Супраць тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай распачалі спецыяльную вытворчасць «за рэабілітацыю нацызму»
Пра гэта 13 кастрычніка паведаміў Следчы камітэт Беларусі. У Telegram-канале ведамства ўдакладнялася, што Кацярыну Ваданосаву-Каланчук вінавацяць паводле артыкулаў за рэабілітацыю нацызму (ч. 3 арт. 130–1 КК РБ) і адмаўленне генацыду беларускага народа (ч. 1 арт. 130–2 КК РБ).

Кацярына Ваданосава. Фота: Аляксандр Валодзін
Крымінальную справу ў дачыненні тэлевядоўцы, блогеркі і даследчыцы гістарычнага касцюма завялі ў сакавіку 2026 года. Нагодай для пераследу стала відэалекцыя «Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?». Паводле версіі пракуратуры, у гэтых відэароліках Кацярына Ваданосава «гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх пасобнікаў».
Аўтарка, да слова, выпускніца гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, які яна скончыла з чырвоным дыпломам, не пагадзілася з абвінавачаннем.
На думку Кацярыны Ваданосавай, прэтэнзіі да яе інтэрпрэтацыі гістарычных падзей палягаюць выключна ў тым, што дзяржава «прыватызавала» тэму Вялікай Айчыннай вайны, і таму любыя спробы гістарычнага аналізу, якія хаця б крыху адрозніваюцца ад звыклай дзяржаўнай рыторыкі, расцэньваюцца як злачынства.
На сёння Кацярына жыве ў вымушанай эміграцыі, і менавіта праз адсутнасць яе ў Беларусі следства і суд пройдуць у рэжыме так званай «спецыяльнай вытворчасці» — завочна.

Скрыншот з Telegram-канала СК РБ «Специальное производство. Официально»
Паводле часткі 3 артыкула 130–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (рэабілітацыю нацызму), Кацярыны Ваданосавай пагражае зняволенне на тэрмін ад 5 да 12 гадоў. Паводле часткі 1 артыкула 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) — да 5 гадоў.
Раней беларускія суды прызналі старонкі Кацярыны Ваданосавай у сацыяльных сетках «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Сёлета ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі яе старонкі ў Instagram, а таксама ў Facebook.
@bajmedia