• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ААЦ пачаў пазбаўляць «экстрэмісцкія» СМІ даменнага імя ў Беларусі

    Шэраг незалежных выданняў аднаасобным рашэннем Камітэта дзяржбяспекі ўжо трапілі ў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў», а цяпер улады вырашылі пазбавіць рэдакцыі і беларускай «прапіскі» — інтэрнэт-адрасу.     

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома пра нядаўнюю ініцыятыву Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце ануляваць запіс аб рэгістрацыі даменнага імя аднаго з папулярных выданняў на падставе нібыта «няпройдзенай праверкі» дадзеных яго ўладальнікаў. 

    З той прычыны, што незалежны інфармацыйны рэсурс прайшоў увесь пакручасты шлях у збіранні «рэгалій» з боку дзейнага рэжыму — ад блакавання сайту да прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем» — ад назвы «першапраходцаў» устрымаемся. 

    Сутнасць прэтэнзій утрымлівае ліст з пазнакай «ануляванне запісу аб рэгістрацыі», прадубляваны ўладальніку даменнага імя і рэгістратару ў асобе ТАА «Надзейные праграмы». Намеснік начальніка кантрольнай установы Сяргей Жарнасек фактычна канстатуе кулуарнае рашэнне аб пазбаўленні права на інтэрнэт-старонку праз асабістыя падазрэнні.     

    «На падставе ліста ААЦ праз электронную пошту ўладальніка даменнага імя былі запатрабаваныя дакументы аб пацвярджэнні шляхам асабістага наведвання офіса рэгістратара дакладнасці звестак, унесеных у базу, уключна з дзяржаўнай рэгістрацыяй, месцам знаходжання (паштовы  адрас), а таксама звестак пра кіраўніка. Пры гэтым растлумачана, што адсутнасць запытанай інфармацыі будзе парушэннем патрабаванняў інструкцыі аб рэгістрацыі ў нацыянальнай даменнай зоне. У сувязі з непрадастаўленнем звестак у вызначаны тэрмін ТАА «Надзейныя праграмы» праінфармавала адміністратара аб парушэнні патрабаванняў пункта 27 інструкцыі і запатрабавала ліквідацыі парушэння. У названы тэрмін дакументы, якія пацвярджаюць дакладнасць звестак, так і не былі прадстаўленыя», — адзначаецца ў дакуменце. 

    Рэдакцыі інтэрнэт-выдання і «Надзейным праграмам» Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце даслаў ліст з просьбай пацвердзіць звесткі арганізацыі ў асабістым кабінеце хостэра. Што ў іх «няправільна», не ўказана, і гэта з’яўляеца юрыдычным парушэннем. Але пры гэтым запатрабаваў падаць звесткі асабіста, што таксама не прадугледжваецца ніякімі нормамі. 

    У сваю чаргу у офісе «Надзейных праграм» адрэагавалі на патрабаванне ААЦ і следам даслалі ліст з пунктамі інструкцыі аб неабходнасці ўказання дакладных звестак і распавялі пра наступствы ў выпадку ігнаравання.

    Не зважаючы на нарматыўныя нестыкоўкі, на падставе выкладзенага ў лісце і на падставе пункта 54 унутранай інструкцыі Аператыўна-аналітычны цэнтр прыняў рашэнне, нават не звяртаючыся да паслугаў суда: 

    — ануляваць запіс аб рэгістрацыі даменнага імя;

    — забяспечыць арганізацыйна-тэхнічныя меры для выканання рашэння.

    Кіраўніцтва рэдакцыі яшчэ на пачатковым этапе паспрабавала аспрэчыць законнасць раптоўнай «ідэнтыфікацыі дадзеных», бо дагэтуль лёс даменнага імя нікога не цікавіў — за выключэннем блакавання сайта за публікацыю тэкстаў, западозраных у нелаяльнасці да ўладаў.

    У пісьмовай скарзе на імя начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэя Паўлічэнкі рэдактарат спаслаўся на пункт 49 Інструкцыі аб рэгістрацыі даменных імён, зацверджанай загадам № 47 самім ААЦ, ад 18 чэрвеня 2010 года. У пункце наўпрост гаворыцца: адміністратар нацыянальнай даменнай зоны інфармуе рэгістратара толькі пры выяўленні парушэння. Аднак у дадзеным выпадку кола замкнулася — сутнасць «парушэння» так і не агучана.

    Затое цалкам цягне прадпісанне «даставіць дакументы шляхам асабістага наведвання офіса рэгістратара», што не прадугледжана паўнамоцтвамі адміністратара нацыянальнай даменнай зоны і супярэчыць ч. 2 арт. 7 Канстытуцыі, дзе гаворыцца: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства.

    Больш за тое, патрабаванне прадставіць «пашпарты і пісьмовыя тлумачэнні аб парадку ўдзелу ў рэгістрацыі дамена» супярэчаць пункту прэзідэнцкага дэкрэта № 1 ад 16 студзеня 2009 года. Там правамоцным дакументам, які пацвярджае статус юрыдычнай асобы, называецца пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі. Як вынік, само апавяшчэнне з боку ААЦ вынесена з перавышэннем улады і службовых паўнамоцтваў. 

    У гэтым звязку выданне звярнулася да кіраўніцтва цэнтра з прапановай:

    — адмяніць апавяшчэнне, падпісанае намеснікам начальніка ААЦ Сяргеем Жарнасекам;

    — папярэдзіць чыноўніка аб недапушчальнасці дзеянняў, за якія прадугледжваецца крымінальная адказнасць паводле арт. 426 КК — «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»;

    — правесці заняткі з асабовым складам Аператыўна-аналітычнага цэнтра  аб строгім выкананні Канстытуцыі, правоў грамадзян і юрыдычных асоб.

    Але выглядае, што голас журналістаў чарговым разам не пачулі або наўмысна праігнаравалі. Зрэшты, на фоне таго, што Камітэт дзяржбяспекі актыўна ўносіць незалежныя выданні ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», перамовы з уладнымі структурамі загадзя ператвараюцца ў прафанацыю дэклараваных «роўных магчымасцяў».   

    У сваю чаргу, згаданы кейс мусіць паказаць, якія новыя тэхнічныя інструменты ў змаганні з іншадумствам ужо гатовы масава задзейнічаць існуючы рэжым. 

    Чытайце яшчэ:

    Ласма Антоневича: Журналисты из Беларуси демонстрируют энтузиазм, но их слабая сторона — неверие в собственные проекты

    У 1,5 гады застаўся без маці, з дзяцінства працаваў па найме: жыццё і творчасць галоўнага рэдактара «Полымя» Платона Галавача

    Памёр доктар і тэлевядучы Аляксандр Цярэшчанка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці