• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістку Яўгенію Курловіч схілялі да супрацоўніцтва з КДБ. Яна адмовілася

    Дзяўчына супрацоўнічае з Malan­ka Media  і не хавае гэтага факту: нават яе фотаздымак можна ўбачыць на галоўнай старонцы выдання ва ўкладцы «Каманда». Але невядомы, які назваўся супрацоўнікам КДБ, звярнуўся да яе не наўпрост, а патэлефанаваў праз Telegram з нумара яе брата.

    Яўгенія Курловіч

    Яўгенія Курловіч. Скрын сайта Malan­ka media

    Размаўляць з ім Яўгенія адмовілася, і тады размова працягнулася ў перапісцы, частку якой журналістка паказала на сваёй старонцы ў Face­book. У гэтай перапісцы невядомы не прадставіўся, але сцвярджаў, што ягоныя дакументы бачыў брат дзяўчыны.

    «Гэта адбылося 21 ліпеня, у аўторак.

    Размова была пра тое, што я вось ужо 6 гадоў, як з’ехала з Беларусі, і што гэта можна лёгка паправіць з дапамогай КДБ. У абмен на магчымасць бесперашкодна ездзіць у Беларусь мне прапаноўвалася перапіска ў Telegram: каб я паведамляла ім нейкія звесткі.

    Спробу звязацца са мной праз брата гэты чалавек патлумачыў нібыта клопатам пра маю маму — маўляў, не хацелася турбаваць чалавека са слабым здароўем», — распавяла Яўгенія Курловіч.

    Маніпуляванне звесткамі пра здароўе маці, якая мае праблемы з сэрцам, журналістка лічыць дадатковым элементам маральнага ціску на яе з мэтай схіліць да супрацоўніцтва.

    Дзяўчына падкрэслівае, што з моманту яе ад’езду з Беларусі ў чэрвені 2020-га году яе бацькоў, якія засталіся ў Мінску, не пакідалі ў спакоі.

    «У 2022 годзе забіралі на гутарку ў КДБ, дома было некалькі ператрусаў — у 2022, 2023 і 2025 гадах. Таксама ў 2025 годзе я атрымала паведамленне ў Face­book ад не знаёмага мне чалавека, які згадаў мой допіс пра тое, як я даўно не была ў Беларусі і прапанаваў «дапамогу» ад «сваёй арганізацыі». Я ветліва развіталася. З чым звязаны інтарэс да мяне зараз, я не ведаю — я не палітык, не актывістка, не публічная асоба. А па сваёй мне няма чаго дадаць: мы ўсё публікуем, ўсё ахвотныя могуць проста падпісацца і чытаць. Размаўляць з КДБ я не хачу і не буду», — кажа Яўгенія.

    Журналістка супрацоўнічае з выданнем Malan­ka Media, якое ў лютым 2023 года рашэннем МУС было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». Асабісты Tik­Tok-канал Яўгеніі Курловіч прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.