• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прарасійскі журналіст з Латвіі атрымаў статус уцекача ў Беларусі

    Прарасійскі журналіст з латвійскім грамадзянствам Юрый Аляксееў атрымаў статус уцекача ў Беларусі.

    латвійскі журналіст Юрый Аляксееў статус уцекача у Беларусі

    Юрый Аляксееў. Архіўнае фота з тэлеграм-канала Аляксея Стэфанава

    29 лістапада, на сваё 67-годдзе, мужчына апублікаваў на старонцы ў “Фэйсбуку” фатаграфію пасведчання ўцекача і частку дакумента за подпісам начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Івана Новікава.

    Як вынікае з дакумента, міліцэйскі чыноўнік загадаў “надаць Аляксееву Юрыю, 1958 г.н., грамадзяніну Латвійскай Рэспублікі, статус уцекача ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з часткай першай артыкула 19 Закона, бо заяўнік мае абгрунтаваную боязь стаць ахвярай пераследаў ў дзяржаве грамадзянскай прыналежнасці на падставе яго палітычных перакананняў і не жадае карыстацца абаронай гэтай дзяржавы”.

    Фатаздымак Аляксееў суправадзіў паведамленнем: “ПОЛУЧИЛ ПОДАРОК К ДНЮ РОЖДЕНЬЯ Поздравляйте!” (захаваная арфаграфія аўтара).

    Пра тое, што Юрый Аляксееў уцёк з Рыгі ў Беларусь, стала вядома 27 кастрычніка 2024 года з паведамлення грамадзяніна Латвіі, што даўно з’ехаў у РФ, спецыяльнага карэспандэнта прапагандысцкай медыягрупы “Россия сегодня” Аляксея Стэфанава.

    Стэфанаў тады сцвярджаў, што Аляксеева ў Латвіі маглі неўзабаве “накіраваць у турму на год і месяц за нібыта распальванне варожасці” — за каментарыі, якія “ад яго імя” пісалі невядомыя “з заклікамі знішчаць латышоў”. Акрамя таго, паводле яго слоў, “па справе ІМХАклуба” Аляксеева “маглі кінуць за краты <…> на 7–8 гадоў паводле артыкула пра нанясенне шкоды Латвійскай Рэспубліцы групай асоб з папярэдняй змовы”.

    “Як кажа Юра, тры ночы ён не спаў — рыхтаваўся да ўцёкаў. Учора ранкам выйшаў з кватэры ў Рызе, дабраўся на перакладных да Вільнюса, купіў квіток на аўтобус да Мінска і, хвалюючыся, прайшоў мяжу. Цяпер Юра ў Мінску ў сяброў. Выспаўся і прыходзіць у сябе”, — заяўляў спецкар расійскага медыя, які называе ўлады Латвіі “фашысцкім рэжымам”.

    На наступны дзень пасля ўцёкаў Аляксеева стала вядома, што Курземскі раённы суд у Вентспілсе (Латвія) абвясціў мужчыну ў вышук пасля таго, як той не з’явіўся на пасяджэнне па справе аб “распальванні варожасці”.

    Ураджэнец Нарыльска (цяпер РФ) Юрый Аляксееў у Латвіі ў розны час быў галоўным рэдактарам выданняў “Бизнес&Балтия”, “Коммерсант Baltic”, “Бизнес.lv”. Таксама ён стварыў і ўзначальваў праект Imhoclub.lv, які прасоўваў пракрамлёўскія наратывы. Улады Латвіі заяўлялі, што медыя фінансуецца з Расіі.

    Справа аб “распальванні варожасці” ў дачыненні да Аляксеева была ўзбуджаная ў 2017 годзе. Падчас вобшуку па месцы жыхарства журналіста былі знойдзеныя патроны для пісталета. Таксама паведамлялася пра знойдзеныя ў яго кампутары матэрыялы з дзіцячай парнаграфіяй.

    У студзені 2023 года Рыжскі раённы суд прыгаварыў Аляксеева па сукупнасці абвінавачанняў да аднаго года і аднаго месяца пазбаўлення волі. Пры гэтым ён застаўся на волі — над ім ўсталявалі ўмоўна-датэрміновы нагляд на адзін год.

    Раней Аляксееў называў сябе “на чвэрць беларусам”, кампліментарна выказваўся пра Аляксандра Лукашэнку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці