• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджанага гукарэжысёра Юрыя Трашчынскага МУС унёс у пералік «экстрэмістаў»

    Асабовыя звесткі асуджанага да зняволення Юрыя Трашчынскага 17 ліпеня з’явіліся ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. З дакумента вынікае, што гукарэжысёр ужо «адбывае пакаранне».

    скрыншот экстрэмізм МУС Трашчынскі

    Скрыншот з сайту МУС

    Як стала вядома БАЖ, 4 траўня 2026 года Юрый Трашчынскі быў асуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ — ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гукарэжысёру інкрымінавалі супрацу з радыёстанцыяй «Беларускае Радыё Рацыя».  

    Акрамя таго, суддзя Гомельскага абласнога суда Сяргей Салоўскі, які вёў справу, прызначыў штраф памерам 500 базавых велічынь (22 500 рублёў).

    радыё турма

    Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Сhat­G­PT

    Юрый Трашчынскі не пагадзіўся з рашэннем Гомельскага аблсуда і абскардзіў у вышэйшую інстанцыю. 7 ліпеня 2026 года калегія Вярхоўнага суда адхіліла яго апеляцыйную скаргу і пакінула прысуд без зменаў.

    Сілавікі затрымалі Юрыя Трашчынскага 15 лістапада 2025 года, калі ён прыехаў з Польшчы ў Мінск.

    Спачатку яго абвінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкула і арыштавалі на 15 сутак. Але, адбыўшы арышт, на волю з Акрэсціна Трашчынскі так і не выйшаў — за гэты час у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу і з Акрэсціна перавялі пад варту ў следчы ізалятар № 1. Адтуль незадоўга да суда этапавалі ў гомельскі СІЗА.

    Юрый Трашчынскі больш за 20 гадоў працаваў гукааператарам у Белтэлерадыёкампаніі. Падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года падпісаў петыцыю супраць міліцэйскага гвалту.

    Беларускае Радыё Рацыя ўлады абвесцілі «экстрэмісцкім фармаваннем» 16 студзеня 2024 года, адпаведнае рашэнне прыняў КДБ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.