• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Украіна асуджае напад беларускіх уладаў на прадстаўнікоў СМІ», — МЗС Украіны ў лісце да Нацыянальнага саюза журналістаў

    З самага пачатку пратэстнага руху ў Рэспубліцы Беларусь пазіцыя Украіны была відавочнай: выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і сумленнымі, а рэпрэсіі супраць журналістаў абуральныя. Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя кіраўніка Нацыянальнага саюза журналістаў Сергія Таміленкі, які прыйшоў з Міністэрства замежных спраў Украіны за подпісам дырэктара Другога тэрытарыяльнага ўпраўлення Васіля Зварыча.

    Падставай для рэакцыі Міністэрства замежных спраў стаў нядаўні зварот Нацыянальнага саюза журналістаў (НСЖУ) да прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля з просьбай адказаць на недапушчальныя дзеянні ўладаў Рэспублікі Беларусь у дачыненні да журналістаў і каштоўнасцей свабоды слова. Ліст быў адпраўлены ў канцы сакавіка і быў прымеркаваны да Дня Волі ў Беларусі.

    Украінская журналісцкая супольнасць патрабавала неадкладнага вызвалення 11 зняволеных на той момант журналістаў, спынення адміністрацыйных і крымінальных працэсаў супраць беларускіх медыйшчыкаў і аднаўлення дзейнасці Прэс-клуба Беларусь, а таксама ўвагі ААН, АБСЕ, Савета Еўропы і ЕС да сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

    Зварот НСЖУ быў часткай міжнароднай акцыі салідарнасці, ініцыяванай Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў (EFJ). Міністэрства замежных спраў Украіны накіравала афіцыйны ліст у Саюз журналістаў у падтрымку рэпрэсаваных беларускіх журналістаў.

    «Наша дзяржава салідарна з пазіцыяй ЕС, ЗША і іншых міжнародных партнёраў наконт нелегітымнасці вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, не прызнае «наўгурацыю» Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыцца ў лісце. — Мы замарозілі палітычны дыялог і ўсе кантакты на самым высокім узроўні да ўрэгулявання ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі. Усе запланаваныя двухбаковыя мерапрыемствы таксама прыпыняюцца альбо адмяняюцца. У адказ на рашэнне Мінскага суда пазбавіць волі прадстаўнікоў СМІ за журналісцкую дзейнасць 21 лютага 2021 г. (Размова ідзе пра прысуд Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай, якіх пакаралі двума гадамі калоніі за стрым. — Рэд.) міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба разам з міністрам культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны Аляксандрам Ткачэнкам асудзілі дзеянні інстытутаў улады ў Беларусі ў  пераследзе і рэпрэсіях супраць журналістаў».

    «Украіна рашуча выступае ў абарону дэмакратыі і свабоды журналісцкай дзейнасці, а таксама з міжнароднай супольнасцю асуджае напад беларускіх уладаў на прадстаўнікоў СМІ», — адзначае МЗС у лісце да Нацыянальнага саюза журналістаў

    На момант звароту НСЖУ да ўкраінскага прэм’ер-міністра ў Беларусі палітзняволенымі былі прызнаныя 298 чалавек. Іх адрасы, у тым ліку з арыштаванымі журналістамі, размешчаны на сайце www.prisoners.spring96.org.

    Ад пачатку масавых пратэстаў у Беларусі супраць абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе  Нацыянальны саюз журналістаў Украіны пастаянна праводзіў акцыі салідарнасці з беларускімі калегамі і далучаўся да іх, падтрымліваючы  ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

    #увесьсветзнамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці