• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Ваўкавыску судзяць зняволенага блогера Паўла Вінаградава

    Пасяджэнне суда Ваўкавыскага раёна па справе палітзняволенага Паўла Вінаградава, які на сёння адбывае прысуд у папраўчай калоніі № 11, носіць назву «Аб пераводзе ў  папраўчую ўстанову іншага віду і змянення ўмоў рэжыму».

    На працэс прызначаны суддзя Мікалай Сяргейка. Паседжанне 6 снежня пачнецца а 16.50.

    Павел Вінаградаў — грамадскі актывіст, блогер, тэлевядоўца. Яго затрымалі 22 снежня 2021 года ў Беразіне (Мінская вобласць), дзе ён жыў з сям’ёй. За допіс у Face­book Паўла абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 387 КК (паклёп на прэзідэнта).

    Суд над Паўлам Вінаградавым распачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абвесцілі 16 сакавіка 2022 года — пазбаўленне волі на 5 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Пра сутнасць новай справы супраць Паўла Вінаградава пакуль невядома. Верагодна, вынікам новага працэсу супраць Паўла Вінаградава стане перавод палітвязня на турэмны рэжым.

    Затое на сёння вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску стварыла невыносныя ўмовы палітвязню. «Тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей», — так гэтыя ўмовы апісаў сам Павел Вінаградаў. Паводле звестак, якія Павел перадаў на волю, ён «апошнія амаль шэсць месяцаў з сямі правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі, зараз атрымаў два месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу — БАЖ)».

    У калонію ў Ваўкавыску Павел Вінаградаў быў накіраваны ўлетку 2022 года, але неўзабаве стала вядома, што ён захварэў на сухоты — палітвязня перавялі ў Оршу ў спецыялізаваную калонію № 12, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія хварэюць на туберкулёз. К таму часу малады мужчына рэзка страціў вагу — схуднеў на 36 кілаграмаў.

    Але такі стан здароўя вязня не перашкодзіў адміністрацыі ПК-12 змясціць яго амаль адразу ў штрафны ізалятар на месяц і пазбавіць харчовай перадачы ад сваякоў.

    Пасля ШІЗА Вінаградава паўгода трымалі памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Па завяршэнні курсу лячэння ў ПК-12 сёлета ў лютым яго вярнулі ў ваўкавыскую калонію.

    Яшчэ ў жодзінскай турме, дзе Паўла ўтрымлівалі да суда, яго паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». Падчас следства таксама трымалі тыдзень у штрафным ізалятары.

    Грамадскі актывіст стаў палітвязнем другі раз. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго асудзілі на 4 гады зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах.

    Павел Вінаградаў — адзін з рэкардсменаў у прэвентыўных затрыманнях, яго затрымлівалі літаральна перад усімі масавымі мерапрыемствамі ў Беларусі.

    Незадоўга да затрымання, у лістападзе 2021 года, Павел Вінаградаў пасля чарговага паходу ў Следчы камітэт у якасці фігуранта той самай справы, за якую ён атрымае 5 год калоніі, сказаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода», што не збіраецца пакідаць Беларусь.

    «Мой прагноз, што ўсё гэта скончыцца добра. Калі гэтае “добра” будзе, я сказаць не вазьмуся. Але будзе дакладна. У 2020 годзе мы ўсе думалі, што ўжо вось-вось. У 2021 ужо няма такога адчування. Але ў Беларусі проста няма іншага выбару, як стаць нармальнай дэмакратычнай краінай», — зазначыў тады Павел Вінаградаў.

    Падтрымайце Паўла! Лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць на адрас: Папраўчая калонія № 11, 231900, Гродзенская вобласць, г. Ваўкавыск, вуліца Ракасоўскага, 118. Павел Юр’евіч Вінаградаў.

    Чытайце яшчэ:

    «Папяровыя шчыты не дапамагаюць». Юрысты ўздымаюць пытанне аб абароне крыніц інфармацыі

    На сустрэчу з віцебскімі падлеткамі запрасілі блогера, які ў сваіх відэароліках зневажае настаўнікаў і ўжывае ненарматыўную лексіку

    Журналіцкая супольнасць сабрала сродкі на рэабілітацыю калегі пасля жорсткай аварыі. Збор зачынены

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці