• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску склалі петыцыю з патрабаваннем пакараць абласную газету за непраўдзівую статыстычную інфармацыю

    У петыцыі №5820, размешчанай на платформе «Зручны горад», гаворыцца пра тое, што ў абласной дзяржаўнай газеце «Витебские вести» ў артыкуле «Чым унікальны гарадскі пасёлак Копысь у Аршанскім раёне?» ад 2 снежня 2023 года выкладаецца непраўдзівая інфармацыя пра колькасць жыхароў у гэтым населеным пункце.

    Фота: БелТА

    У публікацыі журналістка Вольга Хаецкая са спасылкай на старшыню Копыскага пасялковага савета Кацярыну Вацуру сцвярджае, што «на 1 студзеня 2023 года насельніцтва Копысі — 795 чалавек».

    Складальнікі петыцыі апелююць да афіцыйных звестак, якія істотна адрозніваюцца: «У бюлетэні “Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2023 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2022 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу ўказана, что на 1 студзеня 2023 года насельніцтва Копысі складала 628 чалавек».

    Паводле стваральнікаў петыцыі, такім чынам журналістка, не праверыўшы факты, «павялічыла» колькасць жыхароў гарадскога пасёлка на 167 чалавек, а рэдакцыя газеты таксама не палічыла патрэбным спраўдзіць інфармацыю.

    З гэтай нагоды аўтары петыцыі звяртаюцца ў Міністэрства інфармацыі, каб там ініцыявалі праверку і высветлілі «ўсіх асоб у рэдакцыі газеты, якія ажыццявілі распаўсюд недакладнай інфармацыі», прыцягнулі іх да дысцыплінарнай адказнасці, а супраць кіраўніцтва газеты распачалі адміністрацыйны працэс па артыкле 23.5 Адміністрацыйнага кодэкса (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).

    На недакладнасці ў лічбах шараговы чытач газеты «Витебские вести» наўрад ці б звярнуў ўвагу, але артыкул пра пасёлак Копысь выклікаў у жыхароў рэгіёна інтарэс дзякуючы гісторыі стварэння гэтай публікацыі.

    Артыкул з’явіўся ў дзяржаўнай газеце ў якасці абвяржэння ліста мясцовага жыхара, які вырашыў паскардзіцца Аляксандру Лукашэнку на заняпад жыцця ў сваім населеным пункце. Гэтая скарга трапіла да адміністратараў аднаго з віцебскіх паблікаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І праўладныя прапагандысты, якія маглі б проста не заўважыць таго, што размясцілі «інфармацыйныя памыйкі» (выраз, часта ўжываны ў дзяржСМІ), узяліся абвяргаць выкладзенае ў лісце, які на той час яшчэ не дайшоў да адрасата.

    Праз колькі дзён пасля таго, як змест зварота жыхара Копысі да Лукашэнкі быў выкладзены ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, адразу дзве газеты, абласная і раённая «Аршанская газета», даслалі сваіх карэспандэнтаў у Копысь. І неўзабаве выйшлі артыкулы, дзе пасёлак быў апісаны як адно з найлепшых месцаў для жыцця ў рэгіёне. І такіх «шчасліўчыкаў», паводле артыкула ў  «Витебских вестях», на 1 студзеня 2023 года было амаль 800 чалавек.

    Паколькі артыкул быў напісаны ў самым канцы мінулага года, то цікава параўнаць колькасць насельніцтва на пачатак гэтага, 2024-га. Паводле звестак Мінстата, на 1 студзеня 2024 года ў Копысі пражывалі ўсяго 609 чалавек. «Прырост», які «зафіксавала» журналістка абласной газеты, склаў амаль 30%.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці