YouTube-канал «Тутэйшы Шляхцiч» і акаўнты блогера Усяслава Пашкевіча прызналі «экстрэмісцкімі»
Кантэнт YouTube-канала «Тутэйшы Шляхцiч», а таксама шэраг акаўнтаў яго стваральніка, блогера Усяслава Пашкевіча, у Беларусі прзналі «экстрэмісцкімі». Адпаведнае рашэнне 1 красавіка прыняў суд Чыгуначнага раёна Віцебска. Месяц таму гэтыя інтэрнэт-рэсурсы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі залічыла ў «эстрэмісцкія фарміраванні».
У адпаведнасці з рашэннем Чыгуначнага раёна Віцебска, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі, трапілі:
- YouTube-канал «Тутэйшы Шляхцiч» з ідэнтыфікатарам youtube.com/@TutejszySzlachcicz/community;
- Тelegram-канал «Тутэйшы Шляхцiч» з ідэнтыфікатарам t.me/tutejsyja_bel;
- акаўнт «Тутэйшы Шляхцiч» у TikTok з ідэнтыфікатарам tiktok.com/@tutejszy;
- акаўнт usiaslau_paszkievicz у Instagram з ідэнтыфікатарам instagram.com/usiaslau_paszkievicz;
- акаўнт «Усяслаў Пашкевiч» у Twitter з ідэнтыфікатарам twitter.com/Usiaslau_P.
Відэаблогер Усяслаў Пашкевіч пасля вымушанага ад’езду з Беларусі жыве ў Кракаве, займаецца папулярызацыяй беларускай гісторыі і культуры. Менавіта з гэтай мэтай ён стварыў інтэрнэт-рэсурсы, змест якіх цяпер прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
Сёлета 4 сакавіка МУС Беларусі прыняла рашэнне лічыць «экстрэмісцкім фарміраваннем» медыяпраект «Это Минск, детка». Паводле ведамства, Усяслаў Пашкевіч таксама датычны да дзейнасці гэтага праекта. У пераліку сярод інтэрнэт-рэсурсаў «Это Минск, детка» згадваюцца як датычныя да гэтага «экстрэмісцкага фарміравання» старонкі блогера Усяслава Пашкевіча ў Telegram, YouTube, Instagram, «ВКонтакте», Twitter.
Дзейнасць незалежных блогераў відавочна выклікае трывогу ва ўладнага рэжыму. Сведчаннем таго можна лічыць, да прыкладу, унясенне ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў аккаўнта shkola_videoblogera ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/shkola_videoblogera). Гэта старонка праекта «Бясплатная школа відэаблогера для беларусаў». Адпаведнае рашэнне 2 красавіка прыняў суд Ленінскага раёна Брэста. Раней, 18 студзеня 2024 года, суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Тelegram-канал «Школа відэаблогера» (ідэнтыфікатар t.me/shkola_videoblogera).
У гэты самы час на дзяржаўным узроўні заахвочваецца стварэнне «медыялабараторый», «школ» і«акадэмій блогераў» пры афіцыйных СМІ пад патранажам мясцовых органаў улады.