• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ларыса Шчыракова адмовілася пісаць апеляцыю на прысуд

    Журналістка і краязнаўца з Гомеля Ларыса Шчыракова не стала падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд на вырак, вынесены ёй Гомельскім абласным судом. Ужо на гэтым тыдні Шчыракову, верагодна, этапуюць з СІЗА ў жаночую папраўчую калонію № 4, размешчаную тут жа ў горадзе на вуліцы Антошкіна.

    Пра сваю адмову аспрэчваць вырак жанчына паведамляла на волю яшчэ да пачатку судовага працэсу, лічачы гэта марным заняткам. Тое ж самае яна паўтарыла ў судовай зале пасля агучвання прысуду. Напісанне апеляцыйнай скаргі ў такіх крымінальных справах, як у журналісткі, толькі падаўжае знаходжанне ў следчым ізалятары, але не змяняе вырак па сутнасці.

    Ларысу Шчыракову следчыя звінавацілі спачатку ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК), а пасля дадалі яшчэ і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1, 2 арт. 361–4 КК). Пракуратура падтрымала кваліфікацыю.

    31 жніўня суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля агучыў вырак: тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай штрафу памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

    Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Адкрытым зрабілі толькі агучванне рэзалюцыйнай часткі прысуду. Паводле матэрыялаў следства, Ларыса Шчыракова «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».

    Якія гэта звесткі — невядома. Яна ж, паводле абвінавачвання, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».                       

    Нагадаем, рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ тэлеканал «Белсат» і яго сайт на YouTube-канале, а таксама акаўнты ў Telegram, Insta­gram, Twit­ter, Face­book, VK і «Одноклассники» былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. «Гомельская вясна» і афіляваныя з ёй сацсеткі абвешчаныя такімі 9 жніўня 2023 года — калі ўжо ішоў суд над Шчыраковай.

    Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі Ларысу Шчыракову 6 снежня 2022 года пасля ператрусу ў доме. Ад таго часу яе ўтрымліваюць у гомельскім СІЗА, адкуль і вазілі ў суд. У дзень затрымання журналісткі яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Сына Ларыса расціла адна, з мужам яна даўно ў разводзе. Але служба апекі не дазваляла забраць Святаслава ні дзядулі, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, які па выкліку сваякоў адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска.

    За кратамі 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла 50-годдзе. У сваіх апошніх лістах на волю пісала, што яе не ўдасца зламаць.

    Паводле адукацыі Ларыса Шчыракова — гісторык з веданнем англійскай мовы. Яна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову. У свой час кіравала моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідаваная ўладамі ў 2021 годзе). Пазней захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя. За супрацу з незалежнымі медыямі без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову затрымлівалі і на падставе адміністрацыйных пратаколаў, складзеных міліцыяй, штрафавалі праз суды больш як 40 разоў. Асвятляла яна і пратэсты ў рэгіёне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Але два гады таму, яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, Шчыракова адышла ад журналістыкі, пра што заявіла публічна.  Летась яна стала вучыцца завочна ва ўніверсітэце на псіхолага. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай. Прапанавала гамельчукам фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай калекцыі. Мела таксама ўласны медыяпраект «Забітыя і забытыя», здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных жыхароў Гомельшчыны ў гады сталінскіх рэпрэсій і змяшчала іх на YouTube.

    Чытайце яшчэ:

    Фізічныя пагрозы, дэзінфармацыя, цэнзура. Шэсць сучасных выклікаў для медыя

    Названыя пераможцы конкурсу «Вольнае слова». ФОТА

    «Пазл склаўся». Ігар Ільяш пракаментаваў гіпотэзу, якая пралівае святло на другі прысуд Кацярыне Андрэевай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці