• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе экспэрты». На судзе ў справе Генадзя Мажэйкі разгледзелі 9 тамоў матэрыялаў справы

    У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс на журналістам Генадзем Мажэйкам. Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская, якая нядаўна прысудзіла 8 гадоў калёніі экс-журналістцы БТ Ксеніі Луцкіной.

    На 14 сьнежня ў суд у справе былога журналіста «„Комсомольской правды“ в Беларуси» выклікалі экспэртаў, якія праводзілі судовую фонаскапічную экспэртызу. Суд павінен вызначыць, каму належыць голас на аўдыёзапісе, знойдзеным у дыктафоне журналіста.

    Разгледзелі 9 тамоў справы, прыступілі да разгляду рэчавых доказаў

    На папярэднім паседжаньні суд разглядзеў тры апошнія тамы справы — пісьмовыя матэрыялы. А ўсяго ў справе дзевяць тамоў. Таксама пачаўся разгляд рэчавых доказаў: шматлікіх флэшак, цьвёрдых дыскаў, ноўтбука, фатаздымкаў. Аднак пракурорка зазначыла, што нічога зь пералічанага ня мае дачыненьня да справы. Таму ўсе гэтыя рэчы будуць вернутыя Мажэйку.

    Бацька Генадзя Мажэйкі прынёс у суд цэлую тэчку са шматлікімі граматамі, дыплёмамі, якімі Генадзь быў узнагароджаны за 12 гадоў працы ў «Камсамолцы». Там ёсьць грамата ДАІ і мэдаль МУС «Абавязак, парадак, справядлівасьць».

    У кастрычніку 2021 году падчас ператрусу ў кватэры Генадзя ў ліку іншых рэчавых доказаў забралі працоўны дыктафон журналіста. Знайшлі там аўдыёзапіс сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерам Варанецкім у Лошыцы, якая адбылася летам 2020 году.

    Паводле вэрсіі сьледзтва, Мажэйка на гэтай сустрэчы агітаваў супраць дзейнай улады і падтрымліваў «апазыцыйна настроеных» удзельнікаў, «парушаючы агульначалавечую мараль».

    «З аўтаматам бегаць… Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта вар’ят», — зачытаў пракурор словы з матэрыялаў справы, якія, паводле судовай фанаскапічнай экспэртызы аўдыязапісу, прамовіў журналіст.

    Сам Генадзь Мажэйка яшчэ ў першы дзень суду пацьвердзіў, што прысутнічаў у 2020 годзе на сустрэчы дэпутата Варанецкага з выбарнікамі, але моўчкі сядзеў з ноўтбукам і занатоўваў — рабіў рэпартаж. А словы, якія прыпісваліся яму, сказаў іншы чалавек, які сядзеў побач.

     

    «Зразумела, што Гена нічога не выкрыкваў на сустрэчы з дэпутатам, ён працаваў там як журналіст»

    Адвакат Генадзя Мажэйкі знайшоў відэазапіс той сустрэчы, які далучылі да матэрыялаў справы і 14 сьнежня будуць разглядаць у судзе. Таксама абаронца журналіста настаяў, каб у суд выклікалі адмыслоўцаў, якія рабілі экспэртызу.

    Сябар Мажэйкі, які ходзіць на ўсе судовыя паседжаньні, кажа, што адвакат высьветліў, хто сядзеў побач з Генадзем і выкрыкваў тыя словы.

    «Гэта сівы дзядок, які нарадзіўся ў 1930‑х гадах. І вельмі добра, што адвакат дамогся, каб далучылі і разгледзелі відэазапіс. Мы спадзяёмся, што гэта шанец. Бо зразумела, што Гена нічога не выкрыкваў на сустрэчы з дэпутатам, ён працаваў там як журналіст.

    Усё залежыць ад таго, як павядуць сябе экспэрты. Яны ж разглядалі аўдыёзапіс сустрэчы, які быў знойдзены ў дыктафоне Генадзя. А тут знайшоўся відэазапіс, мы вельмі на яго спадзяёмся», — кажа сябар Генадзя Мажэйкі.

     

     

     

    Перасьлед Генадзя Мажэйкі

    Журналіста Генадзя Мажэйку абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») за згаданую рэпліку, нібыта прамоўленую ім на сустрэчы з дэпутатам. А таксама паводле ч. 1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці). Тут маецца на ўвазе публікацыя на сайце kp.by кароткай размовы з былой аднаклясьніцай Андрэя Зельцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ.

    У апублікаваным на kp.by артыкуле аднаклясьніца станоўча характарызавала Зельцара. Публікацыя «правісела» на сайце некалькі хвілін. На наступны дзень сайт беларускага выданьня «КП» быў заблякаваны, неўзабаве перастала выходзіць і папяровая вэрсія газэты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці