Рэдакцыю «Гомельскай праўды» амаль цалкам засакрэцілі
На абноўленым сайце абласной дзяржаўнай газеты «Гомельская праўда» прыбралі імёны супрацоўнікаў рэдакцыі. Публічным застаўся толькі галоўны рэдактар Сяргей Бяспалы, піша «Штодзень».

Скрыншот з сайта gp.by: Штодзень
Зараз на старонцы з кантактнай інфармацыяй пазначаны толькі назвы пасадаў і аддзелаў рэдакцыі. Хто менавіта там працуе, даведацца з сайта немагчыма. Адзінае публічна вядомае прозвішча – галоўнага рэдактара Сяргея Бяспалага.
Прычыны такой ананімнасці не тлумачацца. Па меркаванні «Штодзень», сакрэтнасць можа быць звязаная, з аднаго боку, з дэфіцытам кадраў, а з іншага — са страхам, «што суседзі даведаюцца, хто стварае для іх прапаганду».
Што тычыцца Сяргея Бяспалага, то ён з’яўляецца медыйнай асобай: займае пасаду галоўнага рэдактара «Гомельскай праўды» ўжо 25 гадоў, кіруе мясцовай журналісцкай праўладнай арганізацыяй, выконвае паўнамоцтвы члена Савета Рэспублікі, выступае з публічнымі прамовамі і дае інтэрв’ю СМІ.
Нагадаем, што пасля нядаўняга абнаўлення з сайта «Гомельскай праўды» таксама знікла беларуская мова.
@bajmedia