Журналісты «Радыё Свабода» атрымалі прэмію ўраду Літвы за расследаванне пра літвінізм
Узнагародай Дэпартаменту ў справах нацыянальных меншасцяў пры ўрадзе Літвы адзначылі расследаванне «„Літвінізм“. Хто спрабуе пасварыць беларусаў і літоўцаў», якое зрабілі журналісты беларускай службы «Радыё Свабода» Андрэй Шаўлюга і Юлія Аляксеева ў траўні 2024 года.
Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 11 сьнежня ў Палацы Сапегаў у Вільні.
Як адзначаюць арганізатары, прэмія «За садзейнічаньне разьвіцьцю міжкультурнага дыялёгу» прысуджаецца з мэтай заахвочваньня міжкультурнага дыялёгу жыхароў Літвы розных нацыянальнасьцяў, абмену досьведам і культурнай спадчынай. Яе прысуджаюць журналістам, якія ў сваіх публікацыях зьвяртаюць увагу на тэму талерантнасьці і паліткультурнасьці ў дачыненьні да нацыянальных супольнасьцяў Літвы.
Прэмію прысуджаюць з 2007 году. З таго часу яе атрымалі шэраг журналістаў і рэдактараў літоўскіх мэдыя, сярод якіх — тэлерадыёкампанія LRT, радыёстанцыі FM99 і Radio R і навіновых інтэрнэт-выданьнў Delfi.lt і 15min.lt.
Расьсьледаваньне «„Літвінізм“. Хто спрабуе пасварыць беларусаў і літоўцаў», праведзенае журналістамі Свабоды, аналізуе ўсе публічныя правакацыі пад шыльдай так званага «літвінізму» ад моманту іх зьяўленьня у Літве ў жніўні 2023 году і да траўня 2024 год. Па выніках расьсьледаваньня журналісты прыйшлі да высновы, што большасьць правакацыяў былі зьдзейсьненыя з ананімных акаўнтаў. Некаторыя прапаноўвалі намаляваць правакатыўныя графіці ў Вільні і за гэта плацілі 15 эўра, некаторыя дасылалі пагрозы літоўскім дэпутатам і актывістам ад імя беларусаў.
«Гэта важная праца для разуменьня таго, наколькі з прычыны агрэсіўных паводзінаў Расеі і рэжыму Беларусі ўсё цяпер хістка ў рэгіёне, дзе мы жывем. У расьсьледаваньні мы паказалі, як штучна асобы, якія ня маюць дачыненьня да беларусаў і не ўяўляць рэальнай палітычнай сілы, намагаюцца распаліць канфлікт на псэўдагістарычнай глебе. Я пабачыў, што мэтай гэтых асобаў зьяўляецца старэньне атмасфэры страху і недаверу паміж беларусамі і літоўцамі, стварэньне нязручнасьці для тых беларусаў, якія жывуць у Літве і якім давялося ўцячы ад палітычнага перасьледу на радзіме», — адзначыў журналіст Андрэй Шаўлюга падчас атрыманьня прэміі.
У межах расьсьледаваньня журналісты правялі 12 інтэрвію з ахвярамі правакацыяў у Літве, палітыкамі, гісторыкамі як зь літоўскага боку, так і зь беларускага.