У памяць пра Еву Вежнавец прапануюць заснаваць літаратурную прэмію
9 жніўня ў Варшаве ў бары Karma пройдзе кніжны маркет, прысвечаны памяці пісьменніцы і журналісткі Святланы Курс, вядомай пад псеўданімам Ева Вежнавец. Падчас яго будуць збіраць сродкі на заснаванне прэміі імя выбітнай беларускі.

Святлана Курс. Фота: Радыё Свабода
Частку выручкі ад кніжнага маркета выдавецтвы накіруюць сям’і Святланы Курс, а таксама на прэмію яе імя, пра якую арганізатары аб’явяць напярэдадні падзеі, паведамляе «Медиазона. Беларусь».
Ідэю заснавання прэміі імя Евы Вежнавец падтрымалі блізкія пісьменніцы і Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
«Некалькі месяцаў таму Святлана Курс, вядомая пад псеўданімам Ева Вежнавец, напісала: «Дарагія, весяліцеся, гуляйце і куралесце. Няхай на старасьць у вас будзе запас добрых адчуваньняў і сьвятло вашага аптымізму». Мы хочам, каб гэты дзень стаў працягам яе слоў. Таму зноў збіраемся разам, каб падтрымаць беларускую культуру», — тлумачаць арганізатары.
Падчас маркета беларускіх выдаўцоў можна будзе зрабіць ахвяраванне на падтрымку сям’і і прэміі.
Сярод удзельнікаў імпрэзы — выдавецтвы «Янушкевіч», «Мяне Няма», «Полацкія лабірынты», Kamunikat ды іншыя. Таксама можна будзе набыць кнігі выдавецтваў «Пфляўмбаўм» і Gutenberg Publisher. Запланавана чытка новай кнігі Максіма Жбанкова самім аўтарам.
Кніжны маркет адбудзецца 9 жніўня 2026 года па адрасе: Karma Crew, Al. 3 Maja 15, 00–381, Warszawa.
- 15.30–20.00 — маркет.
- 19:00 — ШокінгКульт live! Максім Жбанкоў з аўтарскай чыткай новай кніжкі пад акустычны псіхадэл.
«Яна назаўжды ў літаратуры і нашым жыцці». Беларусы ўзгадваюць Святлану Курс
@bajmedia