• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Сапрыкін: «У эміграцыі я атрымаў магчымасць быць сабой»

    Мог быць географам, а стаў акцёрам, выступаў у Лондане і мінскіх дварах, адсядзеў за пратэсты і вярнуў сябе дзякуючы эміграцыі. «Арткантэкст» паразмаўляў з беларускім артыстам і блогерам Аляксеем Сапрыкіным.

    Аляксей Сапрыкін Юрмала

    Аляксей Сапрыкін у Юрмале. Фота: прыватны архіў

    «Я мог здзейсніць самую вялікую памылку ў сваім жыцці»

    Аляксей Сапрыкін нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі, граў на гармоніку ў ансамблі «Дударыкі». Пасля гімназіі паступіў на геаграфічны факультэт БДУ.

    «Я мог здзейсніць, напэўна, самую вялікую памылку ў сваім жыцці. Але, дзякуй богу, я не стаў географам, – смяецца Аляксей. – Я атрымаў дыплом трэцяй ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды па геаграфіі, які даваў мне магчымасць паступіць на геафак без іспытаў. Калі табе сямнаццаць гадоў, ёсць гэты страх паступлення. Бацькі кажуць, што трэба ісці туды, бо хочуць, каб у цябе была нейкая адукацыя, а ты хочаш займацца творчасцю!»

    Аляксей Сапрыкін у маладосці

    Адзін з першых спектакляў Аляксея Сапрыкіна ў тэатры. Фота: прыватны архіў

    Тады Аляксей вырашыў пайсці па шляху найменшага супраціву, пра што пашкадаваў ужо на першым семестры навучання на геафаку.

    «Я не разумеў, што я тут раблю. Для чаго? Перспектывы зусім не радавалі. Але потым у нас правялі анкетаванне, чым мы хочам займацца акрамя вучобы. Я абраў тэатр і прайшоў сумоўе. Так я патрапіў у тэатр “На балконе”. Я там прабыў увесь час навучання ў БДУ і зразумеў, што гэта тое, у чым мне трэба развівацца».

    Аляксей Сапрыкін падчас навучання на геафаку БДУ. Фота: прыватны архіў

    «Я на гэта ўсё гляджу і думаю пра сябе: а так можна працаваць у тэатры?»

    Пазней Аляксей пачаў працаваць у «Арт Сядзібе». У той час Свабодны тэатр паказваў там спектакль «Зямля №2».

    «Я глядзеў, як яны рэпеціравалі, і мне было так цікава! Там ужо былі вядомыя мне людзі: напрыклад, Паша Гарадніцкі з гурта “РСП”, які я слухаў яшчэ ў школе. А тут я бачу гэтых людзей у зусім іншым амплуа. Яны прыматалі тэлефон да мікрафоннай стойкі скотчам, уключылі скайп, з якога вяшчаў рэжысёр спектаклю Уладзімір Шчэрбань. Я на гэта ўсё глядзеў і думаў: а так можна? Мяне гэта вельмі ўразіла і я сказаў сабе: я хачу там таксама іграць».

    У тым жа годзе Аляксей прайшоў набор у тэатральную лабараторыю Fort­in­bras і стаў супрацоўнічаць са Свабодным тэатрам. Хлопец працягваў працаваць у некалькіх месцах, паралельна была адпрацоўка пасля геафака, і новая вучоба ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

    «Спачатку ў Fort­in­bras было навучанне, я займаўся з педагогамі, якія потым сталі маімі калегамі па тэатральнай сцэне. Было хваляванне і было вельмі цікава спрычыніцца да новага віду мастацтва, сучаснага дакументальнага, псіхалагічнага. Я прыйшоў у студыю восенню – і ўжо ўвесну мы зрабілі першы спектакль “Цэнтральны” з Уладзімірам Шчэрбанем. Гэты спектакль тады так стрэліў! Я адчуваў вялікі гонар за тое, што мы зрабілі».

    Аляксей Сапрыкін спектакль Цэнтральны Уладзімір Шчэрбань

    Сцэна са спектакля «Цэнтральны» Уладзіміра Шчэрбаня. Фота: Коля Купрыч

    «Гэта наркотык. Ты не можаш не граць, ты павінен выходзіць на сцэну»

    Потым у Аляксея здарыўся складаны перыяд у сям’і і асабістым жыцці. Хлопец адчуваў татальную роспач, не было сілаў штосьці прыдумляць, але ён упарта працягваў хадзіць у тэатр і працаваць над сабой.

    «Было абсалютна не да творчасці, у мяне здараліся канфлікты. Вось нядаўна сустракаліся з маім педагогам па акцёрскім майстэрстве Марынай Якубовіч. Яна наведвала адзін з маіх спектакляў. Я кажу: “Марына, памятаеш, як мы пастаянна спрачаліся на рэпетыцыях? Ты была незадаволеная, што я нешта не раблю”. Яна нават адмаўлялася са мной працаваць, – смяецца акцёр. – А цяпер у нас абсалютна выдатныя адносіны, яна сказала, што вельмі ганарыцца, што я быў яе студэнтам, а зараз з’яўляюся ейным калегам».

    Аляксей Сапрыкін на сцэне

    Спектакль «Сегодня никто не родился». Фота: Коля Купрыч

    Пасля заняпаду ў жыцці Аляксея пачаўся перыяд росквіту.

    «Калі ты граеш кожны тыдзень па тры-чатыры спектаклі, а табе гэтага мала! Гэта наркотык. Ты не можаш не граць, не можаш ні пра што думаць, ты павінен выходзіць на сцэну. Мне хацелася болей і болей, я быў гатовы кожны дзень так выкладвацца. Гэта было абсалютным шчасцем, бо ты разумееш, што ты на сваім месцы, на любімай працы, ты робіш класныя рэчы і ўсё выдатна».

    Аляксей Сапрыкін Сабакі Еўропы Альгерд Бахарэвіч

    Аляксей Сапрыкін у спектакле Свабоднага тэатра Спектакль «Сабакі Эўропы» па аднайменнай кнізе Альгерда Бахарэвіча. Фота: прыватны архіў

    У 2019 годзе ў Свабодным пачалі ставіць «Сабак Эўропы» паводле твора Альгерда Бахарэвіча. Прэм’ера спектакля мусіла адбыцца ў 2020‑м на сцэне тэатра Bar­bi­can у Лондане, але яе перанеслі праз пандэмію ажно на 2022‑і.

    Паралельна з рэпетыцыямі «Сабак» Аляксей удзельнічаў у пастаноўцы спектакля «Рэйк’явік-74» Юры Дзівакова.

    Аляксей Сапрыкін спектакль Юры Дзівакова

    Аляксей Сапрыкін у спектаклі «Рэйк’явік-74» рэжысёра Юры Дзівакова. Фота: Дзіна Даніловіч

    «Пасля цэлага дня працы на рэпетыцыях “Сабак” мы ехалі рэпеціраваць з Юрам. Спектакль на вельмі цяжкую псіхалагічна тэму, але працэс быў лёгкі, з гумарам. І калі ў цябе рэжысёр на пляцоўцы (рэжысёр “Сабак” Мікалай Халезін не меў магчымасці прыязджаць у Беларусь, таму падключаўся да акцёраў анлайн), ён валодае ўнікальным метадам пастаноўкі, ты абсалютна па-іншаму раскрываешся, ён цябе раскрывае іншым чынам. Давер гэта? Магчыма».

    Падчас пандэміі акцёры Свабоднага сышлі ў лакдаўн, але нават з дому зрабілі спектакль анлайн – «Школа для дурняў» паводле п’есы Сашы Сакалова.

    «Гэта таксама цікавы час, калі ў цябе не толькі ўжо рэжысёр з камп’ютара, але ўсе з камп’ютара. Мой першы кампазітарскі дэбют здарыўся ў гэтым спектаклі, я напісаў эцюд для канцоўкі, засвоіў для сябе новы інструмент – акардэон».

    «Выступы ў дварах як вострасюжэтны баявік»

    Пасля выбараў 2020-га Аляксей разам з калегамі пачалі граць спектаклі ў мінскіх дварах.

    «Гісторыі, якія здараліся ў дварах, гэтыя пасядзелкі, гарбата – гэта найлепшае, што здарылася з Беларуссю ў 2020 годзе. Гэта дало разуменне, што табе не патрэбная дзяржава для таго, каб вырашыць свае пытанні. Гэтая мадэль двароў выдатна спрацавала як прыклад самаарганізацыі людзей. У дварах была магія. Людзі званілі, пісалі: “Прыязджайце”. Хтосьці прыносіў ежу, нехта прыносіў гарбату і каву, хтосьці невядомы ўпрыгожваў гэты двор, а нехта ахоўваў, быў адказны за камунікацыю».

    Аднойчы тэатр нават выступаў у двары каля Акрэсціна, хаця і там было ўсё «схоплена», кажа Аляксей.

    «Нам сказалі: “Усё нармальна, калі што, там машына. Вы туды сядаеце, мы вас вывозім”.
    Потым стала халадаць, пачаліся затрыманні творцаў у дварах, было ўжо праблематычна выступаць. Першы раз мы сутыкнуліся з амапам, калі выступалі за горадам. Там была адкрытая пляцоўка, але, калі што, бегчы не было куды, ды і бессэнсоўна, супраціўляцца таксама. Яны спрабавалі вызначыць, што адбываецца, ці спажываем алкаголь і іншае. Потым перапісалі дадзеныя кагосьці з арганізатараў і з’ехалі».

    Тут Аляксей прыгадвае яшчэ адзін выпадак з дваровых спектакляў.

    «Пасля выступу я загружаў рэквізіт у машыну. Падыходзяць арганізатары і кажуць: “Тут праходзіў хлопец, які перапісаў нумары машын. Каля запраўкі стаіць бусік з амапам, будуць хапаць”. Нас запрасілі дадому пасядзець, перачакаць. Гэта быў як вострасюжэтны баявік. Мы сядзелі ў адной з кватэр, усе напружаныя, і тут званок у дзверы, падымаюць дамафон, а там кажуць: “Гэта кур’ер”. Мы пераглядаемся, разумеем, што зараз будзе хапун. І тут адна з жанчын кажа: “Ой, я забылася! Я ж дачцэ на народзіны сушы замовіла!”» – смяецца Аляксей.

    З траўня 2022 года Аляксей не з’яўляецца сябрам трупы Беларускага Свабоднага Тэатра.

    «У кастрычніку 2021 года тэатр з’ехаў з Мінска, пасля таго як палова трупы эмігравала самастойна. Кіраўніцтва абвясціла, што 2022 год тэатр правядзе ў рэлакацыі ў Польшчы. Але не выканала сваіх абяцанняў, што мяне не задаволіла. У красавіку 2022-га падчас размовы з кіраўніцтвам тэатра мне паведамілі, што з 15 траўня спыняюць сталае супрацоўніцтва са мной. Пра што я не шкадую, бо не здрадзіў сабе».

    «У эміграцыі я атрымаў магчымасць быць сабой»

    У снежні 2020-га Аляксей адсядзеў 15 сутак па «народным» артыкуле. У траўні 2021 года разам з дзяўчынай акцёр эміграваў праз пагрозу сваёй свабодзе. Рашэнне пра пераезд прымалася вельмі няпроста. Пасля парады адвакатаў з’язджаць хлопец працягваў заставацца ў Беларусі і хаваўся, але надышоў момант «так далей немагчыма», кажа Аляксей.
    Першы час у эміграцыі Аляксей пражыў у гатэлях у розных краінах – так было танней, чым здымаць сталае жытло. Хлопец кажа, што такое жыццё адлюстроўвала і псіхалагічны стан «вось-вось і вернемся ў Беларусь», была надзея.

    «Тваё жытло змяняецца разам з тваім псіхалагічным станам, як ты ўспрымаеш сваё знаходжанне за мяжой у дадзеным канкрэтным моманце. Спачатку гэта маленькі пакой з дрэнным святлом, потым у цябе нумар з кухняй, дзе ты ўжо можаш сабе гатаваць, пазней з’яўляецца пакой з лядоўняй і пасудамыйкай, утульны і прыгожы. А ў рэшце разумееш, што нічога не заменіць кватэру, што ў цябе ёсць нейкі дом, дзе ты можаш, напрыклад, размаляваць сцяну і пасунуць канапу, як табе зручна».

    За час эміграцыі Аляксей паспеў пажыць у Літве, Украіне, Вялікабрытаніі, Чэхіі і ўжо два гады жыве ў Варшаве. Хлопец кажа, што асяроддзе ў Польшчы спрыяльнае для беларусаў, асабліва праз тое, што можна быць спакойным за сваё легальнае знаходжанне. Таксама Аляксей кажа, што сутыкаўся ў жыцці і працы з польскімі творцамі і ніколі не было нейкага непрыязнага стаўлення, усе былі прыемнымі людзьмі.

    Аляксей Сапрыкін Свабодны тэатр эміграцыя

    Аляксей Сапрыкін у эміграцыі. Фота: з асабістага архіва

    «Ясна, што мы, творцы ў эміграцыі, перадусім прэтэндуем на штосьці – на працу, на грошы, на месца. Але я ніколі не чуў у свой бок нейкіх абвінавачанняў ці чагосьці іншага. А Варшава – гэта новы Мінск. Тут і беларускае асяроддзе, і падзеяў багата разнастайных, і месцаў».

    Эміграцыя – гэта страта ці здабытак?

    «Гэта і страта, і здабытак. Бо з аднаго боку, я страціў радзіму, я не магу туды прыехаць. Я страчваю сувязь, бо не разумею да канца, што зараз там адбываецца. Я страціў свайго дзядулю і не змог прыехаць на яго пахаванне. Гэта самая вялікая страта з усіх, якія могуць быць. Я страціў шмат людзей, бо эміграцыя прымушае паказаць сваё аблічча, якое хавалася: тут выхад з зоны камфорту няпросты, за яго трэба плаціць.
    Але ў эміграцыі я атрымаў магчымасць быць сабой, мець уладу над сваім жыццём. Я атрымаў больш магчымасцяў, пашырэнне вобразу мыслення, свядомасці, змяніў лад жыцця. Мы пабраліся шлюбам з маёй дзяўчынай. Гэта ж выдатна! Я здабыў новых знаёмых, сяброў і калегаў. І я спадзяюся, што ўсё і далей атрымаецца».

    «Забойства кабанчыка і ператварэнне яго ў прысмакі – гэта метафара нашага жыцця»

    Летась Аляксей пачаў іграць у спектаклі Юры Дзівакова «Канец паўкабана» паводле твора Хельмунта Кайзэра.

    Аляксей Сапрыкін Канец Паўкабана Юра Дзівакоў

    Аляксей Сапрыкін у спектаклі «Канец паўкабана» рэжысёра Юрыя Дзівакова. Фота: Аляксандр Валодзін

    «Тэатральны інстытут зрабіў рэзідэнцыю для беларускіх творцаў. Мяне адабралі, і мы сталі працаваць з Юрам. Можна было абраць тэксты для чытання з сучаснай беларускай, польскай, украінскай драматургіі. І тут Юра прыносіць «Канец паўкабана». Мы яго пачыталі, ён вельмі спадабаўся і мы пачалі размяркоўваць ролі. Польскі тэкст быў вельмі складаны, там было шмат новых словаў, але нешта ў ім было магічнае, што прыцягвала».

    Аляксей кажа, што гэты спектакль стаў для яго новаю прыступкаю – зайграць на польскай мове, якой ён не валодае як роднай.

    «Калі ты разабраўся ў тэксце, то ты ўжо быццам знаходзішся ў цёплым басейне з пенай, рознымі алеямі і солямі. Знаходзіш розныя сэнсы ў ім, абыходзішся з ім вельмі пяшчотна і інтымна, нягледзячы на яго экзістэнцыяльную важнасць».

    У тэксце твора ўздымаюцца вельмі глыбокія чалавечыя пытанні праз такую звыклую для нас рэч, як забойства кабана. Але толькі ад асобы самога кабана.

    «Затрыманні, ператрусы, катаванні, забойствы, гвалт – гэтага ў жыцці столькі! І настолькі ўкаранілася, што мы гэта ўспрымаем ужо як нешта адэкватнае. Забойства кабанчыка і ператварэнне яго ў прысмакі – гэта метафара нашага жыцця».

    На жаль, у чалавецтва ніколі не атрымлівалася перапрацаваць досвед вайны ці гвалту ў штосьці карыснае. Усё роўна войны паўтараліся, паўтараюцца і будуць паўтарацца, разважае Аляксей.

    «У п’есе ў кныра быў спадзеў на хлопчыка Юзю, які яго пацалаваў, што той не стане такім, як гэтыя мяснікі, якія год за годам робяць адно і тое ж. Але гэты спадзеў не апраўдаўся. І што рабіць у гэтай сітуацыі? Глабальна няма адказу, а лакальна ёсць. Павінны быць нейкія каштоўнасці маралі і гуманізму».

    Перад прэм’ерай акцёр суткі нічога не еў, каб глыбей ужыцца ў ролю, бо кабанчыка гэтаксама не кормяць перад забойствам.

    «Паеўшы апошні раз у шэсць вечара, раніцай ты прачынаешся абсалютна галодны, без энергіі, няма сіл рэпеціраваць. Але пасля рэпетыцыі ты адчуваеш такі прыліў энергіі, выходзіш на сцэну ў зусім іншым стане. Я б яшчэ раз паўтарыў такі эксперымент!»

    «Ты сядзіш без святла і цяпла ў волкай старой канюшні»

    Аляксей таксама пачаў іграць у спектаклі пра беларускія падзеі «Мора Хрысціны» Андрэя Новіка. Артыст кажа, што тут тэматыка найбольш блізкая, бо ён сам быў у турме і бачыў усё знутры.

    Аляксей Сапрыкін Мора крысціны андрэй Новік

    Аляксей Сапрыкін у Спектаклі «Мора Крысціны» рэжысёра Андрэя Новіка. Фота: Антон Асадчы

    «Я на сваім досведзе адчуў, што там трэба рабіць, каб выжыць. У турме ідзе барацьба за сваё здароўе і жыццё. Мой сукамернік вымушаны быў прасіць, каб яму перадалі інсулін. Там усё прыніжальна. Калі ты хварэеш на ковід, а табе даюць толькі парацэтамол. Калі ты сядзіш без святла і цяпла ў волкай старой канюшні ў Баранавічах. Бо гэта сапраўды была канюшня ў царскі час. Усё гэта страшна».

    Акцёр падкрэслівае, што такія спектаклі не для беларускага гледача, а перадусім для замежнага, каб яны разумелі, што і чаму адбываецца.

    «У свеце так шмат адбываецца ўсяго, і як мы забываемся на страшныя падзеі ў іншых краінах, так могуць забыцца на нас. А тут на табе шанец: на, паглядзі, адчуй. Можа быць, паставім цябе таксама да сцяны стаяць з рукамі да гары паўгадзіны? Паглядзім, праз колькі хвілін яны ў цябе анямеюць. Ну вось у гэтым пэўная місія спектаклю ёсць. Мы робім гэта як усе неабыякавыя беларусы, са свайго гледзішча, з улікам сваіх магчымасцяў».

    «Гэта можа быць складаней, чым выйсці голым на сцэну»

    Таксама Аляксей прыгадвае сваю ролю ў спектаклі «Galera», дзе акцёры дзяліліся асабістымі гісторыямі.

    Аляксей Сапрыкін «Galera»

    Спектакль «Galera». Фота: Антон Асадчы

    «Сваю гісторыю прасцей распавядаць, таму што ты ведаеш, як яе распавесці. Ты не прыдумляеш. З іншага боку, падзяліцца чымсьці інтымным заўсёды цяжка. Але тэатр менавіта пра інтымнасць, пра шчырасць і праўду. Атрымліваецца такі калектыўны псіхатэрапеўт, калі ты расказваеш нейкую сваю даўнюю гісторыю на сцэне. Гэта можа быць складаней, чым проста выйсці голым на сцэну».

    ZŁO

    Акрамя тэатра, Аляксей яшчэ займаецца музыкай. І ў яго нават ёсць музычнае альтэр эга – ZŁO.

    «Калі я жыў са сваім сябрам спеваком Пецем Клюевым, мы любілі глядзець “Осціна Паўэрса”, дзе актор Майк Маерс увасобіў Доктара Зло. І мяне вельмі прыцягнула гэтая роля Зла. Чаму ён стаў Злом? Чаму Зло так сябе паводзіць? У чым галоўная мэта? Тым больш ёсць такая “дабрыня”, калі людзі табе ў твар усміхаюцца, усе такія пухнатыя і хочуць усім спадабацца. А за тваёй спінай робяць зусім іншае. А “зло” нязручнае. Ніхто не хоча быць “злом” публічна».

    Аляксей Сапрыкін ZŁO,

    Аляксей Сапрыкін у вобразе ZŁO. Фота: з прыватнага архіва

    Аляксей зрабіў некалькі трэкаў, а таксама некалькі калабарацый з іншымі беларускімі рэперамі. У сакавіку хлопцы разам выступілі на канцэрце рэпера Mandzik у Варшаве.

    «Мы ўжо дамовіліся на новую калабарацыю. І зараз у працэсе напісання чарговай супольнай песні».

    Якая будзе культура ў Беларусі ў будучыні?

    «Яна павінна быць рознай, для рознай аўдыторыі. Перадусім павінна быць народная культура, з якой усё пайшло. Павінна быць сучаснае мастацтва, якое адпавядае сучасным трэндам. Павінны быць рэжысёры, акцёры, якія маюць сваю спецыфічную візію. Павінны быць масавыя прадукты, якія будуць даступныя шырокаму колу. Але калі казаць пра беларускую культуру ў сусветным кантэксце, то трэба адыходзіць ад капіравання, нейкай непаўнавартаснасці. Быць самімі сабой».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці