• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вядомыя медыйшчыкі падводзяць вынікі года: The Village, “натыўка”, пераслед “Белсата” і многае іншае

    Беларуская асацыяцыя журналістаў папрасіла калег прыгадаць галоўныя падзеі адыходзячага года ў сферы медыя. І вось што з гэтага атрымалася...

    Итоги года белорусских интернет-СМИ от Михаила Дорошевича

     

    Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар “Нашай Нівы”

    Пераломнага сёлета нічога не было. З пункцірных падзей узгадваецца з’яўленне новых інфармацыйных рэсурсаў — The Vil­lage Беларусь, Ref­or­ma­tion, “Наша Ніна”. Ну, і звальненне Ананіч — дробязь, а прыемна. А для “Нашай Нівы” важна, што мы ўпершыню выйшлі на трэцяе месца сярод медыя па колькасці праглядаў.

    Сяргей Сахараў, галоўны рэдактар гарадскога сайта CityDog

    У гэтым годзе было ажно тры медыяшколы: “Школа медыяменеджэраў” (арганізатар —  гродзенскі “Трэці сектар», інфармпадтрымка Школа журналістыкі IBB і Deutsche Welle Akademie), сумесная медыяшкола БАЖ і ІПМ, а таксама школа Re:media. Dig­i­tal Age Lead­ers (арганізатар — “Прэс-клуб”). Чым болей дырэктары, рэдактары і выдаўцы будуць вучыцца — тым лепей!

    Сёлета агульнанацыянальны лідар у інтэрнэце — TUT.BY. Гэта не аднойчы засведчыў Gemius. Каманда Марыны Золатавай засвоіла мантру: “Мы — чацвёртая ўлада”. І калі год-два таму гэта заява ўспрымалася са скепсісам, то цяпер відавочна: TUT.BY — інфармацыйны і, што важна, тэхналагічны лідар сярод беларускіх медыяў. І яны сапраўды здольныя ўплываць на парадак дня.

    Рэгіянальны лідар — баранавіцкі сайт Intex-Press.by. Ведаю, як зайздросцяць ў Мінску і ў рэгіёнах Уладзіміру Янукевічу — вось дзе гуру медыяменеджмента: у чалавека хранічнае ўменне выжываць і развівацца, на нейкім генетычным узроўні прага збіраць вакол сябе каманду і рабіць канкурэнтны прадукт.

    Самыя заўважныя новыя праекты года:

    Наша Ніна” — першы тэматычны сайт-праект “Нашай Нівы” для жанчын. 

    Бинокль — берасцейскі лайфстайл-часопіс: вельмі актыўны, прэтэнцыёзны ў добрым сэнсе слова і такі медыятар гарадскіх змен на ўзроўні крэатыўнага класа рэгіёна. 

    The-Vil­lage — у сталіцы нарэшце запусцілі маскоўскую франшызу. Як чалавек зацікаўлены, адзначу, што канкурэнцыі на медыярынку не стае, таму з’яўленне гарадскога часопіса — гэта гуд!

    Office Life — досыць прыстойны па змесце і па дызайне друкаваны часопіс з’явіўся ў анлайн-фармаце. Пакуль рана штосьці на гэты конт казаць, але некаторыя прыёмы апрацоўкі інфармацыі, што рэдакцыя сайта выкарыстоўвае, варта зазначыць усім выдаўцам.

    Пяршак— рэдакцыя 34mag.net запусціла асобным праектам сайт пра сучасную музыку. Вельмі неадназначнае і смелае рашэнне, асабліва ў беларускай сітуацыі, намёртва прывязанай да расійскай інфармацыйнай прасторы.

    Downshifter.by — у байнэце нарэшце з’явіўся сайт, пра які марыла не адно пакаленне хутарскіх даўншыфцераў. Журналістка Аўгіння Манцэвіч і яе муж Верасень сабраліся з сіламі і пачалі анлайн-праект для тых, хто збіраецца ці ўжо з’ехаў з гарадской цывілізацыі ў вёску. Выдатныя гісторыі, добрыя фоты і карысныя парады. Адназначна выбар года.

    Валер Каліноўскі, рэдактар службы навінаў “Радыё Свабода”

    Галоўная падзеі медыясферы сёлета — гэта тэлеканал “Белсат”: фінансавы скандал разгарнуўся да 10-годдзя тэлеканалу, але скончыўся добра, таксама пераслед фрылансераў.

    Саша Раманава, дырэктар выдавецтва «Мінт Медыя»

    Запуск сайта The Vil­lage Беларусь, па сутнасці, першай франшызы ў Беларусі ў галіне гарадскіх анлайн-выданняў, безумоўна, — падзея.

    Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН

    Я б адзначыў сёлета прафесійную працу недзяржаўных медыя падчас “дармаедскіх” пратэстаў (плынь інфармацыі, каментары, анлайны). Дарэчы, сацыялогія (Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага) зафіксавала тады ўздым даверу да незалежных СМІ — У такія крызісныя моманты выразна бачна, хто ёсць хто.

    Дзяржаўныя СМІ паклёпнічалі, а журналісты незалежных медыя выконвалі менавіта журналісцкую місію, хоць іх траплялі пад раздачу. Ганаруся калегамі за такія моманты ісціны!

    Антон Кашлікаў, рэдактар 34mag.net

    Падзеямі года я б назваў адкрыццё мінскага The Vil­lage і перазапуск нашага “Першака”. Цяпер гэта фактычна асобны сайт пра музыку.

    Сяргей Гудзілін, фатограф

    У 2017 годзе было дзве навіны. Добрая: запуск The Vil­lage — хоць і маскоўская франшыза, але ўсё ж паказчык развіцця медыярынку. Дрэнная — сыход Аляксандра Васюковіча з TUT.BY. Ну і выстава праекту «Имена» — новыя формы камунікацыі з чытачом.

    Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік “Белсата” ў Беларусі

    Для мяне важна тое, што адбываецца вакол мяне штодзённа. Сёлета мы ўпершыню змаглі сапраўды пераканацца, наколькі важны “Белсат” для Беларусі. Вясновыя акцыі пратэстаў паказалі, якая  вялікая роля спадарожнікавай тэлевізіі. Дзякуючы нам, людзі ў мястэчках і вёсках, нават калі ў іх няма доступу да інтэрнэту, маглі сачыць за тым, што адбываецца на вуліцах вялікіх гарадоў. Адна жанчына ў Пінску нават распавяла, што даведалася мітынг у яе горадзе з эфіру “Белсата”.

    Рост папулярнасці каналу пацвердзіла і сацыялогія. Пра нас ведаюць 30 % дарослага насельніцтва Беларусі, 12 % глядзяць нас стала, а 80 % давяраюць нашай інфармацыі. Пра рост ролі “Белсата” сведчаць і дзеянні ўладаў: ад пачатку года нашых журналістаў штрафавалі 60 разоў, яны сплацілі дзяржаве 46 138 рублёў. Урэшце, сёлета “Белсат” святкуе 10-годдзе пачатку эфірнай працы. Гэта важная для нас дата і мы з вялікім аптымізмам глядзім на будучыню тэлеканалу, а значыць і ўсёй беларускай медыйнай супольнасці.

    Ірына Леўшына, галоўны рэдактар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

    Гучных падзей, сюжэтаў у гэтым годзе было нямала. І ў многіх выпадках улады вымушаныя былі адступіць, дзякуючы сумесным намаганням супольнасці і журналістаў.

    Так адбылося і з дэкрэтам «дармаедаў», і са «справай патрыётаў», і з будаўніцтвам бізнес-цэнтра ў Курапатах, і з судом па справе аб «хатніх родах» у Віцебску. Здабыткам галоснасці сталі выпадкі гібелі салдатаў тэрміновай службы ў войску, паляцелі пагоны…

    Нечакана масавыя, асабліва для рэгіёнаў, выступы супраць дурнога дэкрэта. Малайчына Ніна Шыдлоўская, якая стала цэнтрам дапамогі фігурантаў «справы патрыётаў». Неверагодныя Дашкевіч з Пальчэўскім і іншыя хлопцы-абаронцы Курапатаў. Яны — героі, без усялякага перабольшання. Але побач з імі былі журналісты, шырокі грамадскі рэзананс — і гэта спрацавала.

    Упершыню за многія гады з’явілася адчуванне, што нават у нашай краіне СМІ рэальна могуць быць «чацвёртай уладай».

    Асобна хачу адзначыць у якасці медыйнай падзеі адыходзячага года адстаўку сп-ні Ананіч з пасады міністра інфармацыі. Як я рада, як рада — не сказаць! Новы міністр сябе пакуль ніяк не праявіў, але горш за Ананіч на гэтай пасадзе ўявіць кагосьці складана. Асабіста для мяне яе адстаўка стала сапраўдным падарункам.

    Ганна Шутава, кіраўніца Marketing.by

    Цікавых падзей у гэтым годзе ў медыя было нямала. З выхадаў на рынак адзначу: запуск выдання The Vil­lage Беларусь, запуск жаночага раздзелу ў “Нашай Нiве” “Наша Ніна”, Sportweek.by і мужчынскі анлайн часопіс Мужской.БЕЛ. Атрымліваецца, што за выключэннем The Vil­lage, запусціліся больш вузканішавыя праекты, чаго ў Беларусі не хапае, на мой погляд.

    У дыджытал заўважны рост прыбытку на натыўных артыкулах і спецпраектах. З жаданнем зарабляць больш звязана пашырэнне штату выданняў спецыялістамі па продажах, менеджэрамі па развіцці. Гэтая ж матывацыя рухае беларускія СМІ ў бок большага крэатыву ў рэкламе, ідзе пошук новых фарматаў, пошук часам пакутлівы, бо калі спрабуеш адаптаваць нешта паспяховае з суседніх краін, непазбежна натыкаешся на а) абмежаванасць свайго рэсурсу б) недахоп спецыялістаў на рынку. Маю на ўвазе, напрыклад, відэографаў, крэатыўшчыкаў, капірайтараў, smmшчыкаў, якія ўмеюць прасоўваць канкрэтна медыя.

    Вельмі моцна падвысілася доля навін і матэрыялаў наогул, якія медыя «выкопваюць» з сацсетак. Складана ацаніць статыстычна, які гэта працэнт у агульным кантэнце. Да прыкладу, расійскія калегі кажуць, што для больш як 70 % матэрыялаў у СМІ крыніцай выступаюць сацсеткі. А аўтарскага матэрыялу — ад 1\4 да 1\6.

    Такія лічбы прыводзіў Алег Палятаеў, віцэ-прэзідэнт Расійскай асацыяцыі па сувязях з грамадскасцю. А годам раней прыкладна такія ж дадзеныя называлі калегі з Літвы. З аднаго боку, гэта зразумела і лагічна, з другога, нашы СМІ занадта захапляюцца так званым сацыяльным хайпам, які часам зусім не акрэслівае рэальнай праблемы ў той ці іншай супольнасці.

    Хутчэй гэта эмацыйна надзьмутая інфармацыйная «бурбалка». У выніку — сур’ёзныя праблемы часам застаюцца па-за эфірам медыя.

    Пэўнага роду перамогай беларускіх СМІ ў гэтым годзе я б назвала ўдзел у сітуацыі вакол драмы ў вайсковай частцы ў Пячах. Склалася уражанне, што менавіта ціск медыя дапамог хоць неяк зрушыць гэтую гару хлусні і даць зразумець чытачам, што медыя могуць мець рэальны ўплыў.

    Святлана Калінкіна, журналістка

    Галоўнае ў 2017 годзе — гэта беспрэцэдэнтны ціск на фрылансераў. Не было тыдня, каб не прыходзілі такія навіны…

    Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт

    Важныя падзеі сёлета — вяртанне практыкі затрыманняў і штрафаў, новы міністр інфармацыі і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў шэрагу выдаўцоў папяровых газет.

    Андрэй Аляксандраў, намеснік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

    Мне падаецца, важнымі падзеямі сталі запускі адукацыйных праграмаў па медыяменеджменту. А таксама падзеі ў лютым-сакавіку з кульмінацыяй 25 сакавіка: тэхнічныя медыйныя навароты кшталту дронаў, анлайнаў і гэтак далей супраць па-олдскульнаму брутальнай улады.

    Марына Золатава, галоўны рэдактар TUT.BY

    Я лічу, што для медыяў гэта быў цікавы год. Цікавы час. Час выпрабаванняў і выклікаў. Час з’яўлення новых фарматаў. Працаваць і сачыць за калегамі было вельмі цікава. І тут навіны пра нас і для нас ёсць як добрыя, так і не вельмі. Я пачну з добрых.

    Акцыі пратэсту недармаедаў паказалі, што беларускія незалежныя медыя сталі ўплывовай крыніцай інфармацыі: як па змесце, там і па форме. Бо трансляцыі і відэасюжэты, якія рабілі і TUT.BY, і “Радыё Свабода”, і “Наша Ніва”, і “Белсат” глядзелі агулам мільёны людзей. І я ўпэўненая, што менавіта нашая праца прывяла да таго, што ўлады перагледзелі сваё рашэнне.

    Іншая рэч, што падчас акцый затрымлівалі журналістаў, а колькасць штрафаў, выпісаных журналістам за працу без акрэдытацыі перасягнула палову сотні (ужо напрыканцы жніўня іх было 46). Падзея, якая найперш закранула дзяржаўныя СМІ, гэта, вядома, «справа Белага легіёну». Каментаваць гэта не буду. Здаецца, тут усё зразумела.

    Пра тэхналогіі і новыя фарматы. Наўрад ці засталіся тыя, хто ўпарта не займаецца развіццём сацсетак і амаль немагчыма знайсці тых, хто не робіць сацвідэа. Больш за тое, беларускія медыя пачалі эксперыментаваць з відэаэксплэйнерамі і з падкастамі. Пакуль нельга сказаць, што ёсць удалыя праекты, але цікавыя дакладна ёсць. На TUT.BY, напрыклад, за апошні месяц з’явілася 5 відэаэксплэйнераў. І яны, па шчырасці, нам падабаюцца. Будзем працягваць і развіваць.

    Дакладна ведаю, што многія анлайн-рэдакцыі займаюцца вэб-аналітыкай, што робіць іх працу больш асэнсаванай, больш сучаснай. З задавальненнем сачу за поспехам праекта Каці Сінюк «Имена».

    Сёлета «Про бизнес» выйшаў за межы Беларусі. Першыя вынікі аптымістычныя. І гэта супер!

    Разам з тым, ёсць рэчы, якія засмучаюць: неахайная праца з фактамі і ангажаванасць. Яны нікуды не зніклі. Я не буду называць канкрэтныя прыклады, але іх багата. Фотачкі з сацетак, пасты з‑пад замка без каментаў і спасылак на іншыя крыніцы — колькі такой “інфы” перацякло на старонкі медыяў?!

    Яшчэ мяне бянтэжыць надзвычай агрэсіўнае ўкараненне “натыўнай рэкламы”. Не сама яна, а тое, як гэта адбываецца. Бо кожны ўкладае свой сэнс у гэтае паняцце, і неахайнае стаўленне да гэтай тэмы можа дрэнна адбіцца і на якасці кантэнту, і на даверы аўдыторыі да медыя.

    Я разумею, што і кліенты, і камерцыйныя службы шукаюць новыя, больш эфектыўныя шляхі прасоўвання, але тут важна захоўваць баланс інтарэсаў і не падманваць чытачоў. Яны нам гэтага не даруюць. І мы сабе — таксама.

     

    Ад аўтара

    Вось такімі былі галоўныя падзеі 2017 года. Дзякую кожнаму, хто сёлета рабіў беларускую журналістыку больш глыбокай, якаснай, мультымедыйнай, аналітычнай і цікавай. Сёлета беларускія медыя яскрава даказалі, што мы ўмеем і хочам развівацца, ісці наперад, адкрываць новыя тэмы, глядзець на іх з іншага ракурсу і знаходзіць новага чытача.

    Няхай 2018 год будзе яшчэ больш цікавым і плённым! З надыходзячым!

     

    Фота “Радыё Свабода” , Аляксандр Taran­ti­no Ждановіч, budzma.by, btools.by, belprauda.org, TUT.BY, mediakritika.by, marketing.by
     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці