• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У зняволенага журналіста Паўла Мажэйкі з’явілася «хросная»

    Дэпутатка нямецкага Бундэстага Мануэла Ротман узяла на сябе абавязкі  сімвалічнай хроснай палітычнага вязня, гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі.

    «Я падтрымліваю ўсіх людзей у Беларусі, якіх пераследуюць па палітычных матывах, і якія, нягледзячы на небяспеку і дзяржаўны тэрор, адстойваюць права на свабоду выказвання меркаванняў, вяршэнства закона і абарону правоў чалавека. Яны заслугоўваюць маёй салідарнасці і маёй глыбокай павагі. Менавіта таму я ўзяла на сябе абавязкі «хроснай» Паўла Мажэйкі, журналіста, асуджанага да шасці гадоў турэмнага зняволення за «падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці» за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў. Свабода друку, свабода выказвання меркаванняў і права на справядлівае судовае разбіральніцтва з’яўляюцца правамі чалавека. Іх неабходна абараняць і выконваць у любых абставінах. Таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення Паўла Мажэйкі і ўсіх палітычных вязняў у Беларусі #WeS­tand­BYy­ou», — патлумачыла сваё памкненне дэпутатка ад партыі «Альянс 90 / Зялёныя».

    Да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму Павел Мажэйка быў асуджаны 26 ліпеня 2023 года. Суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў прызнаў журналіста, кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» вінаватым паводле ч. 2 арт. 361–4 Крымінальнага Кодэкса — за «іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове».

    Паводле абвінавачання, адвакатка Юлія Юргілевіч, асуджаная разам з журналістам, перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама звесткі пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна і прызначэнне яму пакарання. Следства сцвярджала, што Павел Мажэйка нібыта перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на «Белсат».

    Ні Юлія Юргілевіч, ні Павел Мажэйка сваёй віны не прызналі.

    17 кастрычніка 2023 года Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў іх апеляцыйныя скаргі і пакінуў без задавальнення, а прысуд — без зменаў.

    20 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.

    Кампанію салідарнасці з беларускімі палітычнымі вязнямі #WeS­tand­BYy­ou запачаткавала нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libere­co — Партнёрства за правы чалавека», у межах гэтай кампаніі  шмат у якіх беларускіх палітвязняў з’явіліся сімвалічныя хросныя. Іх задача — прыцягваць увагу грамадскасці да сваіх «хрэснікаў», асуджаных па палітычных матывах.

    Чытайце яшчэ:

    На Магілёўшчыне правялі ператрусы ў сямі чалавек, імаверна ў звязку з прызнаннем мясцовых СМІ «экстрэмісцкімі» фармаваннямі

    Ізноў ператрус у Змітра Лупача. Гэтым разам у вясковай хаце

    Палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута пазбавілі перадачы і спаткання

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці