• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як журналістам працаваць з транзітнымі ўцекачамі. Асабісты досвед

    Апошнія некалькі месяцаў ў мяне ёсць магчымасць паглядзець на тое, як журналісты працуюць з тэмай уцякацтва, з новага ракурсу. Апісаць можна двума словамі: жах і катастрофа. За гэтыя месяцы ў нас з валанцёрамі склаўся спіс “адразу не” — гэта спіс таго, як на нашым пункце журналісткі і журналісты вялі сябе , але чаго ім катэгарычна нельга было б рабіць.

    Я жыву ў Рызе і шмат часу займаюся валанцёрствам на аўтавакзале. Мы дапамагаем уцекачам і ўцякачкам з Украіны, і пра нас, ясная справа, перыядычна пішуць розныя медыі. Стаўленне валанцёрскага цэнтру да гэтага неадназначнае.

    З аднаго боку, мы ўсе хочам, каб больш людзей ведалі пра тое, што ўцекачы нікуды не зніклі, што з акупаваных тэрыторый штодзень уцякаюць людзі, і што ім трэба дапамога. Таксама мы зацікаўлены ў тым, каб больш людзей ведалі менавіта пра нас: што нам бракуе людзей на вакзале, аўтаваланцёраў і тых, хто гатовы даваць уцекачам часовае жытло. Зрэшты, што на эфектыўную дапамогу трэба шмат грошай — і на ежу, і на хостэлы, гатэлі і кватэры, і на лекі і медычныя працэдуры.

    Але ёсць і іншы бок супрацоўніцтва з медыямі – часта журналісты паводзяць сябе дужа неэтычна і рэтраўматызуюць людзей. І вось перад намі вечная дылема — рызыкаваць ці не.

    Таму За гэтыя месяцы ў нас з валанцёрамі склаўся спіс “адразу не” — гэта спіс таго, якна нашым пункце журналісткі і журналісты вялі сябе , але чаго ім катэгарычна нельга было б рабіць.

    Калі ласка, і вы ніколі такога не ўчыняйце.

    Распытванне людзей, якія яшчэ не дабраліся да фінальнай кропкі, пра перажытыя жахі

    Я разумею, што ўсім хочацца эксклюзіву, а заваёўваць увагу аўдыторыі ў апошнія месяцы становіцца асабліва складана праз той просты факт, што людзей усё цяжэй нечым уразіць. Мы ўсе ўжо бачылі фота братэрскіх магіл, людзей пасля катаванняў, жудасныя траўмы і іншае. Шмат якім калегам у гэтай сітуацыі хочацца падвышаць градус трэшу, каб працягваць уражваць аўдыторыю.

    У гэтым плане інтэрв’ю з транзітнымі ўцекачамі і ўцякачкамі гучыць як добрая ідэя: людзі толькі-толькі вырваліся з пекла, іх успаміны яшчэ зусім свежыя і не паспелі “перакрыцца” звычайнымі падзеямі звычайнага жыцця. Але менавіта таму гэта вельмі кепская ідэя.

    У гэтых людзей яшчэ няма адчування бяспекі, яны ў шоку, шмат у каго з іх дэпрывацыя сну. Часта яны яшчэ нават не ведаюць, у якой краіне будуць жыць у бліжэйшы час, і перажываюць з гэтай нагоды дужа моцныя эмоцыі. Немагчыма прадказаць, якая дробязь справакуе прыступ панікі і адчаю ў кожнага канкрэтнага чалавека, але ёсць рэчы, якіх дакладна трэба пазбягаць. І распытванне пра тое, што яны перажылі ў акупацыі — адна з такіх рэчаў.

    Часам людзі “ўваходзяць у спіраль адчаю” проста ад пытання, з якога гораду ці сяла яна едуць. Іх маналог у такой сітуацыі звычайна гучыць прыблізна так: “Мы з Харкава. Божа, бедны наш горад, каб вы бачылі, што гэтыя вырадкі з ім нарабілі! Мы тыднямі былі ў падвалах! Нічога, нічога не засталося!”. Спыніць гэты працэс нашмат складаней, чым перадухіліць, таму калі вы задаеце пытанне “адкуль вы”, варта адразу пераключыць увагу на іншую тэму. Не рабіце паўзу, а хуценька задайце іншае — больш нейтральнае — пытанне. Спытайцеся пра ўзрост, ці цёпла чалавеку зараз, ці хоча ён ці яна есці.

    А замест пытанняў пра акупацыю спытайцеся пра дарогу. Задавайце так званыя тэхнічныя пытанні, напрыклад, пра храналогію паездкі ці дакументы, якія ёсць у людзей. Пра тое, што ў іх запытваліся на мяжы, ці была на мяжы чарга і інш.

    Адказваючы на гэтыя пытанні, яны абавязкова стануць дзяліцца эмоцыямі і ўзгадваць у тым ліку жыццё ў акупацыі. Але эмоцыі будуць “раскручвацца” павольней, і чалавеку ў цэлым будзе лягчэй.

    Калі бачыце, што чалавек усё ж сышоў у варонку адчаю і панікі, знайдзіце маленькую паўзу ў маналогу і скажыце, што вы вельмі рады, што гэтаму чалавеку ўсё ж удалося выбрацца, і што ён ці яна цяпер у бяспецы. Гэта праўда дапамагае.

    Спроба размаўляць з уцекачамі да таго, як з імі паразмаўлялі валанцёры

    Калі пра этычныя і неэтычныя фармулёўкі пытанняў можна спрачацца праз розныя падыходы, дык з гэтым правілам усё адназначна: ні на секунду ні ў каго з уцекачоў не мусіць скласціся ўражанне, што для атрымання дапамогі яны мусяць спачатку паразмаўляць з журналістамі.

    Аднойчы пра наш пункт дапамогі рабіла фільм адна ізраільская каманда журналістаў і дакументалістаў. Уцекачы не надта жадалі даваць каментары, яшчэ і на камеру, і тады гэтая каманда прыдумала лайфхак — стала падлаўліваць людзей, калі яны падыходзілі да нас.

    Гэта, безумоўна, здзек і выкарыстоўванне цяжкага становішча людзей для таго, каб атрымаць цікавейшую карцінку і паболей каментаў. Мы, канечне, хутка патлумачылі, што так нельга, але некалькі чалавек гэтыя гора-дакументалісты вымусілі думаць, што, каб звярнуцца па дапамогу, трэба спачатку паразмаўляць з імі на камеру.

    Відэаздымкі ўцекачоў з акупаваных тэрыторый без іх дазволу

    Часцей за ўсё людзі выйзджаюць не цэлымі сем’ямі — прыярытэт у маладзейшых, і выязджае столькі чалавек, на колькіх сям’я змагла сабраць грошы. Адпаведна, родныя ўцекачоў застаюцца ў акупацыі, што значыць, у небяспецы.

    Усё паўтараецца: уцекачы з Чачні ў 2016‑м годдзе не жадалі каментаваць нешта на камеру, а цяпер беларускія ўцекачы часта даюць каментары ананімна і, зноўку ж, без камеры.

    Матывы ва ўсіх аднолькавыя: яны баяцца тыранскіх уладаў на сваёй радзіме, асабліва калі там засталіся родныя. І тое ж самае адбываецца з уцекачамі з акупаваных тэрыторый. У іх нагод хвалявацца больш чым дастаткова: масавыя пахаванні, братэрскія магілы і асобныя гучныя гісторыі пра забойствы нязгодных з акупацыяй становяцца добрым аргументам за тое, каб хаваць твар і не надта “свяціць” сваю гісторыю.

    Але ж хапае і тых, хто з радасцю раскажа пра сябе і каго не пужае камера. Так што без матэрыялу журналісты не застануца ў любым выпадку. Проста, калі працаваць этычна, на здымкі можа пайсці троху больш часу.

    Пастановачныя здымкі

    Была ў нас аднойчы здымачная каманда з Грузіі, якая вырашыла зладзіць на пункце сапраўднае ток-шоў. Яны ўказвалі, у якіх позах сядзець нашым валанцёрам, куды глядзець і што казаць. Увогуле, яны былі суправаджэннем грузінскай жа валанцёрскай каманды, іх задача была зняць, як крута яны дапамагаюць. Яны давалі ўцекачам ежу на камеру і з некалькіх дубляў і ў цэлым зладзілі сапраўдны цырк.

    Мы потым доўга выбачаліся перад самімі ўцекачамі і тлумачылі, што нам самім загадзя абяцалі проста дапамогу, і мы нават уявіць не маглі, што ўсё будзе так. І здымачная група магла зняць вельмі круты і жывы матэрыял пра тое, як працуе пункт, але яна абрала іншы варыянт — паўгалівудскую пастаноўку пра тое, як яны прыехалі з Грузіі і ўсіх уратавалі.

    Але ну што зробіш, рэальнасць валанцёрскага цэнтра такая, што людзі там не сядзяць у прыгожых позах, не прагульваюцца павольна ад уцекачоў да паліц з ежай і назад і не выглядаюць як анёльчыкі. Такія месцы ўвогуле не надта адпавядаюць розным стэрэатыпам. А калі журналісты спрабуюць падагнаць рэальнасць пад прынесеныя з сабой уяўленні пра яе, гэта ні да чаго добрага не прыводзіць.

    Чытайце яшчэ:

    Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

    Эдуард Мельников: «Горком закрыл мои прямые эфиры: во время их рабочие крыли последними словами то, что творилось в промышленности»

    Пасля слоў “Да мяне ломяцца ў дзверы” знікла сувязь з віцебскай журналісткай Жаннай Жалевіч

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці