• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні». Год з жыцця Кацярыны Андрэевай

    Сёння, 2 лістапада, журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай спаўняецца 29 гадоў. Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які Каця сустракае за кратамі: яе арыштавалі 15 лістапада 2020-га. Belsat.eu распавядае, што адбывалася з Кацярынаю цягам апошняга года.

    Ціск і новая справа

    З канца траўня 2021 года да пачатку лютага 2022-га Кацярына Андрэева была ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. Як распавядала журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якая адбывала пакаранне там сама, Каця тады зазнала моцны ціск з боку адміністрацыі: ад яе дамагаліся падпісання прашэння аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Кацярыну кінулі ў 9‑ы атрад, вядомы здзекамі з палітзняволеных: былі правакацыі, шантаж, ціснулі псіхалагічна. Але прашэння журналістка так і не падпісала.

    Тэрмін пакарання Кацярыны мусіў завяршыцца 5 верасня 2022 года, сваякі ўжо адлічвалі месяцы і нават тыдні да вызвалення. Але 10 лютага журналістку нечакана этапавалі ў гомельскі СІЗА. Цягам 55 дзён блізкія не ведалі, у якім статусе і ў межах якой справы трымаюць Кацярыну. Сям’і казалі, што яе змясцілі ў следчы ізалятар у сувязі з нейкімі «працэсуальнымі дзеяннямі».

    7 красавіка высветлілася, што Кацярыне выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»), які прадугледжвае пакаранне ад 7 да 15 гадоў зняволення. Следства вяло УКДБ у Гомельскай вобласці. На справу наклалі грыф сакрэтнасці, таму ніхто не ведаў, што канкрэтна інкрымінавалася журналістцы. 

    Новае страшнае абвінавачанне ашаламіла і Кацю, і сваякоў. Але паступова журналістка прыйшла ў сябе:

    «Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні. Толькі гэта не гульня. І мы не маем права на ўсякія «няма сілаў», «больш не магу» і г. д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, вытрымку, стрыманасць і са спакойнаю годнасцю глядзець наперад», – пісала журналістка ў адным з лістоў у сакавіку.

    Сталінісцкі вырак

    Новы працэс над Кацярынаю пачаўся 4 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Ніякіх акалічнасцяў працэсу сваякі не ведалі, нават імя пракурора засталося таямніцаю.

    Рэзалютыўную частку выраку ўсё-такі зрабілі публічнай, але пра час абвяшчэння стала вядома прыблізна за 1,5 гадзіны да пачатку, таму трапіць у Гомельскі абласны суд амаль ніхто не паспеў. На выраку прысутнічаў муж Кацярыны Ігар Ільяш і некалькі неабыякавых беларусаў.

    Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызнаў журналістку вінаватай у здрадзе дзяржаве і пакараў яе 8 гадамі пазбаўлення волі. Праз частковае складанне двух прысудаў Каця ў выніку атрымала 8 гадоў і 3 месяцы калоніі.

    «Я атрымала больш, чымся Салжаніцын», – сумна пажартавала Кацярына. Сапраўды, расейскі пісьменнік, аўтар «Архіпелагу ГУЛАГ» Аляксандр Салжаніцын у час сталінізму, у 1945‑м, быў пакараны 8 гадамі пазбаўлення волі.

    «Каця ўспрыняла прысуд са спакойнаю годнасцю. Калі зачытвалі гэтую лічбу, яна іранічна ўсміхалася. Вонкава паводзіны Каці нічым не адрозніваліся ад ейных паводзіны на першым прысудзе. Толькі цяпер яна была ў элегантнай крэмавай сукенцы», – распавёў пасля прысуду Ігар Ільяш.

    «Шпіянаж» замест «выдачы»

    Пасля суда «справа Кацярыны Андрэевай» засталася засакрэчанаю. Дасюль невядома, на падставе якіх падзеяў узнікла абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. У рэзалютыўнай частцы было заяўлена толькі тое, што Кацю прызналі вінаватай «у выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

    «У прынцыпе ўжо гэтага дастаткова, каб зразумець механізм генеравання падобнага абвінавачання. Каця працавала ў замежным выданні, а журналісцкія расследаванні былі адною з ейных прафесійных спецыялізацыяў… То бок на адзін з ейных старых журналісцкіх матэрыялаў проста нацягнулі фармулёўку з арт. 356 КК і далі за гэта 8 гадоў. Прычым некалькі гадоў таму тое, за што цяпер атрымала гэты людаедскі тэрмін Каця, не лічылася нават адміністратыўным правапарушэннем. Ну а інакш бы гэтая справа з’явілася тады, а не цяпер, калі Каця ўжо больш за 600 дзён пазбаўленая волі», – разважаў на гэты конт Ігар Ільяш.

    Салідарнасць трывае

    Страшны прысуд выклікаў новую хвалю салідарнасці з Кацярынаю. Пакуль журналістка была ў СІЗА, да яе прапускалі лісты выключна ад сваякоў. Але і ў такіх умовах удавалася перадаваць палітзняволенай словы падтрымання і салідарнасці ад сяброў, калегаў і проста неабыякавых людзей. Каця атрымлівала грашовыя пераводы і бандэролі.

    Журналістка прызнавалася ў лістах, што была кранутая да слёзаў хваляю салідарнасці, што гэта выклікала «выбліск пазітыву і веры ў чалавецтва». «Вось беларусы! Людзі!» – пісала яна і адзначала: дзякуючы падтрыманню адчувае, што ўсё дакладна было недарэмна.

    3 верасня выйшла на свабоду журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, разам з якою Кацю засудзілі за стрым з плошчы Пераменаў. Адразу пасля вызвалення Даша даслала Каці ў СІЗА невялікую пасылку. Каця прызнавалася, што яе гэта вельмі кранула і падбадзёрыла: казала, што Даша «трапіла ў самае сэрцайка».

    Падтрыманне Кацярына адчувала таксама з‑за мяжы. У жніўні лідар расейскага гурта «ДДТ» Юрый Шаўчук даслаў палітзняволенай журналістцы аўтарскі шарж. «Дабра і міру Андрэевай Каці! Дарагая, мы з табою», – напісаў музыка на аўтапартрэце. І даслаў здымак свайго гурта з подпісам «Каця, трымайся!».

    «Раскрыю маленькі сакрэт: з таго моманту, як я пазбавілася магчымасці слухаць свой плэй-ліст, падбор улюбёных песень перамясціўся ў маю памяць, і на самых крутых паваротах маршруту ў галаве заўсёды граў «ДДТ». Часцей за ўсё «Свабода», «Мёртвы горад», «Капітан Калеснікаў», «Гэта ўсё», а пасля таго, як мяне засудзілі за дзяржаўную здраду на 8 з лішнім гадоў (хоць лішнія – усе), – вядома ж, «Радзіма», – пісала Каця ў адным з лістоў.

    «Я веру, што наперадзе нас чакаюць незабыўныя падзеі»

    У звязку з судом і апеляцыяй Каця атрымала магчымасць спаткацца з блізкімі. Цягам чэрвеня – верасня ў яе былі чатыры спатканні з мужам і два з бацькамі.

    Ігар Ільяш распавядаў пасля адной з сустрэчаў, што Каця схуднела, адчуваецца маральная і фізічная стомленасць ад працяглага зняволення. Але яна трымаецца ўпэўнена і не траціць веры ў тое, што ўсё неўзабаве зменіцца і праўда пераможа. Каця прызнавалася блізкім, што цяпер па-сапраўднаму адчувае крыўду не за сябе, не за свой вялізны тэрмін, а за Беларусь і тое, што адбываецца з законам у краіне.

    У лістах сваякам журналістка распавядала, што ёй вельмі не стае працы, адчування мікрафона ў руцэ і адкрытага ноўтбука.

    «Я веру, што наперадзе нас чакаюць незабыўныя падзеі і вялікія здзяйсненні ў прафесійным плане, але таксама я назаўжды захаваю ў памяці тое пачуццё, з якім мы ўскоквалі ў маршрутку ды імчаліся ў які-небудзь райцэнтр, адчынялі дзверы кабінетаў, дапазна сядзелі за тэкстам, паднімалі келіхі за поспех матэрыялу. У мяне быў цудоўны пачатак, нават злёгку вар’яцкі для 21–22 гадоў, а працяг аказаўся годным такога пачатку», – разважала Каця ў адным з лістоў.

    У зняволенні Кацярына піша вершы: «Над белым полем» быў перакладзены на 6 еўрапейскіх моваў у межах праекту Еўрапейскай пісьменніцкай рады #FreeAll­Words.

    4 кастрычніка Кацю этапавалі з СІЗА № 3 у папраўчую калонію на вуліцы Антошкіна ў Гомлі. Пасля двух тыдняў каранціну яе размеркавалі ў атрад № 13 і скіравалі на швейную вытворчасць, дзе журналістка ўжо працавала летась.

    Чытаць яшчэ: 

    Героиня районки: «Время действительно непростое, но не было бы хуже»

    Иногда усидчивостью, иногда хитростью. Как независимые медиа добиваются комментариев от властей

    «Мы будзем не супольнасьцю траўмаваных інвалідаў, а нармальнымі жывымі людзьмі». Размова з дызайнэрам Ветрам Мэханічным

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці