Журналіст Мсціслаў Чарноў прынёс першы «Оскар» Украіне
Стужка «20 дзён у Марыўпалі», якая распавядае пра трагедыю ўкраінскага горада, што быў практычна знішчаны расійскімі акупантамі, была прызнаная найлепшай у катэгорыі «Дакументальны фільм».
Цырымонія ўзнагароджання прэміі «Оскар» адбылася 10 сакавіка. Як зазначыў са сцэны тэатра «Долбі» ў Галівудзе ўкраінскі фатограф Мсціслаў Чарноў, гэта першая ўзнагарода ад Амерыканскай кінаакадэміі ўкраінскім кінематаграфістам.
— Я, мусіць, першы, хто жадаў бы, каб гэтага фільма, за які атрымліваю ўзнагароду, мне ніколі не прыйшлося здымаць. І каб Расія ніколі не нападала на Украіну і не акупавала нашыя гарады. Я аддаў бы ўсё, каб Расія не забівала дзясяткі тысяч маіх суграмадзян. Я аддаў бы ўсё, каб вызваліць усіх ваеннапалонных, усіх байцоў, якія баранілі сваю зямлю, усіх мірных жыхароў, якія зараз закатаваныя Расіяй, але я не магу змяніць гісторыю, мінулае. Аднак з самымі таленавітымі людзьмі свету мы разам можам зрабіць так, каб выправіць гісторыю, і каб праўда перамагла… І каб людзей з Марыўпаля і тых, хто аддаў жыццё, ніколі не забылі… Таму што кіно фармуе ўспаміны, а ўспаміны — гісторыю, — прамовіў Чарноў, трымаючы ў руках залатую статуэтку.
«20 дзён у Марыўпалі» — гэта два дзясяткі содняў, падчас якіх рэпарцёры Associated Press здымалі жыццё горада, што знішчаўся расійскімі акупантамі ў першы год поўнамаштабнага нападу на Украіну. Рэжысёр Мсціслаў Чарноў, фатограф Яўген Малалетка і прадзюсер Васіліса Сцепаненка да апошняй магчымасці распавядалі пра людзей, што апынуліся ў эпіцэнтры знішчэння. Многія героі гэтага фільма траплялі ў рэпартажы Associated Press.
Таксама ўдзел у працы над стужкай прынялі прадзюсеры Мішэль Мізнер, Рэйні Аронсан-Рат, Дэрл Маккруддэн.