Не даць забыць пра Беларусь. Прадстаўнікі БАЖ у Хельсінкі прымуць удзел у адкрыцці выставы пра зняволеных калег
Сёння ў Media museum у Хельсінкі пройдзе акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія знаходзяцца за кратамі. Там адкрываецца сцяна з паштовымі скрынямі, якая стане часткай пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай свабодзе прэсы.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ
Удзел у акцыі салідарнасці, арганізаванай Фінскім саюзам журналістаў і арганізацыяй «Рэпарцёраў без межаў- Фінляндыя» прыме намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, прадстаўніца БАЖ Кацярына Васілёнак і былы палітзняволены Леанід Судаленка.
— Заўтра ўжо 4 гады з моманту, калі ў Беларусі ідзе ўзброеная вайна супраць журналістаў. Толькі публічна мы ведаем пра 37 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя, якіх Лукашэнка трымае ў сваіх турмах за іх прафесію. Не даць свету забыць пра іх, іх лёсы, іх сем’і, іх жыццё за кратамі — такая мэта гэтай акцыі і ўсіх акцый Марафону салідарнасці, які праводзіць БАЖ. І мы вельмі ўдзячны нашым скандынаўскім партнёрам за тое, што дапамагаюць нам у гэтым, — гаворыць Барыс Гарэцкі.
Акрамя акцыі прадстаўнікі БАЖ сустрэнуцца з журналісцкімі арганізацыямі Фінляндыі і прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў гэтай краіны.
