• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2023 годзе. Электронны бюлетэнь БАЖ

    №1 (75) 2024. Спампаваць PDF.

    У 2023 годзе незалежныя беларускія журналісты, блогеры і медыя-рэсурсы сутыкаліся з прагрэсуючым ціскам і абмежаваннямі:

    • крымінальны пераслед незалежных журналістаў і блогераў;

    • ціск з боку сілавых ведамстваў, новая хваля якога распачалася ў сакавіку (верагодна звязаная з дыверсіяй, якая адбылася на ваенным аэрадроме пад Мінскам 26 лютага);

    • барацьба з экстрэмізмам як падстава для цэнзуры і пераследу: доступ да кантэнту сродкаў масавай інфармацыі, якія працягвалі сваю дзейнасць з‑за мяжы, блакаваўся, а любое супрацоўніцтва з імі лічылася праявай экстрэмізму;

    • адміністрацыйныя і заканадаўчыя меры па абмежаванні доступу да інфармацы і, у прыватнасці, прыняцце зменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі» абмежавальнага характару;

    • дзяржаўная палітыка па фармалізацыі і ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ як інструментаў прапаганды і барацьбы з іншадумствам ва ўмовах «гібрыднай вайны» супраць Беларусі і Расіі.

    У Індэксе свабоды прэсы, апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў», Беларусь за год апусцілася на чатыры пазіцыі і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы са 180-ці. Яна аказалася сярод 31‑й краіны, стан свабоды прэсы ў якіх ацэньваецца як «вельмі дрэнны», — паміж Палестынай і Нікарагуа.

    Таксама пагоршылася пазіцыя Беларусі ў сусветным рэйтынгу свабоды інтэрнэту, які складаецца праваабарончай арганізацыяй Free­dom House. Як краіна з несвабодным інтэрнэтам яна атрымала ўсяго 25 балаў са 100 (у мінулым годзе — 28 балаў).

    Незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасць, што працягвалі сваю дзейнасць з‑за мяжы, адказвалі на ціск і рэпрэсіі салідарнасцю і ўзаемадапамогай. Так, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) арганізавала міжнародны Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі, а таксама прыняла ўдзел у дабрачынным анлайн-марафоне ў падтрымку палітвязняў «Нам не ўсё роўна!», які правялі ўплывовыя незалежныя СМІ і блогеры (падчас гэтай акцыі было сабрана больш за 574 тысячы еўра).

    Дзейнасць БАЖ па падтрымцы беларускай прэсы была адзначана прэміяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, уручанай 14 лістапада. У той самы час на працягу года БАЖ быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем на падставе рашэння Камітэта дзяржаўнай бяспекі, ягоныя сайт, старонкі ў сацыяльных сетках і лагатып былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», акрамя таго, доступ да яго сайта быў забаронены ў Расіі на падставе ваеннай цэнзуры.

    Напрыканцы 2023 – напачатку 2024 гг. улады адабралі і даменнае імя БАЖ. З пачатку года БАЖ канчаткова змяніў свой адрас сайта на baj.media , а емэйл на office@baj.media  (для міжнароднай рассылкі intercomm@baj.media).

    Крымінальны пераслед

    За год было вынесена 16 прысудаў медыясупрацоўнікам па крымінальных справах. Яшчэ як найменш супраць 6‑ці чалавек крымінальныя справы былі ўзбуджаныя.

    На канец 2023 года 32 журналісты знаходзіліся ў зняволенні. Сярод іх — кіраўніцы інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава і Людміла Чэкіна, якія атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі, палітолаг і рэдактар «Белорусского ежегодника» Валерыя Касцюгова, асуджаная да 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Працягваўся крымінальны пераслед блогераў. Першым выпадкам завочнага асуджэння паводле працэдуры «спецыяльнай вытворчасці» стала справа, распачатая па артыкуле 130 (распальванне варожасці) і артыкуле 203–1 (незаконны збор і распаўсюджванне персанальных дадзеных), у дачыненні да пяці адміністратараў Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», які публікаваў інфармацыю аб прадстаўніках улады, меркавана датычных да пераследу апазіцыі. Усе абвінавачаныя, у тым ліку сузаснавальнік Sports.ru Дзмітрый Навоша, былі завочна асуджаныя да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.

    3 траўня завочна быў вынесены прысуд у крымінальнай справе вядомых блогераў — рэдактараў Telegram-каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу» — Сцяпана Пуцілы, асуджанага да 20-ці гадоў строгага рэжыму, і Яна Рудзіка —  да 19-ці гадоў. Раман Пратасевіч, які супрацоўнічаў са следствам, быў асуджаны да 8‑мі гадоў калоніі строгага рэжыму і памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

    У месцах зняволення журналісты падвяргаліся ціску і негуманнаму абыходжанню. Паведамлялася, што ў Сяргея Сацука, Дзяніса Івашына і Анджэя Пачобута ўзнікалі праблемы з атрыманнем лекаў і доступам да кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

    Па інфармацыі праваабаронцаў, Ігар Лосік, знаходзячыся ў Наваполацкай калоніі, доўгі час трымаў галадоўку, а затым парэзаў сабе рукі і шыю, пасля чаго яго адправілі ў лазарэт.

    7 траўня 2023 года ў калоніі памёр 61-гадовы блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. У канцы лютага ён быў асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пры гэтым у яго было вельмі сур’ёзнае захворванне сэрца, аб чым было вядома суду.

    Сілавыя ведамствы працягвалі ціск на незалежных журналістаў і СМІ. У 2023‑м годзе, па падліках БАЖ, 16 разоў журналісты падвяргаліся адміністрацыйным арыштам. Упершыну быў накладзены арышт на маёмасць журналіста (кватэру Ігара Казмерчака, які знаходзіцца за мяжой) у сувязі з крымінальным абвінавачваннем. Адбыліся 46 затрыманняў журналістаў і 34 ператрусы ў іх дамах або офісах. Так, у лютым-сакавіку адбыліся вобшукі ў рэдакцыях рэгіянальных газет «Інтэкс-прэс» (Баранавічы), «Інфа-кур’ер» (Слуцк) і «Рэгіянальная газета» (Маладзечна). Яны суправаджаліся затрыманнямі, судовым пераследам супрацоўнікаў і прызнаннем публікацый «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку ўсе яны былі вымушаны спыніць сваю дзейнасць.

    Пачынаючы з чэрвеня, у Светлагорску адбыўся разгром прыватнай рэгіянальнай тэлерадыёкампаніі «Ранак» з вобшукам і адміністрацыйным пераследам 9‑ці яе сурацоўнікаў. Пазней тэлекампанія была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем», а трое яе журналістаў сталі абвінавачанымі ў крымінальнай справе. Афіцыйнай прычынай адміністрацыйнага пераследу назвалі падпіскі на мясцовую групу ў сацсетцы «Одноклассники», аднак найбольш верагодна, што сапраўдным матывам стала асвятленне тэлекампаніяй аварыі на заводзе Светлагорскага цэлюлозна-картоннага камбіната, якая здарылася 7 чэрвеня і ў выніку якой загінулі трое работнікаў завода.

    Адбываўся фактычны захоп некаторых папулярных лакальных медыярэсурсаў, калі доступ да кіравання імі перадаваўся і адыёзнаму выданню «Минская правда» для публікацыі прапагандысцкага кантэнту. Дакладна вядома пра тры падобныя выпадкі — Тэлеграм-канал «Наш родны край Лагойск», Інстаграм-канал «Стоўбцы Сіці» і маладзечанскі сайт kraj.by.

    Пашыралася ўжыванне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання ў СМІ і інтэрнэце і пераследу за любую нелаяльнасць. Крымінальны кодэкс папоўніўся новымі «экстрэмісцкімі» злачынствамі: у прыватнасці, артыкул 289–1 прадугледжвае адказнасць за «прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданне» (максімальная санкцыя — 7 гадоў пазбаўлення волі), артыкул 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) быў дапоўнены адказнасцю за распаўсюджванне заведама ілжывых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь.

    Пашыраўся крымінальны пераслед за любую форму супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ-«экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Новай тэндэнцыяй стаў пераслед не толькі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, але і звычайных грамадзян, якія каментавалі для журналістаў якія-небудзь грамадска-палітычныя падзеі. Так, у студзені Дар‘я Лосік, жонка Ігара Лосіка, супрацоўніка «Радыё Свабода», была пакарана пазбаўленнем волі на два гады за інтэрв’ю телеканалу «Белсат», датычнае становішча яе мужа.

    На канец 2023 года больш за 20 незалежных СМІ і медыяарганізацый, у тым ліку БАЖ, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». 33 асуджаных супрацоўніка СМІ былі ўключаны ў афіцыйны пералік «экстрэмістаў» і 12 — у пералік «тэрарыстаў».

    Упершыню  сярод экстрэмісцкіх фарміраванняў з’явіўся замежны медыярэсурс — гэта акаўнты ў Telegram, YouTube і Tik­Tok папулярнага ўкраінскага блогера Аляксандра Рыкава (Bal­aganOff) (у сваіх відэа ён надае немалую ўвагу беларускай тэматыцы).

    Публікацыі незалежных выданняў, як і раней, масава ўключалі ў пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў. З 2023-га года, услед за анлайн-публікацыямі, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» часта прызнавалі кантэнт друкаваных выданняў, часам апублікаваны дзясяткі гадоў таму, а таксама асабістыя старонкі незалежных журналістаў у сацыяльных сетках.

    З пачатку 2023 года назіраўся значны рост колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) — за першае паўгоддзе яна павялічылася ў 1,7 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года (як мінімум 1274 справы супраць 721), бо паколькі амаль усе вядучыя інфармацыйныя рэсурсы сталі «забароненымі» без уліку даўнасці публікацый, практычна кожнага чалавека можна асудзіць.

    Медыя, якія працягвалі дзейнічаць у Беларусі, падвяргаліся разнастайным абмежаванням, а таксама цэнзуры, якая стала закранаць не толькі публікацыі на палітычную тэматыку, але і проста крытычнія выказванні на адрас дзяржаўных структур.

    30 чэрвеня былі прыняты змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія абгрунтоўваліся неабходнасцю «адэкватнага рэагавання на дэструктыўныя працэсы ў медыяпрасторы» і яшчэ больш абмежавалі дзейнасць прэсы. У прыватнасці, былі ўведзены патрабаванні да функцыянавання агрэгатараў навін (сярод іншага прадугледжана магчымасць іх блакіроўкі за распаўсюджванне кантэнту заблакаваных сайтаў); пашыраны пералік падстаў для пазбаўлення СМІ рэгістрацыі і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў; устаноўлена магчымасць прымянення сіметрычных мер у адказ на «антыбеларускія» выпады замежных СМІ і журналістаў і г.д.

    Міністэрства інфармацыі працягвала выконваюць функцыі цэнзара — адсочваць кантэнт ў інтэрнэце, ініцыяваць блакіроўкі сайтаў і выносіць папярэджанні. Так, onliner.by, officelife.by і іншыя інтэрнэт-рэсурсы былі вымушаны выдаліць пэўны кантэнт, каб атрымаць дазвол на разблакіроўку сваіх сайтаў. Выносіліся афіцыйныя папярэджанні віцебскаму тэлеканалу «Наше ТВ», заснавальнікам тэлепраграм «БелМузТВ» і «Europa Plus TV».

    На падставе зварота Мініcтэрства інфармацыі расійская сацыяльная сетка ВКонтакте заблакавала суполкі незалежных выданняў «Зеркало», «Медиазона. Беларусь» і «Наша Ніва», а таксама тэлеканала «Белсат».

    Ранейшая тэндэнцыя ідэалагізацыі дзейнасці дзяржаўных СМІ, іх пераарыентацыя выключна на прапаганду працягвалася. Яна распаўсюдзілася і на сферу журналісцкай адукацыі. У 2023‑м годзе факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту набіраў абітурыентаў толькі на бюджэтныя месцы, скараціўшы колькасць першакурснікаў на 20%. Дэкан факультэта Аляксей Бяляеў заявіў, што ў навучанні на платнай аснове няма неабходнасці: журфак выконвае дзяржзаказ і рыхтуе спецыялістаў для дзяржаўных СМІ. Міністр інфармацыі Ўладзімір Пярцоў, праводзячы сустрэчу з першакурснікамі факультэта журналістыкі, назваў іх «баявымі штыкамі ў інфармацыйнай вайне».  

    У той самы час працягваліся палітычныя чысткі сярод супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ: іх затрымлівалі прама на працоўных месцах, часта падвяргалі адміністрацыйнаму пераследу і звальнялі. Такім чынам у траўні былі затрыманы трое супрацоўнікаў радыё «Гомель плюс»: іх пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі да 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Супраць дзяржаўных СМІ і прапагандыстаў ўводзіліся новыя міжнародныя санкцыі. Так, Белтэлерадыёкампанію выключылі са спіса вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў на бліжэйшыя 10 гадоў. Сацыяльная сетка Tik­Tok заблакавала, а затым выдаліла акаўнт прапагандысцкай газеты «Минская правда», які меў каля 70-ці тысяч падпісчыкаў.

    Украіна ўвяла санкцыі супраць адыёзных прапагандыстаў Рыгора Азаронка, Ігара Тура, Аляксандра Шпакоўскага, а таксама генеральнага дырэктара тэлеканала СТБ Аляксандра Асеенка. У сувязі з прыняццем Еўрапейскім Саюзам чарговага пакета санкцый у адносінах да Расіі і Беларусі, былі ўведзены абмежавальныя меры, датычныя супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання Ксеніі Лебедзевай, Яўгена Пуставога, Анастасіі Бенедзісюк, а таксама цяперашняга кіраўніка таварыства «Веды» Вадзіма Гігіна.

    Больш падрабязна аб становішчы беларускіх медыяў на працягу 2023 года можна даведацца тут:

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №2 (72)

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №3 (73)

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №4 (74)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці