказ кіраўніка дзяржавы №257, на пункт, у якім вялося пра прапаганду вайны, экстрымізму ды іншага).

    Згодна з п.1.3 арт. 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры», на які спасылаецца ідэоляг,  падставай для адмовы ў правядзеньні канцэрту з’яўляецца «заключэньне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьня». Адпаведнага заключэньня выдадзена не было, а на просьбы хоць нешта патлумачыць з нагоды адмовы, галоўны ідэоляг не адрэагаваў. Таму было прынятае рашэньне абскардзіць дзеяньні дзяржаўнага органа ў судовым парадку. Адпаведную заяву арганізатар канцэрту і кіраўнік Tuz­inFM Сяргей Будкін падаў у Эканамічны суд горада Менску.

    «Я не разумею, якім чынам адбыўся замер мастацкага ўзроўню выкананьня, хто гэта рабіў, якім чынам, па якіх крытэрах і навошта. У любым разе, вырашаць гэтае пытаньне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінэтах. Перакананы ў тым, што дзеяньні ідэолягаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата – аўтара вершаў да гэтага альбому, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрту», – распавядае Сяргей Будкін.

    Арганізатара канцэрту падтрымлівае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «Сам пункт кодэксу «Аб культуры», на які спасылаюцца ідэолягі, парушае заканадаўства. Бо ў Канстытуцыі гарантуецца свабода выказваньня свайго меркаваньня, у тым ліку і ў мастацкай форме. Абмежаваньні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небясьпеку – грамадзкаму парадку, маральнасьці, здароўю, правам іншых… А гэта ня той выпадак», – тлумачыць юрыст.

    У заяве, скіраванай у Эканамічны суд, ёсьць дзьве просьбы: прызнаць дзеяньні ўпраўленьня ідэалягічнай працы незаконнымі і абавязаць гэтае ўпраўленьне выдаць гастрольнае пасьведчаньне на любую прымальную для арганізатараў дату.   

    Даведка Tuz­inFM:

    Алесь Дзянісаў – музыкант, рок-паэт, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнага панк-руху. Нарадзіўся 26 сакавіка 1975 году ў Горадні. Скончыў школу-ліцэй № 1 (1992), факультэт гісторыі і сацыялёгіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1997). З 1997 да 2007 працаваў настаўнікам гісторыі і грамадзкіх навук, клясным кіраўніком у сярэдняй школе № 15. Звольніўся на ўласнае жаданьне. Цяпер займаецца журналістыкай і музыкай. Музычную кар’еру пачаў у 1993 годзе. Граў на гітары ў гурце «Гематаген» (1993—1994). У 1996 годзе разам са Зьмітром Антаневічам заснаваў гурт «КальЯн». За час свайго існаваньня гурт запісаў восем альбомаў. Першы электрычны альбом «У краіне цудаў» (1997) быў выдадзены ў спліце з гуртом Devi­a­tion у Польшчы. У 1998 годзе «КальЯн» узяў Гран-пры на фэстывалі «Басовішча». У 2008 годзе, зноў жа ў Польшчы, зьнятыя кліпы на песьні «Барацьба» і «Радыеактыўны сьнег». У 2011 годзе песьня «Радыеактыўны сьнег» была прызнана галоўным беларускім антыядзерным гітом. Апошні па часе дыск мае назву «Антыпазытыў» (2011). У 2011 годзе Алесь Дзянісаў заснаваў новы музычны праект «Людзі на балоце». У 2012 годзе стаў адным з заснавальнікаў і ўдзельнікаў панк-рок-фармацыі Dzieciu­ki. Удзельнічаў у музычных праектах «Апошні золак» (2013), «Новае пакаленьне на Новы год» (2015). Жанаты, мае дачку.

    Алесь Чобат – паэт, аўтар вершаў для праграмы «Кароткая гісторыя Беларусі».

    Нарадзіўся 23 жніўня 1959 году ў мястэчку Скідаль. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у Менску (1981). Быў канструктарам ліцейных формаў, намесьнікам старшыні Гарадзенскай Рады БНФ «Адраджэньне». Працаваў журналістам, экскурсаводам Музэя М. Багдановіча ў Гародні. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (1993) і міжнароднага ПЭН-клюбу (1995). Аўтар паэтычных зборнікаў і кніг: «Год» (1992); «Новая Гапілея» (1995), «Тутэйшая сага» (2000), «Край мой шчаслівы» (2007), «Зямля сьвятога Лукі» (2002; польскі пераклад 2003), «Легенда пра чатырох мушкецёраў» (2004), «Край мой шчасьлівы: кніга тысячы радкоў для дзяцей і для бацькоў» (2007), «Кароткая гісторыя Беларусі» (2014), «На дзікай прэрыі над Контрай, Гаўяй і Шчарай» (2014). Пераклаў з польскай мовы кнігі: Чэслаў Мілаш «Гое» (2005–2006), « Ян Павел ІІ. Рымскі трыпціх» (2003; разам з Данутай Бічэль). Зімой 2013 года перанёс гематому правага вока, цалкам страціў зрок. Інвалід першай групы. Жыве зусім адзін у Скідзелі.

    БОЛЬШ ПА ТЭМЕ ЗАБАРОНАЎ У БЕЛАРУСІ — ПА ТЭГУ ЗА!БАРОНА

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці