• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Ігара Казмерчака будуць судзіць завочна

    Рэдактара незалежнага сайта orsha.eu вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Следчы камітэт распачаў супраць яго спецвытворчасць. 14 сакавіка пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально».

    Ігар Казмерчак. Фота: Вясна

    Крымінальны пераслед распачаты паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 1 артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    Ігар Казмерчак некалькі годоў таму быў вымушаны пакінуць Беларусь, але спецвытворчасць якраз і прадугледжвае магчымасць судовага разбору ў адсутнасць падсуднага.

    Паводле слоў журналіста, звесткі пра спецвытворчасць у дачыненні да яго не сталі сюрпрызам: у траўні 2022 года на ягоны адрас у Оршы прыйшла афіцыйная папера, што супраць яго распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Гэтай справай займаецца Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта. У межах справы журналіста абвясцілі ў вышук у Беларусі, а таксама ў іншых краінах СНД.

    У лістападзе 2023 года Ігар Казмерчак даведаўся, што на ягоную аршанскую кватэру накладзены арышт, пра гэта паведамілі з Віцебскага абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Адпаведную пастанову таксама вынес аршанскі аддзел СК.

    Сёння Казмерчак даведаўся таксама, што заблакаваныя фінансавыя рахункі, якія ён адкрываў у «Белаграпрамбанку» як прадпрымальнік. Як было напісана ў апавяшчэнні, «аперацыі часова прыпыненыя».

    Журналіст меркаваў, што крымінальная справа супраць яго распачатая толькі па адным артыкуле. Але, як вынікае з паведамлення пра спецвытворчасць, Казмерчака вінавацяць яшчэ і паводле часткі 1 артыкула 361–4 (вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і часткі 2 артыкула 361–4 (тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).

    Каментуючы такую перспектыву, Ігар Казмерчак зазначыў:

    «З гэтага паведамлення я не зразумеў, ці я ўжо прызнаны “экстрэмістам”, ці толькі “садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці”, на думку СК. Але ўжо гэта дазваляе без сораму глядзець прыстойным людзям у вочы. Бо сёння многія прыстойныя людзі прызнаныя “экстрэмістамі”. Калі мяне будуць завочна судзіць, я зусім не супраць. Завочна дазваляю мяне нават расстраляць».

    Нагадаем, што 13 сакавіка 2024 года стала вядома, што спецвытворчасць па крымінальным пераследзе распачатая яшчэ і ў дачыненні да Уладзіміра Хільмановіча. Хільмановіч і Казмерчак актыўна займаюцца як журналісцкай, так і праваабарончай дзейнасцю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці