• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэжысёрка-кінадакументалістка з Гомеля ўзяла ўдзел у міжнародным кінафоруме ва Украіне

    З 17 па 20 верасня ва Украіне адбыўся пяты вандроўны міжнародны кінафорум “Кінохвиля – 2025“, прысвечаны дакументальнаму кіно праваабарончай тэматыкі. Сёлета ў ім бралі ўдзел творцы з Украіны, Польшчы і Беларусі. Сярод апошніх і кінадакументалістка з Гомеля.

    Марыя Булавінская на міжнародным кінафоруме ва Украіне

    Марыя Булавінская

    Вандроўны кінафорум аб’яднаў абласны цэнтр Тэрнопаль, а таксама гарады Чарткоў Тэрнопальскай вобласці і Дубна на Роўненшчыне. Падчас форуму гледачам і калегам прадстаўляліся дакументальныя фільмы розных аўтараў, у тым ліку і прысвечаныя так і не адрэфлексаваным у постсавецкіх грамадствах савецкім рэпрэсіям.

    Ва ўсіх пералічаных гарадах адбыліся паказы дакументальнага фільму “Лес”, а таксама сустрэча з аўтаркай фільму – журналісткай і кінарэжысёркай з Гомеля Марыяй Булавінскай. У сваім фільме яна распавяла гісторыю масавых расстрэлаў палітычных вязняў у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем. Сярод іншага распавядаецца гісторыя вязня, які выжыў падчас расстрэлу і вылез з расстрэльнай ямы.

    Падчас урачыстага адкрыцця кінапаказаў у г. Чарткоў Тэрнопальскай вобласці

    Фільм выклікаў шчырую цікавасць украінскай публікі. У ім праходзіць і ўкраінская тэма, бо, паводле сведчанняў відавочцаў, пад Гомелем у 1930‑я расстрэльвалі і жыхароў памежнай з Гомельшчынай Чарнігаўшчыны. Акрамя таго герой фільму, які выжыў пасля расстрэлу, пазней жыў ва Украіне. Там пасля сканчэння паўнамаштабнай вайны ёсць імавернасць знайсці дапаўняльныя звесткі пра яго. Там жа могуць дагэтуль жыць і ягоныя нашчадкі.

    Момант кінафоруму

    Кіроўны ў Беларусі рэжым, які ў лютым 2022 года зрабіў нашу краіну суагрэсаркай у захопніцкай вайне Расіі супраць Украіны, надаўшы тэрыторыю Беларусі для ўварвання акупацыйнай арміі, якраз за паўгода да пачатку агрэсіі з тэрыторыі Беларусі аднавіў у Шчакатоўскім лесе раскопкі. І, нягледзячы на тое, што факты яскрава сведчаць, што там знаходзяцца парэшткі менавіта ахвяраў савецкіх расстрэлаў, улады сцвярджаюць, што расстрэлы там выконвалі выключна нацысты падчас Другой сусветнай вайны. На гэтым яны спрабуюць фабрыкаваць крымінальную справу пра так званы “генацыд беларускага народа”, да якога яны адносяць толькі дзеянні нацыстаў.

    Прапаганда ж выкарыстоўвае сцвярджэнні карнікаў пра тое, што пахаванні ў лесе пад Гомелем – справа рук нацыстаў, звязваючы іх з хлуслівымі сцвярджэннямі, што нібыта ва Украіне зараз неанацысты знаходзяцца пры ўладзе. Такім чынам прыўладныя прапагандысты апраўдваюць уварванне расійцаў ва Украіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.

    Падчас аднаго з кінапаказаў

    Украінскія гледачы адзначалі, што ім бракуе ведаў пра Беларусь. Многія з іх чулі, што ў Беларусі шмат палітычных зняволеных але пра маштабы сучасных палітычных рэпрэсіяў у нашай краіне шмат хто не меў уяўлення. Таму пры кожнай сустрэчы з прадстаўнікамі Беларусі адбываліся вельмі зацікаўленыя размовы, што праводзілі паралелі паміж змрочнымі часамі амаль стогадовай даўніны ды сучаснасцю.

    Фільм Марыі Булавінскай пра сталінскія рэпрэсіі атрымлівае міжнародныя ўзнагароды

    Варта таксама адзначыць, што ў Дубне паказы фільмаў адбываліся ў будынку палацу Астрожскіх на тэрыторыі гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Дубенскі замак” – велічнай фартэцы, якая з’яўлялася родавай рэзідэнцыяй князёў Астрожскіх. Менавіта прадстаўнік гэтага княскага роду – Канстанцін Астрожскі, здолеў аб’яднаць будучых беларусаў, украінцаў, палякаў і літоўцаў у моцнае войска, якое хоць і было амаль утрая меньшае колькасцю, але здабыло перамогу над маскавітамі ў знакамітай бітве пад Воршай. І гэта таксама паказвае гістарычную блізкасць беларусаў і ўкраінцаў.

    Валадымыр Ханас

    Падсумоўваючы вынікі кінафоруму, кіраўнік Тэрнопальскай кінакамісіі Валадымыр Ханас асобна адзначыў:

    “Шмат якія ўдзельнікі нашага форуму звярнулі ўвагу на фільм беларускай кінарэжысёркі Марыі Булавінскай “Лес”. Гэтая дакументальная стужка раскрывае надзвычай актуальную тэму сталінскіх рэпрэсіяў. На жаль, гэтая тэма і ва Украіне дарэшты не даследаваная, але я б адзначыў менавіта высокую якасць рэжысёрскага падыходу. У фільме выкарыстаныя дакументальныя запісы, але дадаткова да іх яшчэ і ігравыя сцэны ды нават анімацыя.

    Мы лічым, што Марыі трэба працягваць здымаць дакументальнае кіно, праз якое можна раскрываць значныя для нашых народаў тэмы. І многія нашы калегі ва Украіне і Польшчы выказалі жаданне падтрымліваць беларускае дакументальнае кіно і, у прыватнасці, Марыю ў яе працы, каб разам супрацьстаяць расійскай і лукашэнкаўскай прапагандзе”.

    Ужо пасля сканчэння Міжнароднага кінафоруму “Кінохвиля – 2025“ адбыўся паказ фільму “Лес” у Доме Вольнай Беларусі ва Львове. Там пасля паказу таксама шчыра гутарылі з рэжысёркай пра праблемы, звязаныя з тэмай фільму. Дарэчы, сярод гледачоў там аказаліся і ўцекачы з акупаванага цяпер расійцамі Марыупаля. Для іх у тэмах, што абмяркоўваліся, былі і свае паралелі, бо яны, як і многія беларусы, не могуць вярнуцца дадому.

    Марыя Булавінская на міжнародным кінафоруме ва Украіне

    Падчас сустрэчы з Марыяй Булавінскай у Львове ў Доме Вольнай Беларусі

    Марыя Булавінская адзначыла вельмі цёплае і адкрытае стаўленне ўкраінцаў да яе ды іншых беларусаў, якія бралі ўдзел у кінафоруме, нягледзячы на інспіраваную з Масквы ды афіцыйнага Менску інфармацыйную кампанію інтэрнэт-варажнечы ва Украіне да беларусаў, як да нібыта грамадзянаў дзяржавы-агрэсаркі.

    “Украінцы вельмі блізкія нам – беларусам. Хаця, вядома ж, адчуваліся і пэўныя адрозненні ў стаўленні да нейкіх рэчаў, але ж, прызнаюся шчыра – ва ўсіх чатырох гарадах, дзе мне давялося пабыць, сустракаючыся і размаўляючы з гледачамі, я адчувала сябе як дома. Шчыра дзякую за разуменне нашай сітуацыі і ўсведамленне актуальнасці тэмаў, якія я спрабую ўзняць сваім кіно. Украінская гасціннасць – гэта асобная тэма, і я яе адчула напоўніцу, за што вялічэзны дзякуй арганізатарам кінафоруму, ягоным удзельнікам ды сябрам”,

    – падсумавала Марыя Булавінская. 

    «Кантэнт унікальны». Беларуская рэжысёрка стварае серыю відэа пра сядзібы ў зоне адчужэння

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці