• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як дзве дзяржаўныя газеты ў трох артыкулах абвяргалі адзін «экстрэмісцкі» паблік

    Гэтая гісторыя пачалася са звычайнай скаргі. Жыхар пасёлка Копысь, што ў Аршанскім раёне, наважыўся паскардзіцца на заняпад жыцця ў правінцыі. Свой ліст ён адрасаваў асабіста Аляксандру Лукашэнку — як земляку і ўплывовай асобе, здольнай, на думку адрасанта, адрадзіць усё, што страцілі мясцовыя жыхары за апошнія гады.

    Невядома, якімі шляхамі, але гэтая скарга трапіла да адміністратараў аднаго з віцебскіх паблікаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І замест таго, каб проста не заўважыць, што там пішуць «у інфармацыйнай памыйцы», як кажуць праўладныя прапагандысты, адразу дзве дзяржаўныя газеты — аршанская раённая і віцебская абласная — узяліся абвяргаць выкладзенае ў лісце, які, напэўна, яшчэ нават і не дайшоў да адрасата.  

    Праз пару дзён пасля таго, як ліст жыхара Копысі прадэманстравалі ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, у «Аршанскай газеце» выйшаў артыкул «Чем живет Копысь сегодня?». Артыкул натхніў журналіста і рэдактара незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмярчака выказаць уласнае бачанне падзей:

    «Жыхар Копысі напісаў наступнае: насельніцтва малой радзімы Лукашэнкі вымірае і выязджае. У пасёлку зачыніўся сырзавод, зачынілася пякарня, будынак мясцовага лясніцтва выстаўлены на продаж, зачыніліся дзве кавярні. Ну, і яшчэ крыху па дробязі, што не ўнікальна, і ў іншых мястэчках ды вёсках таксама адбываецца. І вось, каб абвергнуць гэты негатыў, у Копысь у снег і непагадзь выпраўляюць журналістку “Аршанскай газеты” Людмілу Маршаловіч. Неўзабаве  выйшаў ейны поўны аптымізму (рэдакцыі так падаецца) артыкул пра рэальныя (чытачам так павінна падавацца) справы ў мястэчку».

    Што спрабуе давесці журналістка, пералічыць таксама няцяжка. Копысь, маўляў, адзін з найлепшых пасёлкаў раёна. Не паспрачаешся: населеных пунктаў, якія маюць статус пасёлка, на Аршаншчыне ўсяго тры. Так, копыскі цэх па вытворчасці сыроў сапраўды зачынены, але мае перспектывы — яго выкупіла фермерская гаспадарка. І будынак лясгаса зачынены, але ён гатовы да продажу і проста чакае свайго пакупніка. І кавярні насамрэч не працуюць. Адну перадалі стратнаму Дому рамёстваў, які яшчэ не прыдумаў, як яе выкарыстаць, а другую выкупіў новы ўладальнік і пакуль што афармляе дакументы. «Пра старую копыскую пякарню, якая зачынілася ў 2003 годзе, ужо мала хто і згадвае», — піша журналістка. Затое ў Копысі створана брыгада работнікаў “Спецаўтабазы”, ёсць пара-тройка харчовых крам, тут усё яшчэ працуюць школа і пошта, а ў мясцовым Доме культуры рыхтуюць навагоднюю праграму.

    «Сёння пасёлак Копысь жыве сваім цікавым і насычаным жыццём», — так «Аршанская газета» завяршае тэкст, закліканы абвергнуць усё, што было выкладзена ў скарзе мясцовага жыхара, а потым трапіла на прасцягі інтэрнэта.  

    У артыкуле «Чем уникален городской поселок Копысь в Оршанском районе?», напісаны Вольгай Хаецкай для газеты «Витебские вести», шмат статысткі. З яго чытач можа даведацца, што ў Копысі жывуць 795 чалавек, і больш як палова — людзі працаздольнага ўзросту, што ў мясцовай школе — 72 вучні, праўда, няма 10 і 11 класаў — моладзь паехала вучыцца ў вялікія гарады. А яшчэ ў гэтым тэксце выкарыстана вельмі шмат квяцістых выразаў, каб канчаткова пераканаць чытача, што Копысь — гэта «настоящий сгусток истории и настоящая «деревня» будущего», дзе «с высокого берега виден открытый благодаря заботе о малой родине главы государства Александра Лукашенко мост, соединяющий Витебскую и Могилевскую области».

    «Если до 2003 года это был умирающий поселок, то сейчас Копысь — образец для подражания» — у гэтых словах заключаны галоўны пасыл артыкула. Бо тут ёсць святло, газ і цэнтральная сістэма водазабеспячэння, тут заасфальтаваныя вуліцы, а ўздоўж іх — пафарбаваныя платы.

    А наконт таго, чаго ў Копысі няма, і пра што піша ў сваёй скарзе да Лукашэнкі мясцовы жыхар, дык выснова аўтаркі артыкула простая: так нават і лепей.  Прыкладам, не стала ў пасёлку пякарні, дзе пяклі «исключительный хлеб, рецепты которого уже утрачены», дык і не трэба, — бо «в магазинах представлен широкий ассортимент  хлебо-булочных изделий».

    Згадваецца ў артыкуле і тое, што Копысь у якасці месца жыхарства прываблівае нават іншаземцаў: тут ёсць сем’і з Расійскай Федэрацыі і з Казахстана, і нават нямецкія сваякі казахстанскіх перасяленцаў «напісалі заявы на набыццё ўчастка пад будаўніцтва»…

    Здавалася б, усё — пераканалі нават самых недаверлівых чытачоў. Але ж не: наўздагон «Аршанская газета» размяшчае яшчэ адзін артыкул «Как это сделано. Копысь — место для жизни».

    Аўтар тэксту гэтым разам не названы, як і аўтары фотаздымкаў і відэа, што складаюць большую частку публікацыі. Чытачу прапануецца на ўласныя вочы паглядзець, як «в любую пору года Копысь чарует своей красотой». Тут на здымках прадпрыемствы, якія вось-вось пачнуць працаваць, і кавярня, дзе «ўжо ўвосень 2024 года запрацуе міні-пякарня», і бальнічная палата, і школьны клас, і сувенірныя вырабы мясцовых майстроў. Карацей, усяго, «что сделано для комфорта людей на малой родине президента».   

    Магчыма, у гэтым і ёсць разгадка надзвычайнай актыўнасці дзяржаўных СМІ: жыхар Копысі наважыўся напісаць пра заўважаныя ім недахопы на радзіме прэзідэнта самому Лукашэнку?

    Але ёсць і іншы бок у гэтай публічнай спрэчкі, ініцыяванай афіцыйнымі выданнямі. На пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі, якое прайшло 1 снежня ў Віцебску, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў зноў заяўляў, што праца «рэгіянальнай прэсы мае важнае значэнне ў эпоху істотнай трансфармацыі і інфармацыйнай вайны».

    Незадоўга да таго мясцовым уладам давялося канстатаваць, што дзяржаўныя медыі саступаюць недзяржаўным у выкладанні навін, і гэтым яны фармуюць у чытачоў «няправільнае» ўспрыманне рэчаіснасці. Таму перад рэгіянальнымі СМІ паставілі задачу «максімальна падвысіць эфектыўнасць прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы вобласці і краіны». Падобна, «максімальна падвысіць» у разуменні рэгіянальных рэдакцый і азначае адказваць трыма артыкуламі на нататку «экстрэмісцкага» медыярэсурсу.

    Чытайце яшчэ:

    Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

    Першы прэзідэнт Літвы прамаўляў прысягу ў тым ліку па-беларуску. На якіх прыкладах беларусам і літоўцам лепш зразумець адзін аднаго

    Бывших сотрудниц светлогорской медиакомпании «Ранак» обвиняют в создании «экстремистского формирования»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці