• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Артур Бондар і Аксана Юшко распавялі пра фотапраекты, ідэі якіх прынеслі сацыяльныя сеткі

    Мінск наведалі сусветна вядомыя фатографы Артур Бондар і Аксана Юшко. У офісе БАЖ адбылася творчая сустрэча, падчас якой госці распавялі пра фотапраекты, некаторыя з якіх нечакана пачаліся, напрыклад, з сайта бясплатных абвестак.

    Аксана Юшко: Сёння нельга давяраць СМІ. Можна давяраць толькі словам журналістаў, якіх ты асабіста ведаеш

    Аксана Юшко распавяла пра свае фотапраекты “Сям’я” і “У пошуках выспаў”. На пачатку сустрэчы яна заўважыла, што сёння ў моры інфармацыі складана шукаць праўду. “Нельга давяраць СМІ. Можна давяраць толькі словам журналістаў, якіх ты асабіста ведаеш”, — гаворыць Аксана.

    Свой фотапраект “Сям’я” яна пачала здымаць яшчэ ў 2014 годзе. Канфлікт на ўсходзе Украіны справакаваў антыўкраінскія настроі ў Расіі і антырасійскі настроі ва Украіне. Але сувязі паміж жыхарамі гэтых краін насамрэч вельмі блізкія — лёгка можна знайсці сям’ю, у якой ёсць сваякі з Украіны ці Расіі.

    “Я пачала гэты праект з фатаграфіі сваіх бацькоў: мама руская, бацька ўкраінец. Я больш за 20 год жыву ў Маскве і маю расійскае грамадзянства. У 2014 годзе я прыехала да бацькоў у Харкаў і сфатаграфавала іх. Здымак апублікавала ў Face­book. Да гэтага я бачыла вялікую плынь агрэсіі ў маёй стужцы. А пад гэтым допісам не было ніводнага адмоўнага каментара. Гэта было нечакана”,— распавяла Аксана Юшко.

    Такія змяшаныя пары Аксана знаходзіла паўсюль. Фатограф гаворыць, што для яе гэта не проста праект, а пэўная заява. 

    Ангеліна Георгіеўна і Віктар Кузьміч жывуць у Харкаве, Украіна. Менавіта тут пачаўся праект, з маёй рускай маці і ўкраінскім бацькам. Яны сустрэліся ў Харкаўскім дзяржаўным універсітэце, і пражылі разам больш за 50 гадоў.

    У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а) дзейнічае фотавыстава Аксаны Юшко “У пошуках выспаў”. Аксана распавядае пра людзей, якія з’ехалі з вялікіх гарадоў, пакінулі ў мінулым своій сацыяльны статус, звыклую працу ды распачалі новае жыццё на Волзе ў пошуках сваіх асабістых “выспаў”. На Волзе большую частку свайго жыцця пражыў і вядомы беларускі паэт Максім Багдановіч. Тут быў напісаны яго адзіны зборнік вершаў — “Вянок”.

    У Літаратурным музеі Петруся Броўкі дзейнічае выстава Артура Бондара «Цені зоркі Палын», прысвечаная катастрофе на ЧАЭС.

    “Гэтыя людзі ідуць да сваёй мары. Іх новае жыццё — вялікая праца і задачы. Гэта не тое ж самае, што здаць кватэру ў Маскве і паехаць даўншыфцерам на Гоа. Гэтыя людзі будуюць свой свет. Яны шукаюць свой «востраў», ствараюць яго па сваіх правілах”, — распавяла Аксана пра герояў сваіх работ.

    Персанальны сайт Аксаны Юшко.

    Артур Бондар: Ці гатовы вы патраціць год, каб нешта распавесці людзям?

    — Я раскажу пра выпадкі, якія прыводзяць да прыняцця рашэння займацца нейкім праектам. Як украінцу мне складана абстрагавацца ад таго, што адбываецца на ўсходзе Украіны. «Краявіды вайны» я пачаў рабіць яшчэ ў Грузіі, затым працаваў у Абхазіі і цяпер ва Украіне. “Вайна — гэта кепска». Усе ведаюць гэты выраз. Гэта як “смецціць кепска”. Але людзі смеццяць і ваююць. З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны было ўсяго 26 абсалютна мірных дзён на Зямлі. Ёсць вельмі шмат гісторый і фатаграфій пра вайну. Мяне ж больш цікавяць наступствы вайны. У людзей вельмі кароткая памяць, у адрозненні ад прыроды. Прайшло 70 гадоў з Другой сусветнай вайны, але ўсё яшчэ можна знайсці пейзажы з яе слядамі. Я выкарыстаў ідэю інфрачырвонай плёнкі Kodak Aerochrome, якую вынайшлі ў Амерыцы. Яна выкарыстоўвалася ў час вайны ў В’етнаме. Прадметы неарганічныя на фота афарбоўваюцца ў шэрае святло, а арганічныя — у чырвоны. Ідэя, што гэтая плёнка паказвае нябачнае, вельмі спадабалася. Праект «Краявіды вайны» дазваляе паглядзець на вынікі канфліктаў ў нязвыклым для нас інфрачырвоным спектры і нагадаць пра жахі, разбуральную сілу і адначасова падабенства ўсіх канфліктаў на планеце, — распавёў Артур Бондар.

    Цяпер лічбавыя тэхналогіі даюць магчымасць апрацоўваць выяву ў каляровым інфрачырвоным дыяпазоне, ідэнтычным Kodak Aerochrome.

    Сухумі, Абхазія. Разбураны ў выніку баявых дзеянняў будынак Дому ўраду на цэнтральнай плошчы горада / Грузіна-абхазскі канфлікт (1992–1993)

    Селязнёўка, Украіна. Невядомая магіла на могілках, засыпаная асколкамі снарадаў / Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны (2014 – па сённяшні дзень)

     

    Таксама Артур Бондар распавёў пра цудоўны фотапраект «Выратаваная гісторыя». Ён распачаўся з таго, што Артур пабачыў у сацыяльных сетках інфармацыю пра тое, што на сайце абвестак «Авито» прадаецца архіў негатываў ваеннага фатографа.

    У выніку Артур Бондар набыў за немалыя грошы ў нашчадкаў ваеннага фатографа Валерыя Фамінскага гэты архіў. Пасля сканавання негатываў стала зразумела, што гэта здымкі Фамінскага ад вызвалення Севастопаля да капітуляцыі фашысцкай Германіі.

    У скрынцы таксама быў дзённік Фамінскага, у якім ён дзеліцца сваімі думкамі пра падзеі, сведкамі якіх быў.

    Артур Бондар распавёў, што на апрацоўку архіва ў яго сышло шмат часу і сваіх сродкаў.

    — І часам трэба задацца пытаннем, ці гатовы ты выдаткаваць год, каб расказаць пра нешта, — заўважыў Бондар.

    Гэтыя фотаздымкі маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. І найперш таму, што яны не пастановачныя ў стылі «вайна і пераможцы». На фота паказаныя цяжкія будні людзей, якія ваявалі, бачна, у якіх умовах салдаты сыходзілі з жыцця.

    Панарама пункта медыцынскай дапамогі ў раёне Фядзюкіных вышынь. Злева — параненыя ў хованцы; справа — бліндаж санітарнай роты. 9 траўня 1944 года
    Фота: Валерый Фамінскі / прыватная калекцыя Артура Бондара

    Выгрузка параненых у медыцынскі пункт на Фрыдрыхштрасе. Берлін, 30 траўня 1945 года
    Фота: Валерый Фамінскі / прыватная калекцыя Артура Бондара

    Берлін, травень 1945 года
    Фота: Валерый Фамінскі / прыватная калекцыя Артура Бондара

    Упершыню гісторыя гэтага архіва была апублікаваная ў амерыканскім выданні The New York Times у канцы лістапада мінулага года і выклікала шырокі рэзананс. Перад публікацыяй адсылалі гэтыя здымкі на экспертызу ва ўстановы, якія прафесійна займаюцца гісторыяй Другой сусветнай вайны. І спецыялісты прызналі ўнікальнасць архіва.

    Цяпер Артур Бондар збірае грошы на выданне фотакнігі Валерыя Фамінскага «V.1945» на аснове яго франтавых фатаграфій са знойдзенага архіва. Можна дапамагчы праекту, замовіць фотакнігу.

    Персанальны сайт Артура Бондара.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці